У Мінску адбылося ўганараванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Ведаем свой край”
18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па мікратапаніміцы “Ведаем свой край, арганізаванага рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сумесна з музеем. (На здымку: спявае Аляксей Галіч)
18 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па мікратапаніміцы “Ведаем свой край, арганізаванага рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сумесна з музеем.
(На здымку: спявае Аляксей Галіч)
Як адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, конкурс праводзіўся з снежня 2010 па кастрычнік 2011года і быў падтрыманы Дзярждэпартаментам ЗША , дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці
кіраўніцтва справамі прэзідэнта і Міністэрствам культуры. Анісім павіншавала пераможцаў конкурсу і паведаміла, што ўдзельнікі спаборніцтва — жыхары Беларусі і грамадзянін ЗША Кастусь Верабей
сабралі шматлікія матэрыялы па знікаючых гістарычных тапонімах, якія з дапамогай спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі абавязкова будуць уведзены ў навуковы ўжытак. Акрамя таго, плануецца
выдаць працы пераможцаў і размясціць іх у інтэрнэце, сказала Анісім.
Паводле слоў дырэктара НГМ, сябры тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме Сяргея Вечара, тэма краязнаўства і пытанні мікратапанімікі з’яўляюцца аднымі з профільных у працы ўстановы
культуры. “Вельмі прыемна, што сябры тапанімічнай камісіі выступілі за максімальнае захаванне гістарычных тапонімаў у назвах новых станцый сталічнага
метро, — сказаў Вечар. Ён запрасіў мінчан і гасцей сталіцы на апошнюю выставу года, адкрыццё якой адбудзецца 22 снежня. На гэтай выставе будуць экспанавацца альбом
“Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея, пяты нумар “Музейнага весніка, адрэстаўраваная беларуская ікона XVIII стагоддзя і 9 копій твораў жывапісу з фондаў
музея для Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу Радзівілаў.
Сяргей Вечар
Старшыня ТБМ Алег Трусаў паведаміў, што конкурс — частка праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці. Паводле яго слоў, 19 снежня ў межах
праекта адбудзецца семінар па навучанню валанцёраў, якія ўзнаўляюць помнікі айчыннага дойлідства, у красавіку — навукова-практычная канферэнцыя з выданнем зборніка, у маі —
краязнаўчы фестываль. Прычым усе гэтыя акцыі грамадская арганізацыя плануе правесці на базе Нацыянальнага гістарычнага музея і сумесна з ім, сказаў Трусаў.
У інтэрв'ю карэспандэнту “Новага часу мастак Ігар Марачкін распавёў, што па замове кіраўніцтва ТБМ ён падрыхтаваў 10 узораў насценных каляровых календароў на 2012 год , прысвечаных
гісторыка-культурнай спадчыне. На календарах з эмблемай ТБМ і лагатыпам “Захаваем нашу гістарычную спадчыну ўвасоблены як вядомыя помнікі айчыннага дойлідства ў Гомелі, Віцебску,
Заслаўі, Ішкалдзі (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), Лагойску, Лідзе, Мінску і Мсціславе, так і вобразы шэрагу беларускіх краязнаўцаў, у тым ліку Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў,
Мікалая Каспяровіча і Юрася Малаша. Ігар Марачкін каля 10 гадоў працуе над кішэннымі календарамі, якія выдае ТБМ да юбілеяў выбітных беларусаў. Дарэчы, працы мастака разам з флэшкамі і кнігамі былі
падараваныя пераможцам конкурсу.
Ігар Марачкін каля сваіх прац
Затым для ўдзельнікаў сустрэчы, на якую былі запрошаныя краязнаўцы рознага ўзросту і прафесій з усіх рэгіёнаў краіны, быў прадстаўлены канцэрт самадзейных артыстаў — папулярызатараў
фальклору і вядомых выканаўцаў: барда Эдуарда Акуліна і спявака Аляксея Галіча. Супрацоўнікі музея пазнаёмілі гасцей з экспазіцыямі ўстановы культуры.