Гамяльчанін спрабаваў зарэгістраваць папугая кандыдатам у дэпутаты

Дэмакратычны актывіст Кастусь Жукоўскі падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты свайго папугая Яшы.



deputat_yashka.jpg

Што самае цікавае, сакратар камісіі Мазураўскай выбарчай акругі № 19 па выбарах у Гомельскі абласны савет прыняла дакументы, паведамляе БелаПАН.
«Праблема адсутнасці пашпарта грамадзяніна Беларусі была вырашана пры дапамозе «Фоташопа» — у копію свайго пашпарта я ўставіў фотаздымак Яшы. Мой папугай даўно марыў стаць дэпутатам. І дзеля сваёй мары навучыўся казаць некалькі фраз: «Дзе грошы?», «Ярмошына», «Хачу ў палатку».  Дэпутату больш і не трэба ведаць. Перадвыбарная праграма — «Яша харошы» ,  —  сказаў Жукоўскі.
Паводле яго слоў, сакратара камісіі не збянтэжыў фотаздымак папугая.
«Калі ёсць копія пашпарта, то хоць свінню можна намаляваць, а як паказвае сённяшні выпадак, то і зарэгістраваць»,  —  заявіў актывіст.
Адразу пасля гэтага, актывіст забраў дакументы, патлумачыўшы гэта тым, што пераблытаў іх.
У 2012 годзе таксама  вылучаўся кандыдатам у дэпутаты папугай па мянушцы Яша, але ў Светлагорску  — у горадзе бачылі яго перадвыбарчую праграму (на здымку).