Віталь Воранаў: вучыўся граць на дудзе па Скайпе, напісаў кнігу і заснаваў фестываль

Працягваем публікаваць праект пра дудароў. Развагамі дзеліцца Віталь Воранаў – музыка, пісьменнік і даследчык родам з Глыбокага.

zahadnaja_2018_05_05_hlybokaje_a._liaszkiewicz_0263_logo.jpg

Цяпер Віталь жыве ў Польшчы, працуе выкладчыкам замежных моў. Як і большасць дудароў яго пакалення, ён не прафесійны музыка, хаця выступаў сола і ў складзе капэлы “Рэй”, са скрыпачкай Ульянай Гэдзік, на фестывалях у Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Партугаліі і Харватыі.





Гісторыя захаплення дудой

– Граць і займацца вывучэннем дуды я пачаў адносна нядаўна, каля трох год таму, але маё захапленне дудовым гучаннем пачалося, як толькі ўпершыню яго пачуў. Хутчэй за ўсё, гэта было ў выкананні “Старога Ольсы”, бо са Змітром Сасноўскім мы пазнаёміліся яшчэ на пачатку 2000-ых. У дзяцінстве я займаўся на фартэпіяна і кларнеце, што безумоўна дапамагло мне падчас першых практыкаванняў на дудзе. У дарослым жыцці я музыкай не займаўся, лічыў, што гэты занятак мне не падыходзіць, але дуда ўсё памяняла.

Спярша, разам з Велькапольскімі Дударамі з Познаня (Польшча) я трапіў на Дударскі Фэст у Дудутках, дзе пазнаёміўся са многімі беларускімі дударамі, у тым ліку з аднымі з першых адраджальнікаў дударскай традыцыі: Алесем Ласём і Тодарам Кашкурэвічам. Сяброўства замацаваў прыезд беларускіх дудароў на міжнародны дударскі фэст у Палаева (Польшча). Адзін з іх, Юрась Панкевіч, лідар гурта PAWA, пагадзіўся вучыць мяне праз скайп і так усё пачалося. На той час у мяне ўжо была дуда, зробленая Алесем Ласём, дадаткова я замовіў некалькі інструментаў у свайго настаўніка.


Асаблівасці грання

— Ужо пасля таго, калі я распрацаваў пальцы і развучыў першыя мелодыі, пачуў пра спрэчку вакол аўтэнтычнасці і гукараду беларускай жалейкі, якую ініцыяваў іншы майстар і дудар Дзяніс Сухі. Аргументацыя Дзяніса і ягоных паплечнікаў, а таксама ўласная музычная інтуіцыя падказвалі, што перабор “па Слаўчыку” больш правільны за той, у якім вырабляліся дуды дагэтуль. (Сутнасць спрэчкі ў тым, што першапачаткова майстры аднаўлялі дуды па малюнках у кнізе этнамузыколага Іны Назінай і апісаннях этнографаў мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Пазней сталі вядомыя аўдыазапісы з Фанаграмархіва ў Санкт-Пецярбургу, дзе граў дудар Гаўрыла Слаўчык, і відэафрагмент выступлення двух дудароў, верагодна, М. Усцінава і Ф. Сцеся з Полацкага раёна. — аўт.). Спярша мне падавалася, што я ўжо не перавучуся, але пераход на дуду майстра Дзяніса Сухога, з іншым пераборам, заняў усяго толькі некалькі дзён. Цяпер такія дуды вырабляюць, акрамя Дзяніса Сухога, Сяргей Чубрык і на замову, думаю, таксама іншыя майстры. Выбар адпаведнага інструмента і настаўніка, напэўна, найбольш стратэгічны і менавіта ён і перадвызчанае кірунак, у якім будзе рухацца дудар-пачатковец. Дуды адрозніваюцца не толькі танальнасцю, тэмбрам ці гучнасцю грання, але таксама складанасцю выканання. Каб навука была прыемнасцю, мех не павінны спускаць паветра, а пішчыкі не павінны патрабаваць дзікага ціску і ліхаманкавага дуцця ў сапель.

2_2018_02_22_dudklub_a._ljaszkevicz_0155_logo.jpg

Міфалогія дуды

— Ніводзін іншы музычны інструмент не ахутаны такой коўдрай сімволікі, гісторыі, ідэалогіі, міфалогіі, паэтычнасці, як дуда. Гэта не проста інструмент. Адно – навучыцца пілікаць на ёй сярэднявечныя стандарты, ці абыгрываць каверы нейкіх вядомых мелодый, а зусім іншае – паглыбіцца ў аўтэнтычны фальклор і закрытую, традыцыйную манеру выканання, адначасна вывучаючы гістарычныя і літаратурныя крыніцы. Ніводная іншая еўрапейская традыцыя не апела сваю дуду ў такой колькасці празаічных і вершаваных твораў, а таму вывучэнне тэкстаў неад’емнае ад вывучэння тэхнік грання. Чытанне крыніц дапаўняе вобраз і разуменне дуды як інструмента і як часткі традыцыі, дапамагае зразумець базавыя рэчы, напрыклад, чаму дуда – гэта мужчынскі інструмент, або чаму яго трэба называць менавіта “беларускай дудой” і наколькі непарыўна ён знітаваны з беларускім этнасам і з геаграфіяй рассялення этнічных беларусаў у прынцыпе. Вывучэнне дуды, найлепш з паралельным вывучэннем традыцыйных танцаў і фальклора, можна сказаць, дапаўняе, а нават і фарміруе вобраз Беларусі ў цэлым.

3_2018_05_05_hlybokaje_a._liaszkiewicz_0192_logo.jpg

Праекты і перспектывы

— Менавіта ў такім ключы ладзіцца заснаваны мной у 2017-м годзе Міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”. Ён адбываецца ў Глыбокім і на Глыбоччыне (вёскі Удзела, Мосар, Празарокі, Пліса), мае падкрэсліць наша заслужанае месца на мапе еўрапейскіх дударскіх традыцый, адначасна ўславіўшы беларускую самабытнасць. Асноўнае, што дударскія традыцыі прадстаўленыя не краінамі, а менавіта рэгіёнамі, культурна-гістарычнымі мікрарэгіёнамі, дзе ў жывой форме захавалася мясцовая дударская традыцыя той ці іншай краіны Еўропы. Чаму месцам для “Дударскага Рэю” была выбрана мая малая радзіма, я напісаў у кнізе “Дударская Глыбоччына”, якая задарма дасяжная ў інтэрнэце. Каб вывесці беларускую дуду на шырокі прастор не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах, апрача дударскіх фэстаў, безумоўна патрэбнае ўнясенне культуры дуды ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, а пасля і ў аналагічны спіс UNESCO. Я веру ў тое, што дуда можа не толькі вярнуцца на сваё месца ў беларускай культуры, але і стаць візітнай карткай нашай краіны.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч

Чытайце таксама:

Навошта IT-шніку дуда?