Вечарына памяці Валянціны Коўтун

27 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына памяці лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова Валянціны Коўтун “Свяча любові.
Адкрыў вечарыну монаспектакль па творах Коўтун — зборніку вершаў “Свяча любові і раману “Крыж міласэрнасці у выкананні літаратара і артысткі Веры Буланды. Зборнік “Свяча любові невыпадкова быў абраны за аснову монаспектакля, бо ў ім кожная з трох частак люструе знакавыя вехі творчасці і жыцця паэтэсы.



f0d7053396e765bf52de12133cf1afe8.jpg

27 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына памяці лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова Валянціны Коўтун “Свяча любові.


Адкрыў вечарыну монаспектакль па творах Коўтун — зборніку вершаў “Свяча любові і раману “Крыж міласэрнасці у выкананні літаратара і артысткі Веры Буланды. Зборнік “Свяча любові невыпадкова быў абраны за аснову монаспектакля, бо ў ім кожная з трох частак люструе знакавыя вехі творчасці і жыцця паэтэсы.


Валянціна Коўтун нарадзілася 6 красавіка 1946 года ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. 30 красавіка 2011 года, на 66 годзе жыцця спынілася яе чуйнае сэрца. Яна была вядома як адметная беларуская пісьменніца, перакладчыца, літаратуразнаўца і грамадская дзеячка. У друку выступала з 1966 году. З-пад пяра Коўтун  выйшлі: зборнікі паэзіі “Каляровыя вёслы, “На ўзлёце дня, “Метраном, “На зломе маланкі, “Лісты да цябе; паэтычныя зборнікі для дзяцей “Мы робім казку, “Вясёлы заасад; зборнік апавяданняў “Калінавая гронка залатая; раман “Крыж міласэрнасці, раман-жыціе “Пакліканыя; літаратуразнаўчыя працы “Святло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні і “Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі. Па раману “Крыж міласэрнасці пастаўлены аднайменны мастацкі фільм, прысвечаны беларускай паэтэсе і грамадскай дзяячцы Цётцы (Алаізе Пашкевіч). У апошнія гады жыцця Коўтун працавала над многімі творамі, у тым ліку над лібрэта оперы, прысвечанай нябеснай заступніцы Беларусі святой Ефрасінні Полацкай.


Як адзначыў паэт і грамадскі дзяяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі, знаёмства з Валянцінай Коўтун адбылося пры незвычайных абставінах пад час святкавання ў 1966 годзе 75-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў Львове, дзе ў мясцовым універсітэце імя Івана Франка вучылася пачынаючая беларуская паэтэса. “Тады я даведаўся, што Валянціна піша вершы па-беларуску і друкуе іх у львоўскай мясцовай маладзёвай газеце ў перакладзе на ўкраінскую мову. Я прапанаваў апублікаваць гэтыя вершы на мове арыгінала ў Беларусі. Я нават памятая іх назвы: “Чорны бусел, “Золак і “Лось сахаты, — сказаў Вярцінскі. Паводле яго словаў, тады ж ва Львове адбылася падзея, якая мела лёсавызначальную ролю для будучай творчасці Валянціны Коўтун — адкрыццё фотавыставы, прысвечанай львоўскаму перыяду жыцця Цёткі.


Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка назвала сваю сяброўку Валянціну Коўтун “незвычайнай і таямнічай жанчынай. “Яна магла яшчэ так шмат стварыць. І я спадзяюся, што яе ненапісаныя раманы стануць асновай для будучых літаратуразнаўчых прац, — сказала Запартыка. Паводле яе слоў, сям’я паэтэсы перадала ў музей яе архіў, які яшчэ чакае свайго даследавання.


Паэт Васіль Жуковіч адзначыў, што паэзія яго сяброўкі Валянціна Коўтун яшчэ неацэненая належным чынам. Паводле ягоных слоў, “таленавітая і па-свойму неабсяжная Коўтун была “вельмі надзейным, шчырым і адказным чалавекам. З такой жа адказнасцю неабходна падыйсці і да падрыхтоўкі зборніка ўспамінаў пра Валянціну Коўтун.


Вечарына адбывалася ў зале, дзе 25 красавіка адкрылася літаратурна-дакументальная выстава “Апякункі паэтычных нябёсаў, на якой прадстаўлены матэрыялы пра выбітных прадстаўніц беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя: Еўдакію Лось, Дануту Бічэль, Веру Вярбу, Ніну Мацяш, Таісу Бондар, Валянціну Коўтун, Раісу Баравікову, Яўгенію Янішчыц і Галіну Каржанеўскую. У сукупнасці гэтыя асобы ўтвараюць сімвалічную колькасць роўную дзевяці — менавіта столькі музаў, апякунак мастацтваў, вядома яшчэ з антычнасці. Да іх ліку часам дадаюць першую усясветнавядомую жанчыну-пісьменніцу — Сапфо, выява якой таксама прадстаўлена на выставе.

Фрагмент экспазіцыі

У экспазіцыі можна ўбачыць рэчы з фондаў музея і з асабістых архіваў пісьменніц, іх сваякоў і сяброў. Большасць матэрыялаў выстаўлена ўпершыню.