Уладзіміў Арлоў прэзентаваў трэцяе перавыданне сваёй кнігі «Імёны свабоды»

Выйшла ў свет трэцяе перавыданне кнігі «Імёны свабоды» Уладзіміра Арлова — дапрацаванае і дапоўненае. Прэзентацыя адбылася ўвечары 11 красавіка ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў».



arlou1.jpg

Новае выданне, як і ранейшыя — ў 2007 і 2009 гадах, выйшла ў серыі «Бібліятэка свабоды», заснаванай беларускай службай «Радыё Свабода». Яно складаецца з 300 гістарычных партрэтаў выбітных асоб XVIII-XXI стагоддзяў, што набліжалі час свабоды для Беларусі. Як адзначаецца, кніга «можа служыць дапаможнікам для напісання раманаў, здымання фільмаў, абароны дысертацый, змены назваў вуліц, плошчаў і гарадоў».

На пачатку прэзентацыі Ўладзімір Арлоў нагадаў вядомыя з антычных часоў словы пра тое, што «і ў кніг ёсць свой лёс», а ў «Імёнаў свабоды» склаўся «ўжо не кароткі лёс». Ён адзначыў, што з’яўленню гэтай кнігі папярэднічала аднайменная перадача «Імёны свабоды», якую амаль паўтары гады аўтар штодня вёў на хвалях беларускай службы «Радыё Свабода» ў сярэдзіне 2000-х гадоў.

«У гэтай праграме гучалі аповеды пра людзей, якія з часоў Тадэвуша Касцюшкі змагаліся на нашай зямлі за свабоду ў самых розных яе вымярэннях і ўвасабленнях. Маіх герояў аб’ядноўвала тое, што кожны з іх па-свойму паўплываў на мой характар, светабачанне, светаўяўленне, таксама іх аб'ядноўвала тое, што іх жыццёвы шлях ужо завяршыўся», — адзначыў Арлоў.

Пісьменнік прыгадаў, што ў прадмове да першага выдання «Імёнаў свабоды» дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» напісаў, што гэтая кніга «не манаграфія, не дакументальна-архіўнае даследаванне, не мастацкая проза і не гістарычная эсэістыка», але «вянок свабоды і аўтарская энцыклапедыя любові да Радзімы, волі і незалежнасці, складзеная з імёнаў, якія будуць жыць, пакуль жыве Беларусь».

Новае выданне, адзначыў Арлоў, павялічылася роўна на 100 старонак. Яе папоўнілі некалькі дзесяткаў новых герояў, у тым ліку выбітныя паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, журналіст і палітык Віктар Івашкевіч, навуковец Уладзімір Конан, журналіст і выдавец Пётр Марцаў, загінулы на ўкраінскім Майдане Міхаіл Жызнеўскі ды багата іншых сучаснікаў, якіх сёння ўжо няма сярод жывых.

«Практычна пра ўсіх іх сказана, што яны былі ўдзельнікамі сучаснага нацыянальна-дэмакратычнага руху, які пачаўся ў 1970-я, для некаторых з іх, самых маладых, у 1990-я», — сказаў пісьменнік, павітаўшы ў залі ўсіх родных, блізкіх і сяброў новых герояў сваёй кнігі.

Арлоў пачытаў вытрымкі з «Імёнаў свабоды» і адказаў на пытанні гасцей сустрэчы, якіх ў галерэі назбіралася каля 80 чалавек, пасля чаго прысутныя атрымалі магчымасць набыць кнігу і папрасіць у аўтара афтограф. Апроч таго, перад прысутнымі выступіў беларускі бард Зміцер Бартосік.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.