Заканадаўца нораваў і густаў. Шведскія прыгоды нобелеўскай лаўрэаткі

Сэльма Лагерлёф (1858–1940) — вядомая шведская пісьменніца, першая жанчына, якая ў 1909 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры, — «як даніну высокаму ідэалізму, яскраваму ўяўленню і духоўнаму пранікненню, якімі вызначаюцца ўсе яе творы».

1_selma_laherljof.__fota_wikipedia.org.jpeg


Райская птушка

Сэльма Атылія Лувіса Лагерлёф нарадзілася ў сядзібе Марбакка ў шведскай правінцыі Вермланд. Бацька — адстаўны вайсковец, маці — настаўніца, у сям’і было шасцёра дзяцей. Маляўнічая прырода Вермланда, казкі і паданні, расказаныя бабуляй і цёткай, — усё гэта сфармавала ўнутраны свет дзяўчынкі. У трохгадовым узросце ў Сэльмы здарыўся параліч, і яна аказалася прыкаванай да ложка. Родныя акружылі яе клопатам, любоўю, чароўнымі гісторыямі і кнігамі. Яна вельмі рана навучылася чытаць, а потым пачала складаць уласныя гісторыі і вершы.

Сэльма заўсёды верыла ў цуды. Калі дзяўчынцы было дзесяць гадоў, яе бацька вельмі цяжка захварэў. Яна вырашыла прачытаць усю Біблію ў надзеі, што Бог пашле яму выздараўленне. Эрык Густаў Лагерлёф сапраўды паправіўся і пражыў яшчэ сямнаццаць гадоў.

Гісторыя яе ўласнага выздараўлення, расказаная пісьменніцай у аўтабіяграфіі «Марбакка» (1922), таксама незвычайна характэрная. Аднойчы ўлетку, калі сям’я Лагерлёф адпачывала на моры, да берага прычаліў карабель, на якім, як казалі, жыла нейкая райская птушка. Усе пайшлі паглядзець на яе. Не ведаючы, што дзяўчынка паралізаваная, юнга прапанаваў ёй спусціцца ў трум, дзе знаходзілася клетка. Сэльма пайшла за ім, не задумваючыся, а ўбачыўшы птушку, узлезла на крэсла, каб як след яе разгледзець. І толькі калі ў трум спусціліся сваякі, стала зразумела, што дзяўчынка ачуняла: «Як жа ўсе ўзрадаваліся! Мэта паездкі дасягнута, дарагая задума не прайшла дарма! Малая будзе не бездапаможнай няшчаснай калекай, а нармальным, паўнавартасным чалавекам!». (С. Лагерлёф, «Марбакка»).

Аднак у афіцыйных біяграфіях пісьменніцы згадваецца толькі лячэнне ў спецыялізаванай стакгольмскай клініцы і сцвярджаецца, што менавіта там да Сэльмы вярнулася здольнасць хадзіць. Праўда, невялікая кульгавасць суправаджала яе да канца жыцця, з-за чаго яна карысталася кійком. Магчыма, эпізод з райскай птушкай быў толькі дзіцячай марай ці прыгожай фантазіяй казачніцы. У аўтабіяграфіі Лагерлёф адзначала, што дарослыя дзякавалі паветру, мору і купанню, якія спрыялі акрыянню, а сваёй здагадкай яна ні з кім не падзялілася.

Настаўніца стала вядомай пісьменніцай

У 1881 годзе, насуперак волі бацькі, Сэльма паехала ў Стакгольм і паступіла ў ліцэй, а затым у Вышэйшую педагагічную семінарыю. Дыплом дазволіў ёй заняць пасаду настаўніцы пачатковай школы для дзяўчынак у маленькім мястэчку Ландскруна на поўдні Швецыі. Лагерлёф жыла ў мансардным паверсе школы. Яна палюбіла гэтую працу і сваіх вучаніц, але ў душы ніколі не пакідала мару стаць пісьменніцай.

У гэтыя гады адбыліся сумныя падзеі: у 1885 годзе памёр бацька Сэльмы, а праз тры гады Марбакка была прададзена за даўгі. Перажыванні прымусілі Лагерлёф вярнуцца да гісторыі, якую яна пачала пісаць яшчэ ў семінарыі. Дэбютны раман — «Сага пра Ёста Берлінга» — перамог у конкурсе часопіса «Іdun» і быў выдадзены ў 1891 годзе.

Праз чатыры гады Сэльма Лагерлёф пакінула школу і цалкам прысвяціла сябе літаратуры. Яна здзейсніла некалькі падарожжаў па Еўропе, Егіпце, Палестыне. У канцы 1880-х — пачатку 1890-х гадоў выходзяць яе раманы «Цуды Антыхрыста» (1897), «Іерусалім» (1902), «Грошы спадара Арнэ» (1904), зборнік апавяданняў «Легенды пра Хрыста» (1904). Сэльма Лагерлёф стала вядомай пісьменніцай.

Падручнік па геаграфіі ці чароўная казка?

Самай папулярнай кнігай Сэльмы Лагерлёф з’яўляецца двухтомная эпапея «Дзіўнае падарожжа Нільса Хольгерсана па Швецыі» (1906–1907), першапачаткова задуманая як захапляльны навучальны дапаможнік па геаграфіі Швецыі для першакласнікаў.

У 1904 годзе кіраўнік Усеагульнага саюза настаўнікаў народных школ Швецыі Альфрэд Далін, адзін з перадавых педагогаў і асветнікаў свайго часу, прапанаваў Сэльме Лагерлёф перапрацаваць тэкст падручніка 1868 года, які ўжо састарэў. А. Далін хацеў стварыць серыю новых, актуальных навучальных дапаможнікаў, падключыўшы да ўдзелу ў праекце не толькі выкладчыкаў, але таксама вядомых пісьменнікаў, журналістаў, дзеячаў культуры. Сэльма Лагерлёф падышла да справы вельмі сур’ёзна: вывучыўшы матэрыял старога падручніка, яна ўзялася за навуковыя крыніцы — кнігі па геаграфіі, геалогіі, батаніцы, заалогіі, гісторыі, фалькларыстыцы. Затым здзейсніла вялікае падарожжа па Швецыі, наведаўшы гістарычныя правінцыі і знакавыя месцы, у тым ліку вядомы медны руднік у Фалуне. Самым цяжкім было прыдумаць арыгінальны сюжэт. Лагерлёф пісала, што чэрпала натхненне ў «Маўглі» Р. Кіплінга, казцы «Невядомы рай» Р. Густафсана, аповесці «Падарожжа Шчасліўчыка Пяра» А. Стрындберга.

Аднак канчаткова задума кнігі склалася, калі пісьменніца прыехала ў Вермланд, у родную сядзібу Марбакка. Там яна ўспомніла некаторыя эпізоды свайго дзяцінства, у тым ліку гісторыю пра хатняга гуся, які аднойчы ўвесну паляцеў разам з дзікімі пералётнымі суродзічамі. Увосень ён вярнуўся дадому з дзікай гусыняй і гусянятамі, але злосная гаспадыня зарэзала ўсё сямейства. Гэта і стала асноўным сюжэтаўтваральным матывам. Найважнейшым складнікам кнігі стаў матыў перараджэння героя — з эгаістычнага капрызнага хлопчыка ў чалавека, які ўмее разумець і суперажываць чужым няшчасцям і радасцям, гатовага аддаць сваё жыццё дзеля выратавання сябра. З вандравання Нільс вяртаецца сапраўдным чалавекам.

Падарожжа хлопчыка на спіне гусака адкрывала для пісьменніцы неверагодныя магчымасці. Яна магла паказаць сваім чытачам літаральна ўсю Швецыю: непаўторнае аблічча і гісторыю яе правінцый і гарадоў, рэк і азёр, астравоў і шхер, гор і лясоў, маёнткаў, замкаў і сабораў, а таксама сельскую і лясную гаспадарку, прамысловасць кожнай вобласці. Дарэчы, у кнізе няма ніводнага прыдуманага наймення, назвы рачулкі або хутара, сярэднявечнага замка або цукровага завода. Падрабязна паказаны побыт сельскіх жыхароў, прылады іх працы, уладкаванне жылля.

У «Дзіўным падарожжы Нільса…» знайшоў сваё адлюстраванне і зусім іншы, нематэрыяльны свет. Гэта шведскія народныя легенды і паданні, традыцыі і святы: Дзень святой Люсіі і святога Марціна, Вальпургіева ноч, калядныя звычаі, паданні пра таямнічы патанулы горад Вінета і пра гіганцкі камень Маглестэн, легенда «Рог і дудачка з Юнгбю», казачныя лесавікі, тролі і гномы.

Асобным героем кнігі стала прырода Швецыі: расліны і жывёлы, краявіды, ландшафт і клімат краіны. Сэльма Лагерлёф адкрыла чытачу яркі, адушаўлёны свет прыроды, шмат у чым натхнёны народнымі паданнямі. Так, рэкі і азёры жывуць сваім уласным жыццём: часам яны выпраменьваюць прыгажосць і гармонію, а часам — небяспеку стыхіі. Асабліва падрабязна, часам з дакладнасцю арнітолага, яна апісвае птушак: разнастайнасць іх відаў, умовы пасялення, аж да драбнюткіх дэталяў.

Аднак спачатку кніга падвяргалася нападкам з боку некаторых шведскіх навукоўцаў, географаў і заолагаў, якія вінавацілі пісьменніцу ў памылках і некаторых фантастычных дапушчэннях. Бо гэта быў не проста мастацкі твор, а навучальны дапаможнік для школьнікаў. Але, нягледзячы на гарачыя спрэчкі крытыкаў, «Дзіўнае падарожжа Нільса…» неўзабаве пасля публікацыі ўсё ж з’явілася ў шведскіх школах, і дзеці прынялі кнігу з захапленнем. Сэльма Лагерлёф была літаральна завалена лістамі ад удзячных чытачоў, кожнаму з якіх старалася адказаць.

Першае шведскае выданне ''Дзіўнага падарожжа Нільса...'"

Першае шведскае выданне ''Дзіўнага падарожжа Нільса...'"

Нобелеўская прэмія, вяртанне роднага маёнтка і апошнія гады

У 1907 годзе Лагерлёф абралі ганаровым доктарам Упсальскага ўніверсітэта, а ў 1909-м ёй была прысуджана Нобелеўская прэмія па літаратуры. Яна стала першай жанчынай, якая атрымала гэтую высокую літаратурную ўзнагароду. У сваёй прамове на ўручэнні прэміі адзін з чальцоў Шведскай акадэміі, гісторык Клас Анэрстэдт, назваў Сэльму Лагерлёф «заканадаўцай нораваў і казачніцай», здольнай вярнуць Швецыі яе былую славу шляхам адраджэння ідэалаў і высокай маральнасці, а не дзякуючы ваенным подзвігам.

На грошы Нобелеўскай прэміі Лагерлёф выкупіла сельскагаспадарчыя землі і лес, якія прылягалі да дома ў Марбакку (сам дом яна купіла яшчэ ў 1907 годзе). У 1914-м яна першай з жанчын увайшла ў склад Шведскай акадэміі.

Аднавіўшы гаспадарку і пабудаваўшы новы дом, Лагерлёф пражыла ў любімым маёнтку Марбакка ўсё астатняе жыццё. Тут былі напісаны раман «Імператар Партугальскі» (1914), знакамітая трылогія пра Лёвеншольдаў («Пярсцёнак Лёвеншольдаў» (1925), «Шарлота Лёвеншольд» (1925) і «Ганна Сверд» (1928)), а таксама тры кнігі мемуараў: «Марбакка» (1922), «Запіскі дзіцяці» (1930) і «Дзённік Сэльмы Атыліі Лавісы Лагерлёф» (1932).

На пачатку Зімняй вайны пісьменніца ахвяравала свой Нобелеўскі залаты медаль Шведскаму нацыянальнаму фонду дапамогі Фінляндыі (аднак урад знайшоў неабходныя сродкі іншым спосабам, і медаль быў вернуты). У 1940 годзе, за год да смерці, Лагерлёф дапамагла аформіць шведскую візу нямецкай паэтцы яўрэйскага паходжання Нэлі Закс (якая пазней, у 1966 годзе, таксама атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры) і яе маці, што выратавала іх ад нацысцкіх лагераў смерці.

Сэльма Лагерлёф памерла ва ўзросце 81 год ад перытаніту ў сваім родным маёнтку Марбакка.

Сядзіба Марбакка. Фота wikipedia.org

Сядзіба Марбакка. Фота wikipedia.org