Выйшла з друку кніга Міколы Волкава пра артылерыю Нясвіжскага замка

Выйшла з друку доўгачаканая кніга Міколы Волкава, прысвечаная гісторыі артылерыйскай зброі ў Нясвіжскім замку.



artylieryja_niasvizh.jpg

Артылерыя Нясвіжскага замка — унікальная з’ява ў гісторыі ўзбраення і ліцейнага мастацтва. Гарматы, выкананыя ў канцы XVI – пачатку XVII ст. па замове магната Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, былі не толькі дасканалай зброяй свайго часу, але на доўгія стагоддзі сталі ўзорам выбітнага дэкаратыўнага аздаблення.
Беларускі гісторык Мікола Волкаў удала спалучыў у сваёй кнізе аналіз тэхнічных і баявых характарыстык нясвіжскай артылерыі з расповедам пра прымяненне гармат у абароне радзівілаўскай фартэцыі, іх значэнне для магнацкага роду і пакручасты лёс у XIX–XX стст.
Гэтая кніга будзе цікавая не толькі спецыялістам-зброязнаўцам, але і ўсім аматарам гісторыі вайсковай справы і ваеннага мастацтва. Упершыню на падставе глыбокага вывучэння разнастайных крыніц чытач атрымлівае цудоўную магчымасць адкрыць для сябе новую старонку гісторыі Нясвіжскага замка і славутага роду Радзівілаў.
Кніга выпушчана ў свет выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Мае шыкоўную мяккую вокладку, змяшчае 188 старонак цікавейшага тэксту і насычана каляровымі фотаздымкамі і ілюстрацыямі, большасць з якіх публікуецца ўпершыню.
З асобнымі раздзеламі і зместам выдання можна ўжо сёння азнаёміцца на сайце ISSUU.
Набыць кнігу можна ў менскіх кнігарнях «Акадэмкніга», «Логвінаў», «Кніжны салон», кніжных кірмашах на Янкі Купал і ў КЗ «Мінск», інтэрнэт-крамах www.knihi.by, www.kniger.by, www.imbryk.by, а таксама на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе ў комплексе «Белэкспа» з 11 па 15 лютага 2015 года.
АБ АЎТАРЫ
Мікола Волкаў — беларускі гісторык маладой генерацыі. Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ. Паспяхова скончыў магістарскія праграмы «Ахова і інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны» ў ЕГУ і «Мастацтвазнаўства» ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Зараз працуе малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, дзе рыхтуе кандыдацкую дысертацыю. За час актыўнай навуковай дзейнасці прайшоў даследчыя стажыроўкі ў Універсітэце Марціна Лютэра ў Хале (Германія), Варшаўскім універсітэце (Польшча), Вольным універсітэце Берліна (Германія), Вільнюскім універсітэце (Літва).
Асноўная сфера навуковых інтарэсаў — гісторыя фартыфікацый, артылерыі, ваеннай справы, архітэктуры і горадабудаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд ранняга Новага часу. Аўтар шматлікіх публікацый у навуковых выданнях Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны.