Змітрок Бядуля: «Жыве Беларусь!»

У пераломныя часы пісаў свае творы Змітрок Бядуля. Многія ягоныя зацемкі, фельетоны і публіцыстычныя заклікі ніколі не перадрукоўваліся, але яны выглядаюць, як быццам напісаныя сёння. І гэта сапраўдныя скарбы.

Змітрок Бядуля

Змітрок Бядуля


Артыкул «Уся сіла ў праўдзе» Бядуля склаў у 1912 годзе. У віншавальным пасланні да сёмае гадавіны «Нашае нівы» пісьменнік ясна і коратка сфармуляваў нацыянальную ідэю Беларусі.
Першапублікацыя: «Наша ніва» 16 лістапада 1912, №46, с. 4. Твор падаецца сучасным правапісам. Для публікацыі падрыхтаваў Самуіл Арнейскі.Працяг будзе

Уся сіла ў праўдзе (К 7-й гадаўшчыне «Н.Н.»)

Апасля таго, як мы прагледзім гісторыю кожнага народу паасобку, або агульналюдскую гісторыю прагрэсу, з самага пачатку да цяперашніх дзён, то ўбачым адно: пры якіх бы варунках народы і чалавецтва не знаходзілася, па якіх бы невядомых і блудных сцежках не брадзілі, а ўсё ж вырываліся і стараліся вырвацца на просты шлях. Якія б перашкоды і труднасці на спатыкаліся ім на дарозе, а дзеля таго выходзілі да таго свайго жолабу, у каторым, як у рэчцы, плысці ім назначыла сама прырода. Уся сіла ў праўдзе, вось у гэтых кароткіх словах уся філасофія жыцця, уся тая чыстая навука, да каторай усе жадаюць дабрацца. Калі мы паглянем на наша нацыянальнае адраджэнне, то колькі перагародак, пастаўленых на дарозе, мы перамаглі? Кожны з нашых суседаў хацеў нас нацягнуць на свой капыл, перакарабаціць нас на свой лад, высоўваючы сваю філасофію:
«Уся праўда ў сіле!»
І крыўдзілі, і калечылі нас беспатольных і да таго перамуштравалі, што мы самі пачалі пытацца:
«Хто мы такія?»
Але праўда-праўдай, і як не перайначвалі, не няньчылі нас, мы апасля некалькіх сталеццяў выдалі кліч на свет увесь, што: «жыве Беларусь!» Жыве беларускі народ!
І цяпер у сёмую гадаўшчыну нашай роднай газеты, адзін толькі кліч, адзін прывет вырываецца з грудзей свядомага Беларуса, каторы напаўняе радасцю сэрца і ёсць найбольшай платай за паложаную працу ўсім працаўнікам на роднай ніве, гэта:
«Жыве Беларусь!»