«Ваўкі»: уцёкі з беларускай зоны

Карціна Аляксандра Колбышава «Ваўкі» скаланулі мяне яшчэ да свайго выхаду на экраны. У кадрах рэкламнага роліку (упершыню для «Беларусьфільма» выстаўленага ў сеціве!) — трагічныя ўцёкі з ГУЛАГу. У краіне, дзе школьнікаў возяць на Лінію Сталіна, з’явілася падкрэслена антытаталітарная стужка.



946e3ece1fc8b24bd656449d88eca941.jpg

Карціна Аляксандра Колбышава «Ваўкі» скаланулі мяне яшчэ да свайго выхаду на экраны. У кадрах рэкламнага роліку (упершыню для «Беларусьфільма» выстаўленага ў сеціве!) — трагічныя ўцёкі з ГУЛАГу. У краіне, дзе школьнікаў возяць на Лінію Сталіна, з’явілася падкрэслена антытаталітарная стужка.
Сюжэт фільму просты. На занесенай снегам станцыі «Вярыга» спыняецца эшалон з вязнямі. Арыштант Кірыл Палятаеў уцякае ад канвою — і хаваецца ў роднай вёсцы, што паблізу. Адны месцічы дапамагаюць герою, другія — мараць яго схапіць. Сталінскія карнікі абвяшчаюць, што рэпрэсуюць усю вёску, калі ўцякач не знойдзецца. Герой мяркуе здацца, але ў лесе яго загрызаюць ваўкі.
Ваўчынае паляванне на чалавек нагадвае «Аблаву» Васіля Быкава. Але аповесць, па якой складзены фільм, напісаная яшчэ ў 1963 годзе. Аляксандр Чакмянёў, беларускі сцэнарыст ды рэжысёр, тады спрабаваў надрукаваць твор. Але аўтара выклікалі ў КДБ і абяцалі сур’ёзныя непрыемнасці. Гісторыя, якая «ачарняе светлы вобраз» карнай машыны, пабачыла свет толькі на пачатку 2000-х гадоў.
Аповесць захапіла акцёра і рэжысёра Аляксандра Колбышава, але ён згубіў надзею паставіць хоць нешта на «Беларусьфільме», таму працаваў у Расіі на серыялах.
«Нечакана мне патэлефанавалі з кінастудыі, — распавядае Колбышаў. — Сказалі, што ў нас новы дырэктар Замяталін, прапануйце сцэнар. Я даслаў сцэнар «Ваўкоў», які падаваўся мне на нашай кінастудыі непрахадным. А мне сказалі запускацца з карцінай».
Фільм быў дароблены напрыканцы 2009 года. Яго прапаноўвалі на Берлінскі кінафэст, дэманстравалі на фестывалях СНД. З кастрычніка 2010 карціна пайшла ў шырокім беларускім пракаце.
Але фільм ужо папракнулі, што ён «несвоечасовы» і «небеларускі». Папрокі гэтыя вельмі няслушныя. Стужка — дакладны адбітак нашага часу, партрэт беларускіх прыцемак перад досвіткам. Трагедыя, што разыгралася на экране ў далёкай сібірскай вёсцы, — пра нас, пра слабасць і моц людзей. І нават хібы карціны сведчаць пра наша грамадства.
Аляксандра Колбышава беларускія гледачы найперш ведаюць як акцёра. Спачатку творца працаваў у Брэсцкім драматычным тэатры. Ягоны зухаваты кінапартызан Штыркін з «Акупацыі» Кудзіненкі — трагікамічны выхваляка, які на экране памірае і ўваскрасае. Сур’ёзна-пацешная і роля святара-паўстанца ў «Масакры», якую гледачы неўзабаве пабачаць.
Але вучань Віктара Турава рэжысёр Колбышаў — творца трагічных гісторый. Ягоны почырк — суворы, акадэмічны і стрыманы. Ён надае ўвагу акцёрскай гульні, дакладнаму псіхалагічнаму малюнку ролі. Колеры і дэкарацыі ў кадры не мусяць адцягваць увагі ад рухаў чалавечай душы.
Герой ранняй кароткаметражнай стужкі «Чорная скрыня» — ветэран Афганістану, якога не адпускае боль (сам рэжысёр таксама прайшоў праз Афганістан). А аскетычная бела-чорная карціна «Ахвота жыць», пастаўленая ў 1998 годзе па апавяданні Васіля Шукшына, прадказвае «Ваўкоў». У фільме таежны паляўнічы сустракае хлопца, які ўцёк з калоніі.
Сярод «трагічных» крыніц «Ваўкоў» можна назваць і «Узыходжанне» Ларысы Шапіцькі (паводле «Сотнікава» Васіля Быкава), тым болей, што з гэтай карціны перавандраваў у стужку Колбышава Уладзімір Гасцюхін. Ягоны ўдзел у фільме таксама не спадабаўся заўзятарам палітычнай чысціні.
Але на экране ўсё вымяраецца талентам. Гасцюхін абсалютна на сваім месцы. Сябра Кірыла Палятаева, які просіць яго здацца, дагаджае гэбісцкаму карніку ды губляецца — гэта варыяцыя кароннай «рыбакоўскай тэмы», што прынесла акцёру славу.
Дарэчы, Гасцюхін ужо зняўся ў беларускіх «Ваўках» у… 1977 годзе. Гэта была навела ў кінаальманаху «У профіль і анфас», пастаўленая паводле Васіля Шукшына.
З асалодай грае падступнага гэбіста, галоўнага «паляўнічага», Андрэй Панін. Ледзяны пранізлівы позірк, рэзкія жэсты — і кашаль з соплямі. У жалезнага камуніста Вячаслава Паўлюця таксама «недасканаласць» — толькі адна рука. А вясковая даносчыца (у выкананні Аксаны Лясной) — высушаная ад страху і партыйнага экстазу.
Колбышаў пераўтварае сцэну з яе допытам у амаль хічкокаўскае відовішча. Зляканае падтакванне, пытанні-пасткі, расквечаныя дробным кашлем злобнага следчага, — і лісліва-шчасныя вочы зацкаванай даносчыцы. Спачатку ў сцэне была процьма словаў. Але рэжысёр папрасіў актрысу: «А цяпер сыграй гэта аднымі вачыма». І яна сыграла.


Колбышаў не засяроджваецца на гратэскных рысах адданых савецкіх вінцікаў. Гэта звычайныя людзі са сваімі жарсцямі і хваробамі. Але карная машына, што абвяшчае сябе ўсемагутнай, неўпрыкмет падточана іржою.
Зарука савецкага скону — жывыя і непасрэдныя дзеці, якія не баяцца дапамагаць «ворагу». Дзіцячыя ролі, увогуле, наймацнейшыя ў фільме. Прататыпам хлопчыка Шуркі, якога сыграў Коля Спірыдонаў, стаўся сам аўтар аповесці Аляксандр Чакмянёў. А Дыяна Запрудская (якая ў беларускай казцы, што мае з’явіцца налета, — прынцэса) — у фільме Колбышава няўрымслівая шапялявая дзяўчынка.
На тле пераследнікаў і выратавальнікаў губляецца сам галоўны герой (Дзмітрый Ульянаў). Ён не дзейнічае, ён пазбягае выбару і — што зусім недаравальна для трагедыі — ён перакладае адказнасць на іншых. Галоўны герой — гэта правісанне і затрымка сюжэту, невытлумачальная дзірка ў апавяданні. І праблема тут зусім не ў акцёры.
Менавіта такі і наш час, які спыніўся на 16 гадоў. Дзесьці там святло. Аднак антысталінскія сюжэты ўсё яшчэ актуальныя.
Мы ўжо ўцяклі з ГУЛАГаўскага эшалону, але ўсё яшчэ абкладзеныя ваўкамі ўласных страхаў.
Мы ўжо выйшлі на шлях, але баімся зрабіць крок — і вакол сцюжа.
Мы прагнем свабоды, але па нявольніцкай звычцы перакладаем сваё вызваленне на іншых. Патавая сітуацыя: вязні не здольныя быць на волі, турэмшчыкі не здольныя іх злавіць.
Кірыл Палятаеў — кананічны тутэйшы, апеты ў шматлікіх жаллівых гутарках. Чалавек-трава з непераадольнай «ахвотаю жыць», які дзеля гэтай ахвоты адмаўляецца ад усялякае пэўнасці.
Але выбар зрабіць неабходна. Выбар, які пераўтворыць зіму ў вясну.
На экране — шэра-сцюдзёнае насланнё, падкрэсленае чырвона-крывавымі плямамі савецкіх сцягоў (трагедыйная светлапісь аператара Паўла Зубрыцкага). За кадрам дзяўчынка шапялявым голасам шэпча малітву: «Даруй нам, Госпадзі… Выратуй нас, Госпадзі… і — захавай нас, Госпадзі, таму што мы людзі, а не звяры…» Кранальную малітву склаў дырэктар кінастудыі Уладзімір Замяталін, якога зусім нядаўна запісвалі ў «ворагі нацыянальнай культуры».
Беларусь змяняецца.
----------------------------------------------------------------------------
Даведка
«ВАЎКІ». Беларусьфільм, 2009, каляровы,105 хвілін.
Рэжысёр: Аляксандр Колбышаў паводле сцэнарыя Аляксандра Чакмянёва і Аляксандра Колбышава.
Ролі выконваюць: Дзмітрый Ульянаў, Уладзімір Гасцюхін, Андрэй Панін, Коля Спірыдонаў, Дыяна Запрудская, Тамара Міронава, Дар’я Мухіна, Аксана Лясная, Сяргей Уласаў, Галіна Кухальская, Святлана Нікіфарава, Зінаіда Зубкова.
Кампазітар: Алег Федасееў.
Аператар: Павал Зубрыцкі.
Мастакі: Антон Гвоздзікаў, Ігар Хруцкі.
Жанр: Трагедыя паводле аднайменнай аповесці Аляксандра Чакмянёва.
Фэсты: Гран-пры фестывалю беларускіх фільмаў у Брэсце, прыз фестывалю «Залаты Віцязь», пазаконкурсны ўдзел у фестывалі «Кінашок».