У Мінску адчынілася выстава мастака, які дваццаць год туляецца без жытла
У арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея адчынілася выстава Валера Ляшкевіча, гомельскага мастака, які ўжо 20 год не мае ўласнага жытла.
Беларускі мастак-маргінал стаў легендарным дзякуючы сваім дзівосным працам. Яго шматлікія работы знаходзяцца ў калекцыянераў па ўсёй Еўропе.
Дзіўная сітуацыя: мастаком зацікаўленыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, ягоныя працы карыстаюцца папулярнасцю ў забяспечаных людзей, а сам мастак ночыць на вакзалах і спіць на лавах.
Чаму так складаецца?
Сябры і знаёмыя клікалі хоць зімой ночыць у іх, але мастак адмаўляўся, бо, нібыта, стары і можа камусьці перашкаджаць. Не хоча ён быць залежным ад іншых, душа яго калі і прагне чаго, дык
уласнага куточка, на які ён зарабіў бы сам, у якім галоўнае, каб змяшчалася яго майстэрня. А пакуль гэтага няма, мастак абірае вуліцу. Так ён і бадзяецца ўжо 20 год, яго дом – вакзал, двары
ды закуткі. Але ён не бадзяка ў звычайным разуменні, ён ніколі не прымае проста так прадукты ці грошы, ён не п’е, а на апошнія грошы штотыдзень, а тое і часцей, наведвае лазню.
І вось гэты задор бачны ў гэтым целе, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, яно захавала нейкую юнацкую сілу. Рухаецца ён лёгка, вочы яго гараць, ды не проста гараць, а ўсміхаюцца. Нават шматлікія
маршчынкі на твары застылі ў пермаментнай ўсмешцы.
Рэжысёр фільма - Анастасія Мірашнічэнка, яна амаль год правяла з мастаком, здымаючы фільм у Беларусі і Піцеры. Дарэчы, пры яе дапамозе таксама ладзіцца выстава мастака.
У фільме ў храналагічным парадку змяняюцца паравіны году, паказваючы асаблівасці жыцця мастака ў кожнай з іх. За кадрам голас самаго Валера. Ён распавядае пра свой лёс.
Нарадзіўся ў пасёлку Чкалава Гомельскай вобласці. Бацька памёр, калі Валера вучыўся ў першым класе. Калі быў студэнтам – памерла маці. Незадоўга да смерці яна пакінула сястры грошы на
вучобу сына: «Дапамажы Валеру вывучыцца на мастака».
«Калі ў 1996 годзе вярнуўся ў роднае Чкалава, брат не пусціў на парог, сказаў, што дом належыць ягоным дзецям» - распавядае мастак. З таго часу мастак бяздомны.
«Думаеце, гэта лёгка спаць на вуліцы? – пытае Валер. - Ты заўсёды жывеш са страхам, што з табой нешта зробяць. Было так, што мяне два разы абасц..лі, адзін раз выпадкова, а
другі проста каб паздзеквацца».
Вакзал, людзі з клункамі ды торбамі кудысьці спяшаюцца, бягуць, шчаслівыя каштуюць марозіва ды іншыя прысмакі, толькі Валеру спяшацца няма куды.
Сціплы сняданак: гарбата ды хлеб з маянэзам. На Вялікдзень дазваляе сабе невялічкі велікодны пірог. Малюе мастак ў вакзальным закутку. Яго там усе ведаюць, таму нават часам бясплатна прапускаюць
у прыбіральню, але Валер заўсёды імкнецца яе аплочваць.
Калі нехта хоча набыць яго карціну, мастак нагадвае людзям, каб яны падумалі, ці сапраўды яна ім трэба. Продаж ягоных прац на вуліцы ператвараецца ў дыялог і развагі пра мастацтва і яго
каштоўнасці.
Марыць мастак хіба пра маленькі куточак, але ўласны, бо «калі здохну, дык на Радзіме. Тут мяне і пахаваюць».
Пасля прэзентацыі фільма з’яўляюцца ахвочыя дапамагчы мастаку. Таму, магчыма, мары Валера Ляшкевіча здзейсняцца.
На ёй прадстаўлена 25 ягоных прац. Акрамя гэтага ў Нацыянальным мастацкім музеі можна набыць рэпрадукцыі прац аўтара.
Усе грошы за іх пойдуць непасрэдна на дапамогу мастаку.
Вольга Гарапучык, nn.by