Вяртаньне фэміністкі, якая пакрыўдзіла самога Мантэск'ё
Счакаўшы 271 год, у 2022 годзе амаль зь нябыту ў Францыі вяртаюцца імя і тэкст забытай фэміністкі ці протафэмінсткі Люізы Д’юпэн, больш вядомай, як Мадам Д’юпэн (1706-1799).
Рукапіс трактату «Абарона жанчынаў і роўнасьць паміж паламі», які філёзафка і слынная салёньніца 18-га стагодзьдзя пісала 6 год і, які мае 2 000 старонак, ніколі дасюль не друкаваўся.
Такім парадкам, забытая філёзафка, якая ўзьняла фэмінісцкую позву дня раней за Алімпіі дэ Гуж, Мэры Ўолстанкрафт і Сымоны дэ Бавуар, дэманструе даўнюю і падзабытую традыцыю абмеркаваньня і выбудовы роўнасьці паміж паламі.
На прыкладзе філязофскага трактату Люізы Д’юпэн даводзіць, што Эўропа ня толькі ў 20-21 стст. пачала займацца, як часта падаюць цяпер, моднай гендарнай тэмай, а здаўна ставіць пад сумнеў мужчынскае грамадзтва і панаваньне. У эпоху Асьветніцтва многія цікавіліся пытаньнем роўнасьці палоў: можна сьмела вылучыць лягер тых, хто стаяў на баку жаночай эмансіпацыі і роўнасьці палоў (Вальтэр, Дыдро, Кандарсэ, Мадам Д’юпэн) і лягер тых, хто праяўляў жанчынаневасьніцтва і хутчэй апраўдваў мужчынскае панаваньне (Мантэск’ё, Русо).
Цікава, што Мадам Д’юпэн у пачатку 1740-х гадоў наняла маладога чалавека Жан-Жака Русо для выхаваньня свайго сына, які пазьней таксама час ад часу служыў ейным сакратаром. Якраз яму яна надыктоўвала тэкст свайго трактату з 1745 па 1751 гады. Будучы філёзаф тым ня менш цалкам ня стаў на бок жанчынаў, прыгэтым ён безадказна закахаўся ў філёзафку, салёньніцу і сваю працадаўцу.
Перадусім трактат «Абарона жанчынаў і роўнасьць паміж паламі» важны і цікавы тым, што напісаны жанчынай. Таксама цікава, як сьмела і аргумэнтавана Люіза Д’юпэн аспрэчвала мізагінныя развагі Мантэск'ё. Нарэшце, слынная гаспадыня літаратурнага салёну шмат гадоў вяла дыскусіі на тэму роўнасьці палоў, у якой удзельнічалі шматлікія мысьляры і мысьляркі эпохі. Дысксусіі і мізагінія некаторых мужчынаў якраз і падштурхнулі яе напісаць эсэ. Няма сумневу, статус салёньніцы забараняў ёй станавііцца філёзафкай і аўтаркай, таму яна так і не апублікавала сваіх твораў асобна. А яшчэ ейная філязофская і пісьменьніцкая амбіцыя была часткова паслабленая публічнымі мачысцкімі насьмешкамі з працаў ейнай аднагодкі Эміліі дзю Шатле, францускай матэматыцы, фізыцы і перакладніцы Ісака Ньютана. Таму Люіза пісала падкрадня ці разам з мужам. Так, разам з мужам яна напісала «Развагі над некаторымі часткамі кнігі пад назвай «De l'Esprit des lois»», якія абвяргала аргумэнты, выкладзеныя Мантэск'ё ў ягоным дасьледаваньні «De l'esprit des lois» (Пра дух законаў), апублікаваным у 1748 годзе. Аргумэнтаваная крытыка ў прадмове з боку жанчыны вельмі абурыла Мантэск’ё і толькі ўзмацніла ягонае жанчынаненавісніцтва.
Важна пазначыць і тое, што Люіза Д’юпэн у сваім трактаце крытыкавала перакруты манархіі, прыгэтым застаючыся манархісткай, якая жадала рэфармаваць каралеўства.
Мадам Д’юпэн была да ўсяго прабабкай пісьменьніцы і эмансіпатаркі Жорж Санд, якая, дарэчы, вельмі ганарылася сваёй слыннай, прыгожай, сьмелай і адукаванай сваячкай. У архівах сваёй прабабкі Жорж Санд вылучыла ня толькі ейны трактат аб роўнасьці палоў, але і вельмі ўдалыя ейныя пераклады некаторых санэтаў Пэтраркі з італійскай на францускую мову.
Люіза Д’юпэн, уладальнціа вядомана замку Шэнансо, памерла ў 1799 г. ва ўзросьце 93 гадоў. Кажуць, дзякуючы сяброўскім адносінам з насельніцтвам, яна змагла выратаваць замак ад разрабаваньня і разбурэньня падчас рэвалюцыі, а таксама ўнікнуць гільятыны.
У 2021 годзе францускі прафэсар Фрэдэрык Марці выдаў кнігу, прысьвечаную жыцьцю асьветніцы-фэміністкі.
Увосень 2022 году ў выдавецтве Payot, нарэшце, заплянаваная першая публікацыя трактату, напісанага ў 1745-1751 гадах. Такім парадкам, да нас вяртаецца ня проста прыгожая легенда пра фэміністку 18 ст., але сам тэкст-доказ фэмінісцкага філязофскага пісьма, якое крыўдзіла і насьцярожвала Мантэск’ё і іншых філёзафаў.