Выстава аўтарскага бачання стула
19 кастрычніка ў Мінску, у мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" (Кастрычніцкая плошча,1) адбылася прэзентацыя праекту "Пастулат" Беларускага саюза дызайнераў,
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Разам з генеральным партнёрам праекту айчынным вытворцам крэслаў кампаніяй “Голдоптыма яны прадставілі аўтарскае бачанне стула ў якасці ўтылітарнага прадмету,
арт-аб’екта і мастацкага вобразу ў выяўленчым мастацтве. У галерэі экспануюцца звыш за 100 твораў больш чым 90 дызайнераў, архітэктараў, скульптараў, мастакоў і фатографаў з
Беларусі, Расіі і Эстоніі, у тым ліку працы Сяргея Грыневіча, Канстанціна Вашчанкі, Руслана Найдзена, Віктара Мінко, Вадіма Качана, Зміцера Сурыновіча, Валянціна Борздага, Жаны
Капуснікавай, Барыса Семілетава і Алеся Міхалевіча.
У Мастацкай галерэі народнага мастака СССР і Беларусі Міхаіла Савіцкага (плошча Свабоды, 15) дэманструецца працяг экспазіцыі – узоры стулаў беларускіх вытворцаў мэблі, а таксама крэслы
антыкварныя і гістарычныя. Сярод іх -- стул Кандрата Крапівы, крэсла Васіля Віткі, стул да піяніна Кузьмы Чорнага з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і крэслы з сталічнага
“Антыкварнага салона на вуліцы Герцэна.
У інтэрв'ю карэспандэнту “НЧ старшыня Беларускага саюзу дызайнераў Зміцер Сурскі распавёў, што праект “Пастулат павінен паспрыяць аб’яднанню
вакол сябе дызайнераў, мастакоў і вытворцаў, дыялогу паміж ідэяй і практыкай, а таксама змяніць уяўленне шырокай публікі пра прызначэнне паўсядзённых рэчаў. Паводле ягоных слоў, у любым сваім вобразе
стул суправаджае нас паўсюль і з’яўляецца настолькі звычайнай рэччу для камфорту, што выпадае з-пад увагі. “Паўсядзённасць хавае ад нас сімвалічнае значэнне гэтага аб’екту,
не дазваляе прачыніць заслону яго ідэйнага зместу. Аднак любы ўтылітарны прадмет можа павярнуцца на чалавека сваім унікальным бокам. Нават серыйны выраб у паўсядзённым ужытку набывае свой арыгінальны
змест ад драпіны і наклеенай гумкі, ці ад надпісу і паціны, якую па сабе пакідае час. Але ключавое значэнне стула ў сучаснай культуры выяўляецца ў яго разуменні як арт-аб’екту, прадмету
мастацтва, у каторым фармальны бок з’яўляецца адлюстраваннем аўтарскай канцэпцыі майстра. Стул, як просты аб’ект, найбольш ярка ілюструе адзін з галоўных паСТУЛатаў дызайну:
адзінства функцыі, вобраза і формы, -- сказаў старшыня БСД.
На ягоную думку, праект запачаткуе унікальную калекцыю беларускага музея стула, ідэя стварэння каторага належыць кампаніі “Голдоптыма. Паводле ягоных слоў,
“Пастулат таксама ствараецца як непаўторная на беларускай прасторы фабрыка дызайнерскіх ідэй для прамысловасці.
Як распавёў Сурскі, на выставе ў галерэі “Універсітэт культуры дэманструюцца выбраныя дызайнерскія праекты стулаў, якія сталі фіналістамі конкурсу
“Пастулат-2012.
На конкурс было пададзена 85 розных праектаў ад 38 дызайнераў і аўтарскіх груп з Беларусі, Расіі і Польшчы, сказаў старшыня БСД. Паводле ягоных слоў, пераможцы конкурсу будуць названыя 3 лістапада,
прычым лепшыя працы будуць уганараваныя грашовымі прэміямі і выкананы ў матэрыяле.
Сурскі паведаміў, што ўпершыню конкурсныя праекты былі прадстаўлены публіцы 12 кастрычніка на XIX міжнароднай спецыялізаванай выставе-кірмашы “Мэбля-2012 у нацыянальным выставачным
цэнтры “БелЭкспа.
Акрамя ўсяго, у межах праекту “Пастулат запланаваны лекцыі і майстар-класы па гісторыі стула і мастацтву дызайна.
Старшыня БСД не выключае, што наступны праект творчага аб’яднання можы быць прысвечаны яшчэ аднаму камернаму аб’екту, каторы мажліва здзейсніць ў творчай майстэрні і не патрабуе
вялікіх сродкаў. Гэта можа быць нейкі аксесуар ці свяцільня –настольная лямпа, люстра і таршэр, сказаў Сурскі.
Выставы працуюць да 3 лістапада.