Беларускія ўлады баяцца Віктара Бабарыку, або Нашто Беларусь выходзіць з дамовы КПЧ ААН?
Беларусы могуць пазбавіцца апошняй магчымасці абараняць свае правы на міжнародным узроўні. Улады хочуць выйсці з дамовы, у адпаведнасці з якой грамадзяне маглі падаваць скаргі ў ААН на парушэнне правоў чалавека.
Зрэшты, беларускі ўрад ужо і так 10 гадоў не выконвае рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека (КПЧ). Аднак выхад з дамовы пазбавіць беларусаў нават магчымасці міжнароднага прызнання сваёй праваты, а таксама тэарэтычнай магчымасці выплаты кампенсацый у Беларусі будучыні.
Пра гэта разважае тэлеграм-канал палітвязня Віктара Бабарыкі. Дзяржаўны апарат баіцца прызнання на міжнародным узроўні факта парушэння правоў Віктара Бабарыкі. Адзначаецца, што цяжка знайсці іншую прычыну, чаму беларускія ўлады ў жніўні 2022 года ініцыявалі закон «Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».
Сцісла растлумачым. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (Пакт) — найважнейшы міжнародны дагавор, удзельнікам якога з'яўляецца і Беларусь. Па гэтым Пакце дзяржава абавязалася выконваць і забяспечваць грамадзянам шэраг фундаментальных правоў (права на жыццё, свабоду, справядлівы суд і гэтак далей). Для кантролю над выкананнем дзяржавамі сваіх абавязацельстваў быў створаны Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ). А факультатыўны пратакол да Пакта якраз устанаўлівае кампетэнцыю камітэта разглядаць індывідуальныя паведамленні грамадзян аб парушэнні дзяржавай іх правоў, якія гарантаваны Пактам.
І вось Беларусь задумала выйсці з факультатыўнага пратакола (гэта і ёсць дэнансацыя) і тым самым адмовіцца ад юрысдыкцыі КПЧ разглядаць звароты беларусаў супраць беларускіх улад.
Тут важна нагадаць, што калі Беларусь з'яўлялася ўдзельнікам гэтага факультатыўнага пратакола, беларусы звярталіся са скаргамі ў КПЧ, а дзяржава не выконвала вынесеныя супраць яе рашэнні КПЧ — проста заяўляла, што не лічыць іх для сябе абавязковымі. І гэта цягнулася некалькі дзесяцігоддзяў.
Што ж такога здарылася цяпер, што дзяржава, якая не лічыла сябе абавязанай выконваць пастановы КПЧ (і нават не асабліва хвалявалася з іх нагоды), раптам захацела выйсці з факультатыўнага пратакола і тым самым — з-пад юрысдыкцыі КПЧ, каб ён не мог разглядаць індывідуальныя звароты беларусаў?
А здарылася тое, што цяпер на разглядзе КПЧ дзве справы па зваротах Віктара Бабарыкі.
Прычым па першай справе, якая была ініцыяваная ў ліпені 2020-га (там ставяцца пытанні аб адвольным затрыманні і змяшчэнні пад варту), рашэнне КПЧ можа быць ужо сёлета. І на падыходзе другая справа, вытворчасць па якой распачата 9 траўня 2022 года, дзе пастаўлена пытанне аб парушэнні шэрагу правоў — у тым ліку права быць абраным на дзяржаўную пасаду і права на справядлівы суд.
З усіх беларускіх палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і актывістаў, якія калі-небудзь звярталіся ў КПЧ, вынікі разгляду зваротаў Бабарыкі могуць мець найбольшы эфект у грамадстве.
У рашэннях КПЧ па гэтых зваротах можа быць не толькі канстатавана, што дзяржавай парушаны правы Віктара Бабарыкі, але і ўстаноўлена, што дзяржава абавязана вызваліць Віктара Бабарыку і ліквідаваць наступствы неправамернага прыгавору.
Таму ініцыятыва дзяржапарата па выхадзе з-пад юрысдыкцыі КПЧ, з аднаго боку, з'яўляецца чарговым доказам значнасці Віктара Бабарыкі як палітычнага суб'екта, нават нягледзячы на тое, што ўжо больш за два гады ён знаходзіцца ў турме.
З другога боку, гэта ініцыятыва выглядае як парада «хадзіць канём» з вядомага савецкага фільма «Джэнтльмены ўдачы». Таму што ўжо праз адзін ход стане зразумела, што ад гэтага рашэння для ўлад больш шкоды, чым карысці. Бо як з боку будзе ўспрынята адмова ўлад ад юрысдыкцыі КПЧ? Значыць, дзяржава не хоча быць падсуднай міжнароднаму органу, і фактычна гэта значыць, што не хоча выконваць палажэнні Пакта — адной з найважнейшых міжнародных дамоў. А калі так, то ці гатова яна выконваць якія-небудзь іншыя абавязацельствы?
Якая існуе верагоднасць, што хтосьці захоча мець справу з суб'ектам, які не гатовы выконваць абавязацельствы? Здаецца, што гэтай ініцыятывай адна парламенцкая камісія стварае такі магутны аргумент, які не па сілах было знайсці нават усёй апазіцыі за мяжой.
Зрэшты, пакуль закон аб дэнансацыі факультатыўнага пратакола да Пакта яшчэ не прыняты, ёсць магчымасць пазбегнуць такога неабачлівага кроку.