У Мінску адбылася прэзентацыя каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы”
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя каталога “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Як адзначыў міністр культуры Павел Латушка, у кожнага народа ёсць песняры, прарокі, якія сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы,
літаратуры, культуры, але і акрэсліваюць нацыянальную ідэнтычнасць, даючы духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню. “Яны прыносяць славу і пашану свайму народу і з цягам часу становяцца яго
нацыянальнымі сімваламі. Найважнейшым для беларусаў стала імя Янкі Купалы, — сказаў Латушка.
Паводле яго слоў, прэзентацыя каталога распачынае мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, якое адзначаецца ў 2012 годзе. Сярод праектаў года, прысвечаных гэтай падзеі, міністр назваў рэспубліканскае свята паэзіі, выданне факсіміле кнігі паэзіі песняра “Шляхам жыцця, надрукаванай у 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу, правядзенне капітальнага рамонту музея Купалы і стварэнне ў ім новай экспазіцыі, а таксама экспанаванне выстаўкі з фондаў музея ў прадстаўніцтве Беларусі ў ААН у Нью-Йорку. “Уладзімір Караткевіч калісьці напісаў: “Мы маем шмат каго, і ўсё адно Купала застаецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам(…) Янка Купала далучыў беларускую культуру да сусвету. Дзякуючы яго творчасці нас ведаюць у многіх краінах. Паэзія беларускага песняра перакладзена амаль на 100 замежных моў. Адзін толькі верш “А хто там ідзе? гучыць на 84 мовах народаў свету, — сказаў Латушка.
За падрыхтоўку каталога ён выказаў падзяку супрацоўнікам музея, старшыні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзіміру Шчаснаму і апостальскаму візітатару для грэка-католікаў беларускай дыяспары, айцу Аляксандру Надсану, які перадаў шэраг копій рукапісаў, выкарыстаных у выданні.
Паводле слоў дырэктара музея Алены Мацевасян, каталог, які выйшаў у межах праграмы ЮНЕСКА “Памяць свету накладам у 100 асобнікаў, уяўляе сабою дзве версіі: 160-старонкавае друкаванае выданне і электронны кампакт-дыск. Калі друкаваная версія ўключае найбольш знакавыя творы песняра, дык электронная — усю рукапісную спадчыну Купалы, якая назапашвалася ў фондах музея, а таксама знаходзіцца за межамі краіны, сказала Мацевасян. Паводле яе слоў, у каталозе ўпершыню на Беларусі апублікаваны рукапісы паэмы Купалы “Курган, вершаў паэта “Роднае слова, “Памяці Вінцука Марцінкевіча і “Хаўруснікам, арыгіналы якіх знаходзяцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Акрамя таго, у каталозе ўпершыню апублікаваны раней невядомы аўтограф песняра на яго кнізе “Пад новым сонцам“, якую ў 1935 годзе Купала падараваў беларускай паэтэсе Канстанцыі Буйла, а таксама шэраг раней непублікаваных фатаздымкаў паэта з яго дарчымі надпісамі вядомым людзям, сказала Мацевасян. Яна выказала надзею, што выданне каталога будзе спрыяць фармаванню адносін да спадчыны народнага паэта Беларусі як да здабытку беларускай, еўрапейскай і сусветнай культуры.
Старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржуніверсітэта Вячаслаў Рагойша выказаў думку, што рэалізацыя праекта пашырыць доступ да вывучэння ўнікальных помнікаў беларускай нацыянальнай культуры, дазволіць ўвесці ў навуковы зварот вялікую групу рэдкіх рукапісаў, а таксама стварыць цэльнае ўяўленне аб дакументальнай спадчыне песняра.