Ваяўнічая metal-ambient зіма і містэрыя чатырох сезонаў (фота)
На фестывалі MARTIAL WINTER у «Бруге» 20 студзеня сышліся розныя па стылістыцы гурты, аб’яднаныя канцэпцыяй паказу ваяўнічага гонару сродкамі музыкі. Усе яны граюць у Мінску нячаста, нават не штогод. Публіка чакала музычных адкрыццяў. І яна іх атрымала.
У “Бруге” я заходзіла падчас выступу Diabolizm і, шчыра кажучы, чакала паўпустога клуба. Пачатак мерапрыемства быў ранні, 17.00, у працоўную суботу… Але ўжо а палове на шостую клуб быў запоўнены сярэдняй для мерапрыемстваў, на якіх прынамсі я тут бываю, колькасцю людзей. Міжволі падумалася “Ого! Што ж будзе ў канцы, на выступе Pragnavit?”. Забягаючы наперад, падчас канцэрту наведвальнікаў істотна не дадалося. Народ збольшага проста дысцыплінавана прыйшоў на самы пачатак канцэрта.
Diabolizm – самы малады гурт з усіх выступоўцаў, яму няма і двух гадоў. 20 студзеня адбыўся яго дэбютны канцэртны выступ. Арганізатары паведамілі наступнае: “Свежая кроў у беларускіх цёмных шэрагах. Гурт спалучае ў сваёй творчасці класічны сыры блэк з тэмамі самаўдасканалення, філасофіі і космасу ў лірыцы”.
Публіку гурт разагрэў ладна, пару самых адданых фанатаў ужо пачалі трэсці хайрам, астатнія пакуль лянотна пагойдваліся. Вакаліст Diabolizm з’явіўся на сцэне з бэк-вакалам і падчас выступу Piarevaracień. Вакаліст жа апошняга, у сваю чаргу, граў у складзе Diabolizm на гітары.
Стыль Osterweg я б вызначала як ethno ambient, арганізатары MARTIAL WINTER – neofolk, арганізатары наступнага канцэрта гурта ў Віцебску – kryvian folk-ambient, сам гурт піша ў сацсетках “музычны праект, арыентаваны у сваёй творчасці на амбіентальна фолькавае гучанне, які не прэтэндуе на аўтэнтычнасць, сярэднявечнасць і кананічнасць”. Выступ Osterweg уяўляў сабой дуэт дудара з фэнтэзі-інструментам і музыкі з разнастайнымі духавымі, што гралі на фоне запісанай падложкі з ваўчыным завываннем ды гукамі навальніцы. Дудар Osterweg і лідар Pragnavit, што далучыўся да гурта на песні “Тваіх валкоў мы клічам” эпатавалі публіку аголеннымі торсамі. Прыхільнікі нават завяліся да сапраўдных танцаў: некалькі чалавек, знаёмых па вечарынах на Карчы і Дударскім клубе, танчыла Андро. Шмат хто прыйшоў на канцэрт паслухаць менавіта Osterweg, лідар якога вядомы шырокай публіцы яшчэ па колішнім гурце Apraxia.
Alfar гучаў драйвова, слэм быў люты. Гурт паведамляе ў сацсетках: “створаны ў 2014 г. як one-man праект, адразу выпусціў дэбютны альбом “Across the Northern Storms”. Праз год на SoundAge prod. выходзіць другі альбом “Twilight of the Gods”, на гэты момант гурт ужо мае сфармаваны склад і напрыканцы 2015-га распачынае канцэртную дзейнасць. Стыль гурта вызначаецца як melodic death metal з уплывам viking metal”. За 2 гады гастроляў Alfar толькі 2 разы выступаў у Мінску, сваім родным горадзе, і быў вельмі рады выступіць зноў. Лірыка гурта прысвечаная скандынаўскай міфалогіі. Мне выступ Alfar падаўся вельмі атмасферным, я адчула і лютую ваяўнічасць, і няўхільнасць Рагнароку, і прагу вандровак (недарма ж вікінгі адкрылі Амерыку!). Дарэчы, апошняя кніга вялікага вандроўніка і даследчыка Тура Хеердала завецца “Па слядах Одзіна” і даводзіць паходжанне насельнікаў скандынавіі з Каўказу. Так што, магчыма, продкі вікінгаў праходзілі праз нашы землі значна раней, чым іх нашчадкі ўсталявалі шлях “з варагаў у грэкі”.
Наконт стылістыкі Piarevaracień таксама няма адзінства. Арганізатары MARTIAL WINTER напісалі folk/black metal, сам гурт піша pagan… Piarevaracień выканаў песні з альбому “У пошуку пачатку тых шляхоў” пра СБМ і БКА, Слуцкі збройны чын і… бітву пры Сталінградзе. Такая вось спроба ўпісаць савецкі перыяд у беларускі гераічны наратыў. Новая песня гурта прысвечаная чылійскаму пісьменніку, “паэту чорнага сонца”, дону Мігелю Серана. На пачатку другой прэм’еры прагучаў верш пра Браслаўскія азёры. Пад сцэнай з’явілася актыўная група падтрымкі з удзельнікаў гурта “Камаедзіца” ў ці-шотках "I'm from Kamaedzitca, I can do what I want” і арганізавала дзічайшы слэм.
Pragnavit (ritual ethnic dark ambient), як і распавядаў яго лідар у інтэрв’ю “Новаму часу”, зладзіла на сцэне сапраўдную містэрыю, у цікавых вобразах, з рытуальнымі атрыбутамі і насычаным відэашэрагам.
Сцэна была ўпрыгожаная рагатымі чарапамі, шлемам і мячамі, відэашэраг і само дзеянне ўтрымлівалі столькі сімволікі, што кожны мог інтэрпрэтаваць залежна ад свайго вопыту і пачуццяў. Я пабачыла на сцэне ўвасабленні чатырох сезонаў: сівога дзеда-Зіму, дзяўчыну-Вясну, Лета з яго жарсцю і кульмінацыяй сонечнага году на Купалле, Восень з чалавечым чэрапам на посаху як сімвалам памірання прыроды… Толькі святло замінала, кіслотна-сіняе з чырвоным. Падалося, што канцэпцыі, вобразам лепш бы адпавядаў які зялёны прыродны колер ці белы, зімовы. Лета спусцілася на танцпляц і мазала публіку імітацыяй крыві з чашы. Працінала да самых костак: быццам бы сляпы персанаж (а слепата ў традыцыйнай культуры беларусаў сімвалічна суадносіцца з Тагасветам і лёсавызначальным выбарам), які дабраслаўляе крывёй…Словы “Кроў і глеба” гучалі і са сцэны. Як і “Жыве Крыўя!”.
Фота Павел Аксіновіч
Удзельнікі MARTIAL WINTER Osterweg і Piarevaracień выступяць у Віцебску 10 лютага на фестывалі PAGAN WINTERSTORM III.