У Мінску працягваюцца мерапрыемствы ўшанавання памяці Агінскага

У Мінску ў Малой залі філармоніі прайшоў другі канцэрт цыкла, прымеркаванага да 250-годдзя Міхаіла Клеафаса Агінскага “Музыка Залескай сядзібы”. Беларускі саюз мастакоў арганізаваў невялікую выставу.  



Чароўнымі гукамі прысутных меламанаў радаваў ансамбль салістаў “Класік-Авнгард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава. Салісты амаль тры гадзіны выконвалі творы Міхаіла Клеафаса Агінскага і яго таленавітых дзяцей, а таксама кампазітараў Іагана Баха, Вольфгана Амадэя Моцарта, Ёзэфа Гайдна, Карла Марыі фон Вэбэра, музыку якіх любіў Агінскі. У перапынках паміж выкананнем твораў, вядоўца імпрэзы распавядала пра цікавыя факты біяграфіі знакамітага беларускага кампазітара.


Для экспазіцыі, прысвечанай юбілею Міхала Клеафаса Агінскага, Беларускі саюз мастакоў прапанаваў каля двух дзясяткаў карцін мастакоў Алеся Цыркунова, Міколы Купавы, Яўгена Куліка, Алеся Марачкіна, Ягора Батальёнчыка, Рыгора Сітніцы, Гальны Хінко-Янушкевіч, Віктара Барабанцава…

У экспазіцыі прадстаўлены выявы Вільні, дзе жыў і працаваў Агінскі, карціны, на тэму паўстання Тадэвуша Касцюшкі, у якім браў удзел Агінскі, Нясвіжскі замак, Горадня, дзе  Агінскі быў дэпутатам Сойму, а таксама партрэты Міхаіла Клеафаса Агінскага, Эміліі Плятэр, збіральны вобраз паўстанца.

Тут шырока прадстаўлены творы, якія паказваюць паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, у якім Агінскі прымаў удзел. Яго атрады дайшлі да Смаргоні, Валожына. Атрад Агінскага фармаваўся на Браславах, каля возера Поціх. На выставе ёсць карціна з выявай гэтага возера”, — распавядае адзін з арганізатараў выставы мастак Мікола Купава.

“Вельмі сімпатычная выстава. Такое ўражанне, што творы адмыслова і вельмі ўдала падабраныя да гэтай музычнай імпрэзы. Мы ж ведаем, што яны рабіліся раней, некаторыя да гадавіны паўстання, некаторыя — да юбілею Касцюшкі”, — кажа выдавец Зміцер Саўка.

Па словах Міколы Купавы, Беларускі саюз мастакоў у кастрычніку ў Палацы мастацтваў рыхтуе вялікую выставу, прысвечаная 250-годдзю Міхаіла Клеафаса Агінскага. Там, сярод іншага, на суд гледача будуць прадстаўленыя зусім новыя творы.