У Мінску адкрылася выстава паводле пленэра, прысвечанага памяці беларускага паэта і мастака XIX стагоддзя Артура Бартэльса
18 студзеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава паводле пленэра, прысвечанага памяці беларускага паэта і мастака XIX стагоддзя Артура Бартэльса (1818, Вільня — 23.12.1885, Кракаў). У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя і графічныя працы 10 беларускіх мастакоў, якія ў кастрычніку 2011 года ўдзельнічалі ў мастацкім пленэры ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці.
18 студзеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава паводле пленэра, прысвечанага памяці беларускага паэта і мастака XIX стагоддзя Артура Бартэльса (1818, Вільня — 23.12.1885, Кракаў).
У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя і графічныя працы 10 беларускіх мастакоў, якія ў кастрычніку 2011 года ўдзельнічалі ў мастацкім пленэры ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці.
Як адзначыў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Сяргей Цімохаў, зварот увагі шырокай грамадскасці, асабліва маладога пакалення, на імёны некалі знаных, а на сёння амаль забытых нашых землякоў, з’яўляецца данінай удзячнасці продкам за іх высакародную дзейнасць, што ўмацоўвае гістарычную памяць і спрыяе станаўленню нацыянальнай і грамадзянскай свядомасці беларусаў. Паводле яго слоў, пленэр быў праведзены на сродкі Лагойскага райвыканкама пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў, а таксама Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Уладзімір Рынкевіч
Паводле слоў ініцыятара і куратара праекта, мастака Уладзіміра Рынкевіча, пленэр на Лагойшчыне стаў пятай мастацкай акцыяй, прысвечанай айчынным мастакам XIX стагоддзя. Рысавальшчык-карыкатурыст, ілюстратар, аўтар-выканаўца сатырычных вершаў і песень на польскай мове, празаік і публіцыст Артур Бартэльс меў артыстычную натуру, быў асобай вядомай і паважанай у інтэлігентскіх колах Беларусі, Літвы і Польшчы. Яго байку “Свінні і бараны пераклаў на беларускую мову Францішак Багушэвіч. Бартэльс вучыўся ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы. Пэўны час кіраваў уладаннямі сваіх родзічаў — графоў Тышкевічаў на Лагойшчыне. Быў блізка знаёмы з Канстанцінам Тышкевічам і братамі Ваньковічамі. Пасля паразы паўстання 1863 года эміграваў, потым вярнуўся на радзіму, памёр і пахаваны ў Кракаве.
Партрэт Артура Бартэльса (праца ўдзельніка пленэру, мастака Ігара Лыскаўца)
У гісторыю беларускага і польскага выяўленчага мастацтва Бартэльс увайшоў перш за ўсё сваімі альбомамі літаграфій маралізатарскага зместу “Скнара, “Пан Яўген, “Пан Афанасій Скарупка — чалавек прагрэсіўны, “Чалавек высокага паходжання, “Суседкі абедзік і “Аканом. Сатырычныя малюнкі ў гэтых альбомах аўтар суправаджаў рыфмаванымі подпісамі, у якіх высмейваліся звычаі дваран і местачковай шляхты. У замежных музейных фондах таксама захаваліся шматлікія малюнкі мастака этнаграфічнага характару. “Аднак у айчынных галерэях, музеях і архівах не захавалася ні аднаго арыгінальнага твору Бартэльса, — падкрэсліў Рынкевіч.
Ён паведаміў, што рыхтуецца да выдання невялікая кніжка пра творчасць Бартэльса з ілюстрацыямі яго твораў, і выказаў падзяку кіраўніцтву Лагойскага раёна і Беларускага саюза мастакоў за падтрымку мастацкай акцыі.
Вольга Антаневіч
Начальнік аддзела культуры Лагойскага райвыканкама Вольга Антаневіч адзначыла, што пленэр выклікаўпачуццё годнасці за сваю малую, але такую багатую радзіму — Лагойшчыну. Паводле яе слоў, мастацкая акцыя стала самай яркай, самай удзячнай і самай душэўнай культурнай з’явай года ў раёне. “Для мяне гэта тым больш прыемна, што я пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка выкладала ў мастацкай школе, і ў пленэры прынялі ўдзел мае настаўнікі, — сказала Антаневіч.
Выстава працуе да 29 студзеня
Фрагменты выставы