Выстава Аляксандра Малея “Экзістэнцыя. Спосаб быцця чалавечай асобы”
27 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава віцебскага мастака Аляксандра Малея “Экзістэнцыя. Спосаб быцця чалавечай асобы, прысвечаная 60-годдзю мастака.
27 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава віцебскага мастака Аляксандра Малея “Экзістэнцыя. Спосаб быцця чалавечай асобы, прысвечаная 60-годдзю
мастака.
У экспазіцыі дэманструюцца больш за 30 жывапісных палотнаў і інсталяцый, якія нагадваюць працы заснавальніка супрэматызму Казіміра Малевіча. Развіваючы яго традыцыі у сваіх інсталяцыях Малей
ператварае двухмерныя кампазіцыі ў трохмерныя кубасупрэматычныя аб'екты, імкнецца стварыць новае візуальнае асэнсаванне духоўных каштоўнасцяў. Наведвальнік выставы убачыць гармонію палотнаў і
аб'ектаў (пенапласт, ДСП, метал), у якіх выкарыстоўваюцца аднолькавыя кампазіцыі.
Малей нарадзіўся 27 лютага 1951 года ў вёсцы Садкоўшчына на Віцебшчыне, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1976 года, сябра
Беларускага саюза мастакоў (БСМ) з 1982 года.
Значнай падзеяй для сучаснага беларускага мастацтва стала заснаванне Малеем у 1987 годзе мастацкай суполкі "Квадрат" (1987-1994) — духоўнага пераемніка творчага аб'яднання
“УНОВИС. У 1994 і 1996 гадах па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Малея былі праведзены два міжнародныя пленэры "Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць" пры ўдзеле
мастакоў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, якія сведчылі пра вяртанне імя Малевіча ва ўлонне беларускай культуры. Малееў працуе ў станковым жывапісе і графіцы, з’яўляецца аўтарам
супрэматычных кампазіцый і аб’ектаў.
Як тэарэтык мастацтва Малей займаецца пошукам сучаснай канцэпцыі і паняцця прасторы на аснове спадчыны Малевіча і Лазара Лісіцкага. Публікуецца з 1994 года, яго асноўныя працы па тэорыі мастацтва
прадстаўлены ў зборніку навуковых артыкулаў "Малевич. Классический авангард. Витебск" (2009).
Творы мастака знаходзяцца ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Віцебскім цэнтры Марка Шагала, Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва, краязнаўчых музеях гарадоў Нарва (Эстонія) і Зелена Гура (Польша),
галерэі “NEXUS-GALLERY-2 (Эдынбург, Англія), ў шэрагу прыватных калекцый.
Як адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, творчасць Малея дэманструе развіццё айчыннай традыцыі супрэматызму — аднаго з накірункаў абстрактнага мастацтва, заснаванага Малевічам.
“Абсалютна неверагодная на пачатку мінулага стагоддзя, сёння гэтая найбольш радыкальная творчая плынь стала традыцыйнай для Беларусі, нарадзіла новую пластычную мову, падштурхнула развіццё
дызайну і архітэктуры. Невыпадкова прозвішчы Малевіча і Малея такія сугучныя. — сказаў Сітніца.
Паводле слоў мастацтвазнаўцы Ларысы Міхневіч, Малей для яе — цудоўнае ўвасабленне асобы мастака, таму што ён эпатажны, дзёрзкі, свавольны з самага пачатку, адзін з самых першых лідараў
беларускай мастацкай альтэрнатывы, які пачаў вяртаць спадчыну Малевіча, займацца асветніцкай дзейнасцю, рыхтаваць сваіх маладых вучняў, каторыя працуюць у традыцыях класічнага авангарду. “Ён
такі шматбаковы і неверагодны, а як мастак увесь час мяняецца. Малей даследуе і спалучае жывапісную выяву на пласкосці і ў прасторы. Прычым самае прыгожае ў тым, што жывапіс застаецца жывапісным,
калі даследуе сапраўдную форму, а форма застаецца жывапіснай, існуе ўсё больш шматбакова і разнастайна. І гэта не мае аналагаў, — сказала Міхневіч.
Мастак і музыка Андрэй Плясанаў заклікаў Міністэрства культуры выдаткаваць грошы на выданне кнігі Малея пра гісторыю сучаснага айчыннага альтэрнатыўнага мастацтва.
“Мае творы не патрабуюць тлумачэння. Трэба давяраць самаму сабе. Тое, што бачыш, на што ты гатовы, як ты разумееш, на якім ты ўзроўні — гэта і ёсць праўда. А мастак ў сваім творы
заўсёды шматпланавы, — сказаў Малей.
Выстава працуе па 15 ліпеня.