У Мінску адкрылася выстава “Уніяцкая архітэктура Беларусі ў акварэлях Зміцера Мшара”

9 мая ў Мінску, у Чырвоным касцёле адкрылася выстава “Уніяцкая архітэктура Беларусі ў акварэлях Зміцера Мшара, прысвечаная 70-годдзю пакутніцкага подзвігу ўніяцкага святара, першага экзарха Беларускага экзархата грэка-каталіцкай царквы Антона Неманцэвіча і ягонай паствы Палесся і Гродзеншчыны.



95c8ba4434e9db2bf3e20c639b04c56f.jpg

9 мая ў Мінску, у Чырвоным касцёле адкрылася выстава “Уніяцкая архітэктура Беларусі ў акварэлях Зміцера Мшара, прысвечаная 70-годдзю пакутніцкага подзвігу ўніяцкага святара, першага экзарха Беларускага экзархата грэка-каталіцкай царквы Антона Неманцэвіча і ягонай паствы Палесся і Гродзеншчыны.
У экспазіцыі прадстаўлены 18 акварэляў мастака, напісаных на працягу апошняга года. Дарэчы, сам мастак родам з Палесся і вызнае ўніяцтва. У інтэрв'ю карэспандэнту “Новага часу Зміцер Мшар распавёў, што ў серыі адлюстраваныя вобразы ўніяцкіх святынь з цэглы і дрэва ў розных гарадах і вёсках краіны, у тым ліку ў Гродна, Мінску, Наваградку і Полацку, мястэчку Альбярцін (сённяшні мікрараён горада Слонім Гродзенскай вобласці), а таксама ў вёсках Баруны (Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці), Латыголь (Вілейскі раён Мінскай вобласці) і Бабровічы (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Прычым, паводле ягоных слоў, сама царква ў Бабровічах і вернікі Бабровіцкай грэка-каталіцкай парафіі былі спаленыя нацыстамі ў 1942 годзе.
Як адзначыў мастак, ідэя зрабіць гэтую серыю з’явілася ў яго прыкладна 10 гадоў таму. “Мяне вельмі цікавіць наогул айчынная гісторыя перыяду ўніяцтва, які зрабіў вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры, у тым ліку на літаратуру, мастацтва і архітэктуру. Менавіта ў гэты час у дойлідстве узнікла школа віленскага барока, якая вызначаецца пластычнасцю аб’ёмаў і маляўнічасцю сілуэтаў. У маёй серыі адлюстраваныя вобразы  святыняў, створаных ў час уніі і больш позні перыяд, цэркваў і кляштараў, якія адышлі ў гісторыю і захаваліся да гэтай пары. Прычым я імкнуўся не да дакладнай архітэктурнай рэканструкцыі гэтых твораў мастацтва на пэўны гістарычны перыяд, а да стварэння вобразу помніка на выснове маіх ведаў і уяўленняў пра яго, — сказаў Зміцер Мшар. Ён плануе паказаць гэтую выставу ў іншых галерэях краіны, у тым ліку і ў Нацыянальным гістарычным музеі.  


У адкрыцці выставы ўдзельнічалі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і сакратар папскай Кангрэгацыі па справах ўсходніх цэркваў, арцыбіскуп Кірыл Васіль, які з 7 па 10 мая знаходзіцца з візітам у Беларусі. 
У сваім выступе ўладыка Кірыл Васіль адзначыў, што убачыць старадаўнія святыні – гэта заўсёды перажыць сэнс царквы не толькі як архітэктурнага помніка, але і як жывога арганізма. “Мы бачым на гэтай выставе і старыя храмы, і новую царкву. І гэта – самае галоўнае, таму што царква, якая складаецца не толькі з каменя і дрэва, але і з чалавечых сэрцаў, на самой справе жыве і карыстаецца ўсім тым, што дае Божая ласка.
У інтэрв'ю карэспандэнту “Новага часу прадстаўнік Ватыкана распавёў, што для яго гэта першы візіт у Беларусь і першая сустрэча з беларускімі вернікамі лацінскага і візантыйскага абрадаў. “Для мяне гэта важна і як для чалавека, таму што я сам выйшаў з усходне-каталіцкай царквы, з Славакіі, і як для сакратара Кангрэгацыі па справах усходніх цэркваў, што дазваляе мне лепш пазнаёміцца з царкоўнай і грамадскай сітуацыяй у Беларусі (…) Самае галоўнае — уздзеянне царкоўнага жыцця на сэрцы людзей, на развіццё грамадства. Трэба ўспрымаць царкву як адзін з кампанентаў грамадскага жыцця. Наперадзе шмат працы, і, слава Богу, яна ідзе.

---------------------
Антон Неманцэвіч ( 1893–1943) — каталіцкі святар усходняга абраду, манах-езуіт, доктар тэалогіі і права, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, рэдактар, выдавец, педагог і публіцыст. Адзін з творцаў беларускага ўніяцкага руху Заходняй Беларусі. З 1940 года ўзначаліў Беларускі экзархат грэка-каталіцкай царквы (узведзены ў сан экзарха 17 кастрычніка 1940 года). За ім беларуская мова ўпершыню ў гісторыі царквы ў Беларусі стала афіцыйнаю ў справаводстве і ў рэлігійным жыцці. Арыштаваны гестапа 4 ліпеня 1942 года ў Альбярціне. Памёр 6 студзеня 1943 года ў Мінскай турме СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Пахаваны 9 студзеня 1943 на нямецкіх могілках у Мінску святаром мясцовай праваслаўнай царквы.