З краіны абсурду — у Краіну Цудаў. Льюіс Кэрал і яго «Аліса...»

У гэты дзень, 4 ліпеня, у далёкім 1862 годзе брытанскі пісьменнік Льюіс Кэрал пачаў пісаць сваю знакамітую казку пра прыгоды дзяўчынкі Алісы і дзівосную краіну, у якой магчыма немагчымае.

Чаяванне ў Шляпніка. Ілюстрацыя з арыгінальнага выдання. Крыніца фота: culturefrontier.com

Чаяванне ў Шляпніка. Ілюстрацыя з арыгінальнага выдання. Крыніца фота: culturefrontier.com

Спытайце ў любога дарослага, якія дзіцячыя казкі ён ведае, — і вы дакладна пачуеце сярод адказаў назвы знакамітых кніг Льюіса Кэрала «Аліса ў Краіне Цудаў» («Alice's Adventures in Wonderland») і «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» («Through the Looking-Glass, and What Alice Found There»). Гэтыя кнігі сталі культавымі яшчэ пры жыцці пісьменніка і з часам не страцілі ні кроплі папулярнасці і сваёй каштоўнасці. Хутчэй наадварот — яшчэ ніколі «Аліса...» не была такой папулярнай, як сёння.

Яе аўтар, брытанскі пісьменнік Льюіс Кэрал, быў вельмі цікавай і незвычайнай асобай. Сапраўднае імя творцы — Чарльз Лютвідж Доджсан — не вельмі яму падабалася (таму яго маленькія сяброўкі, некаторыя з якіх сталі прататыпамі герояў кэралаўскіх казак, называлі яго Додо), але, тым не менш, зрабіла яго вядомым у свеце матэматыкі. Менавіта пад гэтым імем выйшла некалькі прац, прысвечаных розным матэматычным праблемам: Доджсан распрацаваў уласную графічную тэхніку для знаходжання рашэння лагічных задач, якая была значна больш зручнай, чым дыяграмы, што выкарыстоўваліся ў тыя часы. Акрамя таго, казачнік віртуозна рашаў «сарыты» — асаблівыя лагічныя задачы, якія складаюцца з паслядоўнасці сілагізмаў, выманне заключэнняў аднаго з якіх становіцца перадумовай для іншага, пры гэтым усе пакінутыя спасылкі ў такой задачы былі перамяшаныя. 


Рускі пераклад казак Льюіса Кэрала

Рускі пераклад казак Льюіса Кэрала

Відавочна, што талент матэматыка дапамог яму ў стварэнні абсурднага і, у той жа час, вельмі лагічнага свету Краіны Цудаў і Залюстрэчча, дзе пануюць свае законы, якія расчытваюць нават навукоўцы ў сваіх працах (прынамсі, матэматыкі вельмі шануюць гэтыя кнігі). Але мала каму вядома, што Кэрал пісаў вершы і па-за старонкамі сваіх казак — гумарыстычныя, парадыйныя, але тым не менш — і друкаваў іх у такіх буйных брытанскіх выданнях, як, напрыклад, «Таймс».

Вось яшчэ некалькі цікавых фактаў, якія трэба ведаць, каб зразумець, адкуль «растуць ногі» у геніяльных казак пра прыгоды Алісы. З дзяцінства Кэрал быў ляўшой, што ў тыя часы лічылася заганай і грахом — і таму хлопчыка перавучвалі. Гэты досвед быў вельмі траўматычным, таму пакінуў «на памяць» будучаму пісьменніку заіканне, праз якое камунікацыя з дарослымі для яго заўсёды была пакутай. Плюс да ўсяго, ён не чуў на адно вуха, і гэта таксама дадавала складанасцей. Таму нашмат прасцей яму было з дзецьмі — з імі ён мог расслабіцца і дазволіць сабе не думаць пра этыкет, абавязкі і іншыя «дарослыя» рэчы.

У пісьменніка было шмат кніг і рукапісаў — як уласных, так і чужых, шмат з якіх не дайшлі да нашага часу проста таму, што яго браты іх спалілі і папрадавалі. «Чаму?» — спытаеце вы. А вось проста так. Проста таму, што маглі. Раздражняла іх вучонасць і слава брата. Так што хто яго ведае — можа, свет мог бы зачытвацца і іншымі казкамі і апавяданнямі Кэрала, калі б яны «выжылі».

Так ці інакш, наўрад ці памылюся, калі скажу, што творца апярэдзіў свой час. Яму было цесна ў ім, цесна сярод тых парадкаў, якія панавалі ў тагачасным брытанскім грамадстве, і многія з іх ён прыхавана (а часам вельмі нават адкрыта) высмеяў у сваіх творах. І гэты тонкі сарказм складае значную частку з таго, за што мы любім «Алісу...».


Над морам сонца ясны дыск

Зіхцеў — аж іскры з воч.

Разгладзіць хвалі ён хацеў,

Раўнюткія — хоць кроч.

І гэта дзіўна, бо паўсюль

Была глухая ноч.


А поўні змрочнае святло

Пыталася: — Чаму?

Што робіць сонца тут? Няўжо

Замала дня яму?

Яно тут свеціць і псуе

Мне ўтульную турму!


Графічны раман паводле «Alice in Wonderland» Кэрала

Графічны раман паводле «Alice in Wonderland» Кэрала

Ці вось яшчэ — знакамітае:


Жаўтун-Баўтун сядзеў на муры.

Жаўтун-Баўтун зваліўся згары.

І ўся Каралеўская конніца, і ўсе ваяры Караля

Ніяк не маглі Жаўтуна-Баўтуна сабраць па кавалку пасля!


Гісторыя стварэння першай мастацкай кнігі Кэрала сама па сабе ўжо стала казкай. 4 ліпеня 1862 года маленькая Аліса Лідэл, прататып казачнай Алісы, разам са сваімі сёстрамі Эдыт і Ларыны каталася на лодцы ў кампаніі іх вялікага сябра Чарльза Доджсана. Аліса папрасіла яго скласці гісторыю для яе і яе сясцёр, і Доджсан, якому і раней даводзілася расказваць дзецям свайго начальніка Лідэла казкі, прыдумляючы падзеі і персанажаў на хаду, з гатоўнасцю пагадзіўся — і расказаў сёстрам пра прыгоды маленькай дзяўчынкі ў падземнай краіне, куды яна трапіла, праваліўшыся ў нару Белага Труса. Галоўная гераіня вельмі нагадвала Алісу (і не толькі імем), а некаторыя другарадныя персанажы — яе сясцёр Ларыну і Эдыт. Гісторыя так спадабалася Алісе Лідэл, што яна папрасіла Додо запісаць яе. Той пагадзіўся і праз некаторы час падарыў ёй манускрыпт, які называўся «Прыгоды Алісы пад зямлёй». Пазней аўтар вырашыў перапісаць кнігу. Для гэтага вясной 1863 года ён адправіў яе на рэцэнзію свайму сябру Джоржу Макдональду. Таксама ў кнігу былі дададзены новыя дэталі і ілюстрацыі Джона Тэніела. Новую версію кнігі Доджсона (ён жа, нагадаю, Льюіс Кэрал) паднёс сваёй маленькай сяброўцы на Каляды 1863 года. У 1865 годзе кніга «Прыгоды Алісы ў Краіне Цудаў» афіцыйна пабачыла свет. Другая кніга выйшла праз шэсць гадоў, у 1871 годзе, а рукапісны асобнік, які Доджсан падарыў калісьці Алісе Лідэл, захоўваецца ў Брытанскай бібліятэцы.


Беларускі пераклад «Алісы...»

Беларускі пераклад «Алісы...»

Кнігі Кэрала — гэта казка, пераплеценая з рэальнасцю, гэта свет выдумкі і гратэску. Падарожжа Алісы — гэта шлях фантазіі чалавека, вольнага ад умоўнасцей «дарослага» жыцця, а свет, створаны Кэралам для яго любімых герояў, ёсць прасторай дзе магчыма самае немагчымае, што так любяць дзеці — і менавіта кнігі Кэрала вельмі блізкія ім. Мала якія мастацкія творы маюць столькі чытачоў, пераймальнікаў і тых, хто іх не любіць, як творы Люіса Кэрала, што адназначна нікога не пакідаюць абыякавымі. Адпраўляючы Алісу ўніз па трусінай нары, аўтар нават не ўяўляў, куды прывядзе яго фантазія, і ўжо тым больш не ведаў, які водгук сустрэне гэтая гісторыя.

Падарожжа Алісы ў Краіну Цудаў і ў таямнічае Залюстрэчча адбываюцца нібы ў сне. Іх складана назваць цэльным аповедам, лагічна выбудаваным і завершаным. Гэта хутчэй шэраг яркіх, часам абсурдных, часам смешных і кранальных падзей і запамінальных сустрэч з персанажамі. Драбненне аповеду на эпізоды дазволіла праз шэраг запамінальных сустрэч з яркімі і пазнавальнымі персанажамі адлюстраваць каларыт брытанскага жыцця, па-новаму зірнуць на тагачасны быт, абыграць вядомыя ідыёмы і клішэ (згадайце толькі знакамітую «гульню з часам» у сцэне чаявання ў Шляпніка!). Асобнай увагі заслугоўваюць таксама вершы, дзякуючы якім знакамітымі сталі, напрыклад Жаўтун-Баўтун, Мармазяўр і іншыя. 


Глядзіце таксама

Дарэчы, калі вы не ведалі, існуе беларускі пераклад «Алісы...», віртуозна зроблены паэткай і перакладчыцай Верай Бурлак. Шыкоўна аформленая мастачкай Кацярынай Дубовік, яна выйшла ў далёкім і несапраўдным цяпер 2017 годзе ў тады яшчэ існуючым выдавецтве «Галіяфы». Сёння яе можна пабачыць хіба што ў тых шчасліўцаў, якія паспелі займець сабе адзін (а можа, і не адзін) з тысячы асобнікаў накладу.

Акрамя прыгожых і незвычайных малюнкаў, кніга багатая на сапраўдныя моўныя скарбы. Вера Бурлак пастаралася — і зрабіла кэралаўскі абсурд вельмі блізкім і пазнавальным для беларускага чытача. Для ўзору прывяду такі прыклад:

«— Дык ты наогул не любіш жамяру? — спытаў Камар так спакойна, быццам нічога не адбылося.

— Чаму ж? Калі яна ўмее размаўляць — люблю, — сказала Аліса. — Але там, адкуль я прыйшла, ніхто з іх не размаўляе.

...

— Але мы губляем час. Дык якая ў вас ёсць жамярыца?

— Ну, напрыклад, Авадзень, — пачала Аліса і загнула палец.

— Вось як! — сказаў Камар. — А паглядзі: трохі вышэй на гэтым кусце сядзіць Аваноч. Яна чорная, уся ў зорачках, спявае калыханкі і засынае з першымі промнямі сонца.

— А чым яна жывіцца? — спытала ўражаная Аліса.

— Снатворным, — адказаў Камар.

...

— Ёсць яшчэ Зялёная Муха.

— Паглядзі на галінку якраз над табой, — прапанаваў Камар. — Там сядзіць Зялёная Сёмуха. Яе тулаўка нагадвае русальчын хвосцік, крылцы зроблены з бярозавага лісця, а галава — малая царкоўная свечачка».


Верш пра Мармазяўра ў перакладзе Веры Бурлак

Верш пра Мармазяўра ў перакладзе Веры Бурлак

І гэта толькі адзін прыклад з бясконцага мноства гульні слоў, складаных канструкцый і паэтычных замалёвак, пераствораных у «Алісе...» па-беларуску. Шкада, што цяпер кнігу ўжо не знайсці. Але, можа быць, калі-небудзь, калі ў Беларусь вернуцца свабода, культура і іншыя важныя рэчы, вернуцца і кнігі — і маленькія і дарослыя чытачы казак Льюіса Кэрала зноў змогуць патрымаць у руках любімую казку на роднай мове. А можа, мы яшчэ ўбачым і новыя выданні?