Зянон Пазьняк прэзентаваў у Нью-Ёрку сваю новую кнігу вершаў (фота, відэа)
У Беларускім саборы святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 22 красавіка адбылася лекцыя і прэзентацыя кнігі перакладаў паэзіі Зянона Пазьняка "Вокс Ангэліка".

Фота Віктара Дударава
Кніга складаецца з дзвюх частак — “Асновы” (каля 200 вершаў Зянона па-беларуску) і “Перакладаў” гэтых вершаў на 32 мовы свету (у тым ліку на лаціну). У Прадмове на трох мовах напісана, як стваралася кніга, адзначаны мовы і перакладчыкі.

Фота Віктара Дударава
Ад пачатку прэзентацыі сп. Пазьняк даў цікавую лекцыю пра развіццё культуры, важную ролю літаратуры ў ёй.
Падзяліўся сваёй упэўненасцю, што беларускай культура, якая перажывае зараз свае не лепшыя часы, як толькі атрымае штуршок свабоды, пачне развівацца паскораным тэмпам і хутка дасягне ўзроўню развітых краінаў, што адаб'ецца і на літаратуры.

Фота Таццяны Красоўскай
Акрамя таго, сп. Пазьняк распавёў аб тым, што якасныя пераклады твораў сусветнай літаратуры ўзбагачаюць беларускую літаратуру, а праз яе беларускае мысленне ўвогуле. А пераклады беларускіх твораў на іншыя мовы свету дазваляюць данесці беларускую думку, бачанне сусвету людзям усяго свету.
Надалей аўтар падзяліўся сваёй тэхнікай напісання вершаў, адметнасцямі асабістага стылю і крыніцамі свайго натхнення, назваўшы такіх пісьменнікаў, як Максім Багдановіч, Ван Вэй і Басё.
Фота Віктара Дударава і Таццяны Красоўскай.
Відэа Віктара Дударава