Аб'яднанне дыяспары — піяр-кампанія Пракоп'ева ці палітычны ход?

Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл падтрымліваюць ідэю Вадзіма Пракоп'ева аб аб'яднанні беларусаў з розных краін у адну магутную арганізацыю. Што з гэтага атрымаецца?

Беларуская дыяспара павінна аб'яднацца. Ілюстрацыйнае фота ад чытачоў «НЧ»

Беларуская дыяспара павінна аб'яднацца. Ілюстрацыйнае фота ад чытачоў «НЧ»

Стварыць вялікую транснацыянальную дыяспаральную арганізацыю заклікалі беларусаў у Беластоку спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык.

Ідэя стварэння дыяспары, якая павінна стаць моцным цэнтрам уплыву як на беларускія структуры за мяжой, так і на замежных палітыкаў, прыкладна з пачатку снежня актыўна прасоўваецца былым рэстаратарам, а цяпер і палітычным дзеячам Вадзімам Пракоп’евым. Менавіта відэазапіс яго кароткай прамовы на гэтую тэму на пачатку сустрэчы паказалі прысутным. Далей Сахашчык і Ягораў пастараліся больш падрабязна расказаць пра новую ідэю, аднак гэта не зусім удалося. Прысутных больш цікавіла падрыхтоўка і парадак выбараў у новы склад Каардынацыйнай рады. Гэта, у прынцыпе, зразумела, бо, паводле таго ж Пракоп’ева, менавіта выбары ў КР павінны стаць крокам у стварэнні «будынка палітычнай альтэрнатывы», а потым і гэтай міжкантынентальнай дыяспаральнай арганізацыі.


Глядзіце таксама

Выступаючы перад прысутнымі, Валерый Сахашчык адзначыў, што было шмат надзей на станоўчыя палітычныя перамены, аднак пакуль сітуацыя складваецца па не вельмі добрым сцэнары. З’явілася разуменне, што вынікі вайны ва Украіне, якія б яны ні былі, не прынясуць аўтаматычна свабоду і дэмакратыю ў Беларусь.

«Абсалютна не факт, што Украіна атрымае тую перамогу, аб якой мы марылі, і канфлікт можа быць замарожаны на цяперашняй лініі фронту», – адзначыў былы вайсковец, патлумачыўшы гэта парытэтам сілы абедзвюх армій. У выніку, на думку Валерыя Сахашчыка, новая канструкцыя міжнароднага светапарадку можа вызначыць месца Беларусі ў сферы ўплыву і гаспадарання Расіі. У той жа час, як адзначыў спадар Сахашчык, многія людзі ў Беларусі разумеюць, што Лукашэнка ўжо не мае бачання развіцця краіны і яго рэжым вымушаны разбурыцца.

Паводле Сахашчыка, зараз немагчыма разглядаць сцэнарыі сілавой змены ўлады. У Беларусі ж многія хочуць пераўтварэнняў мірным шляхам. З краіны выехалі за апошнія гады, нават па афіцыйных даных, 350 тыс. чалавек, хаця насамрэч такіх, канешне, значна больш, адзначыў спадар Валерый. «Мы б маглі неяк уплываць на ход падзей, калі б змаглі аб’яднаць свой патэнцыял», – адзначыў госць, заклікаўшы вылучаць са сваіх шэрагаў сумленных людзей, якія будуць агучваць жаданні і памкненні беларусаў у протапарламенце.


Глядзіце таксама

Што гэта мусіць быць за аб’яднанне — сапраўды агульная арганізацыя ці проста рух у падтрымку Вадзіма Пракоп’ева на выбарах у Каардынацыйную раду? З гэтым пытаннем журналіст «Радыё Ўнэт» звярнуўся да Валерыя Сахашчыка.

— Я ўзяў бы за ўзор «Салідарнасць» польскую, напрыклад. Гэта такое грамадскае аб’яднанне.

— Гэта ствараецца пад выбары ў Каардынацыйную раду?

— Не, выбары — гэта першы крок, які дасць нам легітымны заканадаўчы орган і дазволіць вырашаць нейкі спектр пытанняў. Але большасць пытанняў будзе вырашаць гэты рух, нейкі мэнеджмент, які будзе абраны гэтым рухам.

— Гэты рух мусіць быць неяк аформлены арганізацыйна, юрыдычна, ці ён не будзе мець нейкага фіксаванага сяброўства?

— Напэўна, павінна быць нейкая рэгістрацыя, каб разумець, колькі нас. Напэўна, мусіць быць нейкая сяброўская складка, каб фармаваць бюджэт, каб маглі мы працаваць і вырашаць задачы, якія перад намі стаяць. Як гэта будзе аформлена? Думаю, што над гэтым трэба будзе яшчэ папрацаваць – якая арганізацыйна-прававая форма павінна быць. Але, напэўна, нейкая рэгістрацыя мусіць быць, каб можна было ажыццяўляць адносіны афіцыйныя з уладамі краін, у якіх мы жывём, і гэтак далей.

А вось што адказаў на пытанне пра тое, што гэта мусіць быць за аб’яднанне, Андрэй Ягораў.

— Мы бачым гэта як агульны рух, які структураваны, перш за ўсё, знізу. І людзі арганізаваны па месцы, дзе яны жывуць, дзе яны бачаць адно аднаго, камунікуюць, могуць весці нейкую працу. Гэтая арганізацыя мусіць ісці знізу, ад іх, і таму, канешне, трэба рухацца ад такіх структурных адзінак і самаарганізацыі людзей на месцах, дзе яны далучаюцца да гэтых дзеянняў, а потым ужо структуруюць як такі рух з нейкім агульным кіраўніцтвам, магчыма, нейкім агульным фондам, які грошы збірае, а потым людзі калектыўна вырашаюць, на што выдаваць гэтыя грошы.


Глядзіце таксама

— Ці мусіць быць гэтая арганізацыя на месцах быць юрыдычна зарэгістраваная ў той ці іншай краіне?

— Гэта мэтазгодна — мець легальныя зарэгістраваныя адзінкі. Пакуль мы не гаварылі пра юрыдычную форму існавання гэтага руху, але ёсць прыклады таго, як такія рухі могуць быць арганізаваны ў Еўропе. Ёсць рухі, якія знаходзяцца на мяжы палітычных рухаў і грамадскіх арганізацый, палітычных партый — напрыклад, рух за еўрапеізацыю і еўрапейскую федэралізацыю. Вось штосьці падобнае магло б быць выкарыстана ў якасці формы для існавання беларускага руху.

Асноўная дыскусія на сустрэчы тычылася новай выбарчай сістэмы і магчымага новага складу Каардынацыйнай рады, выбары куды павінны прайсці да сакавіка наступнага году. Згодна з праектам, новы протапарламент са 120 дэпутатамі выбіраецца не толькі прамым і ўсеагульным таемным галасаваннем, але яшчэ мае замацаваныя месцы для некаторых грамадзян.


Глядзіце таксама

Так, для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці прадугледжана квота ў 15% месцаў, а для жанчын – 40%. Такая загадзя закладзеная няроўнасць і прывілеяванасць выклікала незадавальненне ў многіх прысутных на сустрэчы, і яны гэтае незадавальненне адкрыта выказвалі.

Таксама прагучала прапанова, каб у будучым протапарламенце былі прадстаўнікі і тых бакоў, якія ўвогуле не лічаць Каардынацыйную раду легітымным органам. Андрэй Ягораў расказаў пра планы па стварэнні аргкамітэту, куды будуць запрошаны ўсе беларускія сілы для выпрацоўкі агульнапрымальнага рашэння.