Выстава мастакоў-ветэранаў “Фарбы пераможнай вясны”
3 мая ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава мастакоў-ветэранаў Другой сусветнай вайны “Фарбы пераможнай вясны.
3 мая ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава мастакоў-ветэранаў Другой сусветнай вайны “Фарбы пераможнай вясны.
На выставе дэманструюцца больш за 30 твораў жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку сюжэтныя карціны, партрэты і краявіды. Сярод удзельнікаў выставы —
народныя мастакі Беларусі Леанід Шчамялёў і Віктар Грамыка, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Андрэй Заспіцкі, Барыс Аракчэеў, Мікалай Назаранка і Тарас Паражняк, а таксама вядомыя мастакі
Аляксей Зінчук і Мікалай Назарчук. Творы гэтых майстроў, якія з’яўляюцца сябрамі Беларускага саюза мастакоў (БСМ), адлюстроўваюць падзеі былой вайны, радасць перамогі над нямецка-фашысцкімі
захопнікамі, услаўляюць прыгажосць мірнага жыцця.
Як адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, у цяперашні час праводзяцца рэвізіі некаторых паняццяў, датаў і падзеяў. “І хіба толькі гэтая дата — Дзень перамогі
— не падлягае аніякаму перагляду, бо вартыя толькі жалю, а не крытыкі ўсялякія намаганні тых, хто спрабуе знайсці нейкія асаблівыя нюансы наконт мінулай вайны і перамогі ,
— падкрэсліў Сітніца.
“Бацька мой прайшоў вайну, і ўся мая радня пацярпела ад вайны, і я не ведаю такога чалавека ў нашай вёсцы, каго б яна не закранула. Для мяне Дзень Перамогі быў заўсёды найвялікшым асабістым
святам, якое выклікае самыя глыбокія пачуцці. На маю думку, да ветэранаў былой вайны трэба адносіць не толькі тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, але і ўсіх тых, у тым ліку і малых
дзяцей, хто так ці інакш дакрануўся да яе, на свае вочы бачыў яе жахі і перажыў іх. Вось чаму для мяне вялікая радасць віншаваць нашых ветэранаў і сустракацца з імі. Бо гэтыя людзі стваралі і
мацавалі нашу творчую арганізацыю, без іх немагчыма ўявіць станаўленне айчыннага выяўленчага мастацтва і беларускай нацыянальнай культуры. І дзякуй Богу, што яны не губляюць свайго творчага імпэту, а
мы з імі яшчэ можам размаўляць і раіцца. Я хачу, каб гэта было доўга і хачу састарэць разам з гэтымі людзьмі. Менавіта дзякуючы ім мы маем магчымасць радавацца жыццю, менавіта ў іх вучымся прафесіі і
шляхетным паводзінам, — сказаў Рыгор Сітніца.
Паводле словаў старшыні секцыі ветэранаў БСМ Тараса Паражняка, гады не замінаюць творчасці сапраўднага, шчырага і сумленнага мастака. “Трэба проста бачыць, што адбываецца навокал цябе і
тварыць прыгажосць, — адзначыў Паражняк. Ён выказаў падзяку кіраўніцтву БСМ за шанаванне ветэранаў-мастакоў, сам павіншаваў сваіх баявых сяброў і распавёў, што удзельнічаў у
Сталінградскай і Курскай бітвах, дзе страціў руку, а таксама ў аперацыі “Баграціён па вызваленні Беларусі, бачыў, як па Мінску вялі палонных з мінскага “катла,
сустракаў Дзень Перамогі 9 мая 1945 года на Краснай плошчы ў Маскве. “Гэта было незабыўнае і ашаламляльнае свята, якое адзначалася ўсю ноч, — сказаў Тарас
Паражняк.
Затым ветэранаў са святам Перамогі павіншаваў старшыня БСМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва Уладзімір Савіч, які ўручыў ветэранам кветкі і
прэміі.
Выстава працуе па 15 мая.