Ушанаванне памяці Якуба Коласа
Адбылося 13 жніўня на Вайсковых могілках Мінска. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльны музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская нагадала, што народны паэт Беларусі сышоў з жыцця 57 год таму назад — 13 жніўня 1956 года.
«Шлях, які прайшоў пясняр, — адметны. Заснавальнік беларускай прозы, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў
“Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцяў, “Казак жыцця”, апавяданняў і вершаў, якія сталі нацыянальнай класікай, Якуб Колас
унёс значны ўклад у беларускую культуру, узняў беларускае пісьмовае слова на ўзровень сапраўднага мастацтва, паставіў беларускую літаратуру побач з развітымі літаратурамі свету — і ў гэтым
яго вялікая заслуга як нацыянальнага пісьменніка», — сказала Камароўская.
Разам з тым, паводле яе слоў, Колас не дапісаў паэму «На шляхах волі», не збылася яго мара пра паляпшэнне стану беларускай мовы і культуры.
«Сёлета споўнілася 90 гадоў выхаду ў свет паэмы “Новая зямля”, якая гучыць па
сённяшні дзень і цікавая ўсім пакаленням беларусаў. Гэтую паэму можна параўноўваць з сусветнымі шэдэўрамі літаратуры. Вось чаму на працягу года ў музеі адбываюцца вечарыны, пад час якіх
“Новая зямля” параўноўваецца са “Старой новай зямлёю” Тэадора Герцля і з “Чатырма Евангеллямі” Эміля Заля. На наступным тыдні мы вязем выставу ў
пасёлак Чыстыя Пруды Калінінградскай вобласці Расіі ў музей заснавальніка літоўскай літаратуры Крысціёніса Данелайціса, 300-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца 1 студзеня 2014 года. Ягоная
паэма “Поры года” паяднаная з “Новай зямлёй” і перагукаецца з ёю. А ў кастрычніку Музей Данелайціса прывязе ў Мінск выставу пра творчасць класіка літоўскай
літаратуры», — адзначыла Камароўская.
Усё гэта, паводле яе слоў, робіцца для таго, каб слова песняра гучала і перадавалася новым пакаленням беларусаў. Зараз музей робіць цікавы дзіцячы праект «Ідзем у школу разам з Коласам», які будзе доўжыцца на працягу жніўня і новага навучальнага года дзеля таго, каб дзеці адчулі любоў да роднага
слова, сказала дырэктар музея.
Зямляк песняра, паэт Дзмітрый Дземідовіч распавёў, што песняр заўсёды прыязджаў на сваю радзіму з падарункамі, добрым словам і жаданнем дапамагчы землякам. «І калі здаралася бяда, народны паэт заўсёды быў побач. Памятаю, як у маёй бабці згарэла хата, але дзяржава не
дапамагла ёй, бо дачка працавала ў лесе. Трэба было бачыць, які разнос зрабіў Колас мясцовым чыноўнікам, каб яны выдзелілі грашовую дапамогу для адбудовы бабчынай хаты», — сказаў Дземідовіч.
Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч звярнуў увагу на завяршэнне выдання акадэмічнага 20-томнага збору твораў бацькі, а таксама на багацце роднай мовы. Ён адзначыў, што беларуская мова па
праву займае першае месца сярод славянскіх моваў, дзякуючы сваёй надзвычайнай прыгажосці і распрацаванасці, і адно з першых месцаў сярод еўрапейскіх моў. «І гэтае багацце родная мова захавала, няглядзячы на тое, што з цягам часу згубіла сваю традыцыйную
мяккасць», — сказаў Міхась Міцкевіч.
У памінальным мітынгу і ўскладанні кветак да помніка песняра ўзялі ўдзел празаікі і паэты, грамадскія дзеячы, родныя сям’і песняра, а таксама навукоўцы і супрацоўнікі музеяў
сталіцы.