«А тым, хто не будзе браць — адключым газ»

Менавіта гэтая культавая фраза з не менш культавага кінафільму «Брыльянтавая рука» ўзгадваецца з нагоды чарговага «ўльтыматуму Мядзведзева».

01fbb147b2f25df9a4b6643bc3b3cc57.jpg


У прынцыпе, гэтага трэба было чакаць. Яшчэ 19 снежня на прэс-канферэнцыі ў Маскве Уладзімір Пуцін заявіў, што кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці, магчымы пры стварэнні наднацыянальных органаў. Пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Максім Арэшкін паведаміў журналістам, што пакуль не дасягнута пагадненне па нафце, газе і падатковай сферы.

Але зараз Мядзведзеў выдаў сенсацыю. Паводле яго, недапрацаванай засталася адна дарожная карта паглыбленай інтэграцыі. І яна якраз тычыцца стварэння наднацыянальных органаў, агульнай валюты і агульнага эмісійнага цэнтру. «Усе формы дадатковай падтрымкі, дадатковыя формы крэдытавання магчымыя толькі ў выпадку, калі дарожныя карты будуць выкананы і ўвасобяцца ў законы», — прыводзіць словы Мядзведзева сеткавае выданне «Гаворыць Масква».

То бок, ствараем паўнавартасную дзяржаву? А калі не — адключым газ.

Пры гэтым да кіраўніцтва краіны ўзнікае шмат пытанняў. Напрыклад, яно неаднаразова запэўнівала, што ніякіх «наднацыянальных органаў» у гэтых інтэграцыйных картах не прадугледжана. Мядзведзеў жа выказаўся роўна наадварот.

Канешне, менавіта пасля мінулагодняга «ўльтыматуму Мядзведзева» па «паглыбленай інтэграцыі» пачалі распрацоўвацца тыя самыя дарожныя карты. Але новы «ўльтыматум нумар два», па-шчырасці, нагадвае спробу запалохаць і шантажаваць беларускае кіраўніцтва, каб дамагчыся працягу той самай інтэграцыі аж да ўваходжання Сінявокай у склад Расіі.

Варта адзначыць, што менавіта пытанне фінансаў, эмісійнага цэнтру і адзінай валюты паставіла некалі крыж на планах той самай інтэграцыі. У 2002 годзе Лукашэнка таксама ставіў гэтае пытанне рубам: адзіная валюта Беларусі і Расіі і два эмісійныя цэнтры — у Мінску і Маскве. На што Пуцін выказаў знакамітае: «катлеты асобна — мухі асобна», і прапанаваў Беларусі зайсці шасцю абласцямі ў Расію. Пасля гэтага ідэя саюзнай валюты (то-бок, расійскага рубля ў Беларусі) была тарпедаваная.

Але паміж 2002-м і 2019-м ляжыць прорва часу. Часу, які кіраўніцтва Беларусі не змагло выкарыстаць, і трапіла ў яшчэ больш небяспечную пастку. Зараз Масква разлічвае атрымаць усё «пакетам»: то-бок, асобна пытанні нафты і газу, а асобна стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру і паглынанне Беларусі — не абмяркоўваюцца. Толькі разам, толькі канкрэтна. І гэта азначае для Лукашэнкі вельмі няпросты выбар.

Першае выйсце: усё ж здаць Беларусь Расіі. У гэтым выпадку ён добра калі становіцца генерал-губернатарам беларускай аўтаномнай акругі. То-бок, губляе ўладу. Уладу разам з ім губляюць і тысячы беларускіх чыноўнікаў, якія ператвараюцца з кіраўнікоў у падначаленыя. А некаторыя — у МЗС, у войску ды спецслужбах, і ўвогуле застаюцца беспрацоўнымі. Пры мала-мальскім намёку на такі сцэнар не выключаны «дварцовы пераварот»: людзям ва ўладзе ёсць, што губляць.

І нават калі ён стане генерал-губернатарам — то не факт, што працягне доўга. У Расіі губернатараў адстрэльваюць даволі рэгулярна.

Шлях другі: канчаткова заявіць: «На чорта нам такая інтэграцыя», і паслаць спадара Мядзведзева куды падалей, у чарговы раз заявіўшы пра сваю «ненахіляемасць». І, спасылаючыся на свае «цяжкія эканамічныя абставіны», а таксама на невыкананне Расіяй сваіх абавязкаў у межах Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і іншых «інтэграцый» перастаць выконваць свае абавязкі перад Масквой. Так бы мовіць, «развод — і кухня папалам».

Калі Расія не пагаджаецца на пастаўкі нафты — Беларусь не будзе запраўляць знішчальнікі, якія працуюць тут у межах адзінай з Расіяй сістэмы супрацьпаветранай абароны. Калі Расія не пастаўляе газ — варта адключыць ад электраэнергіі станцыю далёкага выяўлення стартаў балістычных «Волга» ля Ганцавічаў і пункт сувязі ВМФ РФ у Вілейцы. Калі Расія не хоча кампенсаваць страты ад няякаснай нафты ў нафтапровадзе «Дружба», — трэба скансалідавацца з Украінай і выкаціць Расіі ўзгоднены каштарыс за транзіт.

d645b396b_112345439176344dgfjsnggdbc.jpeg


Варта ведаць, што не толькі Беларусь залежыць ад Расіі, але, насамрэч, і Расія моцна залежыць ад Беларусі. Інтэграцыя — палка з двума канцамі.

Варта ўзгадаць і зусім нядаўні досвед «гандлёвых войнаў». Калі Рассельгаснагляд у чарговы раз паспрабаваў заблакаваць сухое малако з Беларусі, першымі ўзвылі не беларускія вытворцы, а расійскія кандытары — у іх запасаў гэтага малака было толькі на два тыдні. І праз гэты тэрмін спынілася б уся расійская вытворчасць булак і печыва. Так што — як мы згубім у супрацьстаянні з Расіяй, так і яна згубіць без нас.

Канешне, «беларускія крэветкі» ў Маскве выглядалі анекдотам. Але без іх у сталіцы контрсанкцый крэветак не было б увогуле! А іх так любяць у Крамлі…

Карацей, беларускаму кіраўніцтву трэба ўсвядоміць: незалежнасць — гэта не проста маральная каштоўнасць. Гэта яшчэ і іх рэсурсы, фінансы, магчымасці.

І ўвогуле, не трэба палохацца, што нам «адключаць газ». Пасля вядомых падзей ва Украіне расійскія прапагандысцкія рэсурсы штогод сцвярджалі — Украіна змерзне, зіму не перажыве. І — нічога, ужо пяцігодку не замярзае.

Не змерзлі без расійскіх энергарэсурсаў краіны Балтыі. Не мерзне Грузія і Малдова. Безумоўна, у першыя часіны будзе цяжка. Але трэба вучыцца жыць, разлічваючы на сябе, на свае сілы, а не штогод канючыць у Крамлі: «Дайце».

Новыя выклікі заўсёды даюць і новыя магчымасці. Мажліва, настаў час для сапраўднай дыверсіфікацыі рынкаў і пабудовы нармальнай эканомікі, структурных рэформаў. На тое патрэбная толькі «адмашка зверху».

І «ўльтыматум Мядзведзева» цалкам можа прывесці да пачатку такой стратэгіі.