Выстава да 70-годдзя Беларускай акадэміі мастацтваў

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў адкрылася выстава, прысвечаная 70-годдзю заснавання Беларускай акадэміі мастацтваў. На выставе прадстаўленыя дасягненні факультэтаў мастацтва, дызайна і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.



Сярод выкладчыкаў Акадэміі — лепшыя майстры выяўленчага мастацтва Беларусі, сярод якіх: У. Тоўсцік, В. Зінкевіч, А. Фінскі, П. Татарнікаў, А. Арцімовіч, В. Слаўк і іншыя прафесійныя педагогі, што зрабілі істотны ўнёсак у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і дызайну.

Дзякуючы намаганням выкладчыкаў, у сценах Акадэміі яшчэ ў перыяд вучобы найбольш таленавітыя студэнты ствараюць яскравыя ўзоры мастацтва. Напрыклад, мазаічныя творы на фасадзе Храма-помніка Усіх Святых у г. Мінску, выкананыя пад кіраўніцтвам Д. Чубукова, роспіс царквы ў в . Баркалабава Магілёўскай вобл. і інш.. Малады педагог К. Касцючэнка з'яўляецца аўтарам мемарыяльнай кампазіцыі «Брама памяці» на месцы былога канцлагера "Трасцянец". У складзе цяперашняй экспазіцыі яго праца, якая экспанавалася на Міжнароднай біенале мастацтваў у Венецыі ў 2011 годзе.

На выставе прадстаўленыя работы студэнтаў і выкладчыкаў мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя імі за апошнія 5 гадоў.

Мастацкі факультэт прэзентуе сучасны станкавы жывапіс, тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, выяўленчае вырашэнне фільма, станковую і кніжную графіку, лепшыя навучальныя малюнкі, працы ў тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, працы студэнтаў-рэстаўратараў, скульптурную пластыку і інш.На выставе можна пабачыць і творы выкладчыкаў — як прызнаных майстроў мастацтва (В. Зінкевіч, У. Тоўсцік, Ю. Хілько, П. Татарнікаў і інш.), так і прадстаўнікоў маладога пакалення (К. Касцючэнка, У. Малахава, В. Мельнік-Малахава, А. Скарабагатая, А. Ярашэвіч і інш.).

На выставе экспануюцца дыпломныя і курсавыя праекты студэнтаў факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што дае магчымасць пазнаёміцца з вельмі шырокім дыяпазонам твораў — ад аб'ектаў традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва да найноўшых распрацовак у галіне дызайну. Гэта і мадэль новагалегкавога аўтамабіля «Опель», створаная адным са студэнтаў Акадэміі падчас яго стажыроўкі ў нямецкай аўтамабільнай кампаніі; і дэкаратыўны фантан, прысвечаны легендарнаму возера Свіцязь; і цікавыя калекцыі адзення, створаныя пад уплывам традыцыйнай беларускай народнай культуры; і калекцыі мастацкага шкла і металу; і ўзоры мэблі; і праекты разнастайных інтэр'ераў; і серы іплакатаў; і відэаролікі, прысвечаныя актуальным падзеям сучаснага жыцця нашай краіны і яе гісторыі.