Прывітанне з Ліепаі
Ва ўсёй палітры фарбаў і талентаў паўстала экспазіцыя латвійскіх мастакоў, што адчынілася ў Мінску. “Прывітанне, Беларусь!” — з такой непасрэднай і шчырай назвай выстава адрасуецца ўсім аматарам мастацтва.
“Гэта насамрэч вельмі яркая і прыгожая выстава”, — падзяліўся ўражаннямі падчас прэзентацыі і намеснік латвійскага амбасадара Гінтс Серафіновічс. Аўтары шчодра дзеляцца сваімі эмоцыямі і энергіяй, якія яны ўвасобілі ў палотнах.
У галерэі М. Савіцкага размясціліся 63 карціны 33 мастакоў з Ліепаі. А беларусам прадстаўляецца рэдкая магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сучасных латышскіх майстроў у самым шырокім спектры.
Гэта і разнастайныя кірункі — ад рэалізму да постмадэрнізму і абстракцыянізму. І тэхнікі: акрамя жывапісных палотнаў — калаж з тканіны, валенне з воўны, вышыўка і фотамантаж. Гэта і розныя тэмы і настроі аўтараў. Яніс Гунарс Калнмаліс паказаў Латвію ў яркіх фарбах пейзажу. Водная стыхія Беніты Бітане паўстала ў шэра-дажджлівых танах. Адзінота і сум — у карцінах Івоны Каліта з бадзяжным сабакам і Ілоны Слайдзіня з самотнай жаночай постаццю. Жанр “ню” прадставіў Андрыс Мілерс, а Дзінтра Разентале захавала ў акварэлі вуліцу ў Старой Ліепаі.
Як паведаміла дырэктар Ліепайскага музея Дацэ Каркла, выставу рыхтавалі паўгады. “Тут можна паглядзець аўтараў розных пакаленняў, — адзначыла яна. — Экспазіцыя паказвае, як сёння ў Ліепаі працуюць мастакі. На гэтай выставе пераважна прадстаўлены творы апошніх гадоў. Наш музей у снежні адзначаў 90-годдзе. Мы паказваем гісторыю горада і рэгулярна робім мастацкія выставы. На гэтай выставе вы таксама адчуваеце дух Ліепаі, дух Латвіі. І я хачу, калі вы паедзеце ў Латвію, усіх вас запрасіць у Ліепайскі музей”.
А кіраўнік аддзела культуры горада Ліепая Юрыс Юргенс на прэзентацыі наўпрост прызнаўся ў любові да беларусаў і Беларусі:
“У 1984 годзе я недалёка ад Мінску служыў салдатам. Я вырашыў вярнуцца ў Беларусь, у Менск, калі я не буду салдатам, змагу ісці куды хачу і рабіць тое, што хачу. Прайшло 30 гадоў. Я скончыў універсітэт, зрабіў кар’еру і вось толькі зараз я ў Беларусі. Учора вечарам, сёння днём я адчуў — не змянілася нічога: гэта дабрыня і гасціннасць, якая ідзе ад людзей. Я шмат дзе быў. Але так, як у Беларусі, не адчуваў сябе нідзе. Я так люблю вас усіх! Сёння я выступаю не як чыноўнік, а проста як чалавек, які вельмі добра пачувае сябе тут”.
Прадстаўнікі латвійскай дэлегацыі і Беларускага саюза мастакоў выказаліся за сталае супрацоўніцтва. Плануецца, што яно будзе мець працяг ў Ліепаі, куды ўжо з прывітаннем з Беларусі прыедуць беларускія мастакі.