У Мінску акрылася выстава “Беларусь на раздарожжы 1812 года” (Фота)
6 снежня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна адкрылася мастацкая выстава “Беларусь на раздарожжы 1812 года.
У экспазіцыі – творы Яўгена Шунейкі (жывапіс, тэкстыльнае мастацтва), Генадзя Драздова (фота, жывапіс), Анатоля Бяляўскага (жывапіс), Наталлі Белавокай (роспіс па ляўкасу), Уладзіміра Сайко (жывапіс), Міколы Аўчыннікава (акварэль), Рыгора Мяжуева (акварэль), Віктара Барабанцава (жывапіс), Віктара Мікіты (графіка) і Уладзіміра Сытчанкі (камп'ютарная графіка). Асаблівая ўвага ў экспазіцыі надаецца жаночаму вобразу, прычым некаторыя палотны выстаўляюцца ўпершыню.
Як адзначыў аўтар ідэі праекта, кандыдат мастацвазнаўства Яўген Шунейка, 200-годдзе франка-рускай вайны 1812 года натхніла беларускіх мастакоў на пераасэнсаванне падзеі, якая пакінула свой след на беларускіх землях. Паводле ягоных слоў, удзельнікі праекта звяртаюцца да лёсаў і партрэтаў, эмоцый і перажыванняў больш ахвотна, чым да дэталізацыі элементаў ваеннай рэальнасці, таму лірызм у творах паядноўваецца з трагізмам. “Творы прадстаўляюць эмацыйную рэфлексію на тэму чалавечых якасцяў і стасункаў у кантэксце ваеннага ліхалецця. Гэта своеасаблівы погляд “знутры на вайну, што прынесла беларусам вынішчэнне і з’яўлялася спробай “перастварыць мапу Еўропы. Сённяшняе беларускае грамадства паказала ўзор годнага стаўлення да сваёй еўрапейскай гісторыі, чым можна ганарыцца. У Беларусі ўсталяваны мемарыялы ахвярам вайны 1812 года, выдадзена шмат цікавых кніг, на рэчцы Студзёнка адбылася масавая інсцэніроўка падзей двухсотгадовай даўніны. Але галоўнае, што мы зразумелі: гэтая вайна была барацьбой дэмакратычнай і манархічнай частак Еўропы. Беларусы тады змагаліся пад рознымі штандарамі, але мы аднолькава паважаем іх выбар, – сказаў мастацтвазнаўца. Ён распавёў, што імпрэзе ў Мінску папярэднічалі выставы ў Вілейцы і Мар’інай Горцы, даты адкрыцця якіх 21 і 28 лістапада нагадваюць пра ключавыя падзеі вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі, дзе ламаліся лёсы тысяч людзей. Паводле ягоных слоў, з гэтых падзей беларусы выйшлі не толькі больш міласэрнымі, гуманнымі і памятлівымі, але і захавалі ідэю нацыянальнага адраджэння, каторая амаль пра два стагоддзі ўвасобілася ў незалежнасці Беларусі.
Яўген Шунейка
Краязнаўца Анатоль Валахановіч прывёў сведчанні таго, што памяць пра вайну 1812 года жыве ў шматлікіх паданнях, аб чым сведчыць распаўсюджаная ці не ў кожным раёне Беларусі легенда пра залатую карэту
Напалеона, а таксама ў айчыннай тапаніміцы і анамастыцы. Так, паводле ягоных слоў, адным з продкаў першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава быў француз па прозвішчу Машэр. Валахановіч нагадаў, што
падчас вайны за 70 кіламетраў ад Парыжу па загаду імператара Францыі была пабудавана прадпрыемства па вырабу фальшывых рускіх асігнацый. Было надрукавана 50 мільёнаў купюр рознай вартасці на такой
добрай паперы, што гэтыя падробкі на шмат год перажылі сапраўдныя банкноты Расійскай імперыі, сказаў краязнаўца.
Паводле слоў старшыні суполка “Пагоня Беларускага саюзу мастакоў Генадзя Драздова, падчас вайны 1812 года беларусы звязвалі свае спадзяванні на аднаўленне Вялікага Княства
Літоўскага з імператарам Францыі Напалеонам I. “Аднак беларусы яму былі патрэбныя толькі, як гарматнае мяса, – сказаў мастак. На ягоную думку, вайна 1812 года яшчэ раз
засведчыла, што “ў абароне сваіх інтарэсаў беларусы павінны разлічваць толькі на свае сэрцы, галовы і рукі, не спадзяючыся больш ні на каго.
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры, літаратарка Валерыя Кустава, даследчык міфалогіі Ірына Клімковіч, паэты Віталь Быль і Аксана Ючкавіч, выканаўца музычных
балад Уладзімір Еўтух, выканаўцы хрысціянскіх балад гурт “Сустрэча і рок-гурт “Верасень, вядучыя Віка Трэнас і Юлія Новік. Адкрыццё суправаджалася мультымедыйным
прадстаўленнем твораў сусветна вядомых мастакоў-баталістаў.
Выстава працуе да 13 снежня.