Дударскі клуб распачаў новы сезон (фота)
У кавярні «Грай» 17 кастрычніка адбылася першая вечарына новага сезона Дударскага клуба. Да вясны імпрэзы будуць праходзіць праз сераду.
Дударскі клуб – творчае нефармальнае аб’яднанне беларускіх майстроў, якія робяць дуды, музыкаў, якія на іх граюць, а таксама тых, хто гэтым майстрам і музыкам спачувае.
Дуда на працягу многіх стагоддзяў была і застаецца самым міфалагізаваным традыцыйным інструментам беларусаў (даўніх ліцьвінаў). З канца 80-х гадоў ХХ ст. у Беларусі пашыраецца рух па вяртанню беларускай дуды.
Дударскі Клуб заснаваны ў 2007 годзе. Аўтарамі ідэі выступілі майстры Тодар Кашкурэвіч, Юрась Панкевіч, Зміцер Сасноўскі і Дзяніс Сухі. Ініцыятыва падтрымана гуртамі “Стары Ольса”, “Testamentum terrae”, “ЛітвінТроль”, “Гальярда”, “Келіх кола”, “Кашлаты Вох” і інш.
Вечарыны “Дударскага клуба” — гэта сяброўская атмасфера, дух старадаўняй карчмы, жывая народная і сярэднявечная музыка ад лепшых дудароў краіны, танцы, спевы і шмат весялосці. Далучайцеся!
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева