У Мінску прадстаўлены кнігі, прысвечаныя 1150-годдзю Полацка

18 чэрвеня ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі (НГМ) адбылася прэзентацыя кніг, прысвечаных 1150-годдзю Полацка. Сярод іх — 264-старонкавы фотаальбом на беларускай, рускай і англійскай мовах “Полацк.



38ed4039c0b33e2ec51cc4579405d03e.jpg

18 чэрвеня ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі (НГМ) адбылася прэзентацыя кніг, прысвечаных 1150-годдзю Полацка. Сярод іх — 264-старонкавы фотаальбом на беларускай, рускай і англійскай мовах “Полацк. Гонар вякоў (аўтар тэксту — кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў, аўтар здымкаў — Ігар Супранёнак, выдавецтва “Беларусь) і навукова-папулярнае 48-старонкавае даследаванне “Войска Полацкага княства ад часоў Рагвалода да эпохі Усяслава Чарадзея (аўтар — загадчык аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі НГМ, кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі, выдавецтва “Галіяфы).
Як адзначыў Тарасаў, ужо 37 гадоў ён жыве Полацкам, які пахне водарам стагоддзяў. “Пасля таго, як маці прынесла газету з запрашэннем у школу юнага археолага пры акадэмічным Інстытуце гісторыі, я пазнаёміўся з знакамітым даследчыкам Полацка Георгіем Штыхавым і “захварэў гэтым старажытным горадам, — сказаў Тарасаў. Паводле ягоных слоў, у альбом, падрыхтаваны з ініцыятывы выдавецтва “Беларусь, уключаны тэксты, напісаныя сэрцам. “Я пісаў пра эпохі, праз каторыя прайшоў горад, у тым ліку пра час Рагнеды і Рагвалода — пачатак горада, яго ўзнясенне і падзенне, пра эпоху нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай, якая заснавала першы ва Ўсходняй Еўропе жаночы манастыр. Я пісаў пра Сафійскі сабор – маю асобую любоў, бо гэта такі помнік, якому можна прысвяціць усё сваё жыццё. Бо ў ім, як ні ў адным іншым помніку айчыннай архітэктуры, сабралася столькі нашага мінулага і нашага лёсу. Разам з тым, Сафійка да гэтай пары мала даследаваная і таму не да канца зразумелая. І вельмі хочацца ўявіць і пабачыць яго такой, якой яна была ў XI стагоддзі, — падкрэсліў навукоўца. Паводле ягоных слоў, асобныя раздзелы у кнізе прысвечаны полацкім майстрам, цэхам і і гандлярам, а таксама ліхалеццям і заняпаду Полацка, які ўрэшце стаў пазаштатным горадам Расійскай імперыі.      
Мікалай Плавінскі распавёў, што кніга прысвечана ваеннай гісторыі Беларусі, якая з’яўляецца гонарам краіны, сімвалам яе моцы і дзяржаўнай незалежнасці. “Я досыць даўно займаюся ваеннай археалогіяй і заўжды хацелася, каб у Беларусі было больш адмысловай літаратуры па гэтай тэматыцы. Справа ў тым, што ў кожнай краіне Заходняй Еўропы працуюць спецыяльныя выдавецтвы, што выпускаюць шматлікія кніжкі пра ваенную гісторыю, якія маюць пэўны попыт і свайго чытача. У нас з’явілася шмат аматараў ваеннай рэканструкцыі, якія, на жаль, амаль не маюць адпаведнай літаратуры для сваёй справы. Так што мая кніжка зможа падвысіць адукацыйны і прафесійны ўзровень айчынных рэканструктараў, — сказаў гісторык.  


Паводле словаў ураджэнца Полацка, пісьменніка Уладзіміра Арлова, аніяк не адносяцца да Тарасава і Плавінскага  крылатыя словы вялікага іспанца, аўтара “Дон Кіхота Мігеля де Сервантэса пра тое, што хлуслівых гісторыкаў трэба вешаць, як фальшываманетчыкаў. Арлоў падарыў Тарасаву і Плавінскаму свае кнігі “Пакуль ляціць страла і “Імёны Свабоды, а таксама нагадаў выслоўе вялікага англічаніна Ўінстана Чэрчыля пра тое, што паколькі будучыня невядомая, таму будзем натхняцца і ўмацоўваць свой дух гераічным мінулым.
Ураджэнец Полацка, паэт Навум Гальпяровіч назваў Тарасава грамадзянінам Полацка, паколькі няшмат людзей, якія так любяць і так адданыя Полацку, сняць і думаюць пра гэтае сакральнае мейсца. “Але ж гэты, паводле словаў Рыгора Барадуліна, полацкі менталітэт аб’ядноўвае розных выбітных людзей нашай Бацькаўшчыны, у тым ліку Сяргея Тарасава,Уладзіміра Арлова і Пятра Васючэнку, — сказаў Гальпяровіч. На яго меркаванне, немагчыма не быць гісторыкам, калі ты нарадзіўся, жывеш і працуеш у Полацку. Разам з тым, паводле ягоных слоў, “мы яшчэ да канца не ўсвядомілі, якое значэнне мае Полацак для беларусаў, як першая сталіца беларускай дзяржавы, як духоўная і культурная сталіца краіны.