«Вытокі» музычна-турыстычнага сезону ў Верхнім горадзе
Летні музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе, распачаты святкаваннямі ў гонар 950-годдзя Мінска, працягнуўся святам беларускай культуры «Вытокі» 30 красавіка.
З усёй краіны з’ехаліся майстры народнай творчасці і рамеснікі, на сцэне ля канцэртнай залы «Верхні горад» выступалі народныя ансамблі, на святочнай пляцоўцы можна было пакаштаваць стравы беларускай кухні.
На рамесным кірмашы было шмат сучаснай творчасці (такія вырабы звычайна маюць на ўвазе, калі кажуць hand-made), але і нямала майстроў, што арыентуюцца на аўтэнтычныя ўзоры.
Народныя майстры Любоў Яшчанка і Вячаслаў Якавенка з Крычава лепяць гліняныя цацкі па даўніх традыцыях Падняпроўя. Прадстаўнікі Стаўбцоўскага раёна прыехалі з кошыкамі, зробленымі са шчапы. Іх часам выкарыстоўваюць як тару для клубніцаў, але часцей як сувенір. Кераміст з Мінска запрашаў на майстар-класы, якія каштуюць «усяго» 40 рублёў за раз. Радуе, што металічныя вырабы, зробленыя як стылізацыя археалагічных знаходак, цяпер можна набыць не толькі на рыцарскіх фэстах.
У Карэтным дворыку праходзіў Спеўны сход, які аб’яднаў адразу некалькі мерапрыемстваў: майстар-класы па тэхніках спеваў і розных відах песень, выступы гуртоў «МЯРЭЖА» і «РАДА», музыкі Паўла Бортніка.
Працэс пераймання «РАДАЙ» прыпевак ад «ТАНЯЖАНКІ»
«РАДА» спявала ў асноўным палескія песні ды прыпеўкі, запісаныя самімі ж музыкамі непасрэдна ад носьбітаў фальклору. Вялікую частку выступу займала спадчына вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна. «РАДА» калісьці пазнаёмілася з гуртом «ТАНЯЖАНКА» ў Польшчы і некалькі разоў ездзіла да бабуль у госці. «З гуртом мы добра знаёмыя — распавядаў Васіль Мардачоў — Там шмат дзяўчат, усім ім пад восемдзесят, яны нам падабаюцца…» Вёска Тонеж адметная тым, што там жыў культавы для пераймальнікаў фальклору спявак Сцяпан Дубейка, праслаўлены даследчыцай этнамузыкалогіі Зінаідай Мажэйкай у шэрагу фільмаў і кніжак.
Тонежскую «Магеру» наведвальнікам «Спеўнага сходу» было лёгка вывучыць: «РАДА» запявала куплеты, а публіка падхоплівала прыпеў «Чы, чы, магера, на прыпечку сядзела, на прыпечку сядзела, у вакенца глядзела». Спачатку куплеты ішлі быццам бы бяскрыўдныя. А потым музыкі спыніліся і Аляксандр Жукоўскі абвясціў: «А цяпер — куплеты, што цэнзура не прапусціла ў кніжку «Беларускі эратычны фальклор». І пайшлі сюжэты кшталту «Я з дзяўчатамі вяду доўгія размовы, то на лаўку пакладу, то на стол дубовы». Таму самае цікавае і непадцэнзурнае на відэа бліжэй да канца.
Жартавалі музыкі гурта «РАДА» няспынна:
— Вам якую, павольную песню ці весялейшую? — пыталіся ў публікі.
— Весялейшую!
— А, вам бугі-вугі толькі падавай!
Пасля выступу «спусціліся ў народ», каб спяваць усім разам.
У межах свята распачаў вулічны сезон клуб традыцыйных танцаў «СІТА». Калі дазволіць надвор’е, танцы будуць праходзіць у Музычным завулку па вечарох штонядзелі да восені. Да танцораў можа далучыцца кожны ахвочы, адзіная складанасць, што гэта не майстар-класы, а вечарыны на вольным паветры, таму ніхто нікога не вучыць і аматарам даводзіцца ці глядзець на тых, хто ўпэўнена таньчыць і паўтараць за імі, ці выконваць уласныя варыянты танцаў.
Клуб
«СІТА» і капэла «НА ТАКУ» ладзяць танцы ў Верхнім горадзе па нядзелях улетку
ўжо некалькі гадоў запар. У першую чаргу тут танчаць беларускае, але не толькі.
Любяць прыбалтыйскія танцы, французскія і польскія. Далучайцеся!
Так нараджаюцца стрымы блогеркі Алены Прохаравай, што нядаўна дзялілася з НЧ уражаннямі ад фэсту «Прывіды Тахелеса»
Пад
вечар выступіў фольк-мадэрн гурт «МАЛАЛА». Апошні яшчэ амаль невядомы
шырокай публіцы. Удзельніцы прэзентуюць сябе так: «Беларуская дзяржаўная акадэмія
мастацтваў аб’яднала трох дзяўчат на глебе творчага пошуку ў галіне непамерна
вялікай і дасюль да канца не спазнанай, імя якой — фальклор і этнічная музыка. Шлях стварэння гурта «МАЛАЛА» кранае
спробы сябе ў новых напрамках цымбалісткі, заснавальніцы гурта Юліяны Шырмы, ляжыць праз сустрэчу з
акардэаністкай Алёнай Грыб, і
прыводзіць да перакрыжавання лёсаў з актрысай Іларыяй Шашко, рукі якой здольныя ажыўляць такі незвычайны для
Беларусі інструмент, як кельцкая арфа. Неспакойныя сэрцы шукаюць у кожным творы
асабістую драматургію, таму іх аранжыроўкі здольныя ствараць непаўторную
атмасферу песні».
Улетку ў Верхнім горадзе амаль штосуботы праходзяць культурніцкія імпрэзы. Сачыце за навінамі!
Фота і відэа Алены Ляшкевіч