Ягораў: Выбары — гэта перыяд магчымасцей

Дэмакратычныя сілы сфармавалі сваю альтэрнатыву лукашэнкаўскаму парламенту — Каардынацыйную раду, у якой заканчваецца першы тэрмін дзеяння паўнамоцтваў. Выглядае на тое, што канец зімы наступнага года будзе часам выбараў — з усіх бакоў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

2 кастрычніка Святлана Ціханоўская сустрэлася з чальцамі Каардынацыйнай Рады. Яна назвала КР протапарламентам і закранула шэраг пытанняў, датычных фармавання стратэгічных напрамкаў дзейнасці дэмакратычных сіл Беларусі. Сярод іншага, гаварылася пра выбары наступнага складу Каардынацыйнай Рады. Пра тое, як наладжана супраца КР з іншымі структурамі дэмакратычных сіл і якія перспектывы выбараў наступнага складу Рады, «Радыё Ўнэт» абмеркавала са спікерам КР Андрэем Ягоравым.

— Такая адрасацыя нацыянальнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай да Каардынацыйнай Рады, сябраў Аб’яднанага пераходнага кабінета з яе бачаннем прыярытэтаў дзейнасці дэмакратычных сіл на цяперашні перыяд. І потым была такая даволі шчырая размова з прадстаўнікамі Офіса, сябрамі Аб’яднанага пераходнага кабінета, сябрамі Каардынацыйнай Рады па пытаннях, звязаных і з выбарамі ў Каардынацыйную Раду, і з нацыянальнымі выбарамі, і з некаторымі важнымі праблемамі ў міжнароднай дзейнасці — такімі, як стратэгічны дыялог са Злучанымі Штатамі Амерыкі, які пачынаецца зімой гэтага году.

Як складваецца рэгулярная праца? Ёсць рэгулярныя фарматы ўзаемадзеяння. Напрыклад, камісій. Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай Рады з прадстаўнікамі па гэтым профілі, якія працуюць у Кабінеце і Офісе Святланы Ціханоўскай. Падрыхтоўка супольных пазіцый, папер. Арганізацыя супольнай дзейнасці — напрыклад, стратэгія пераходнага перыяду абмяркоўваецца разам з усімі структурамі і будзе выносіцца на агульныя грамадскія кансультацыі для ўсіх трох структур.


Глядзіце таксама

— Каардынацыйнай Радзе гэтага складу закідаюць як хібу тое, што не было ўсеагульных выбараў. І Святлана Ціханоўская таксама закранула пытанне выбараў у Каардынацыйную Раду і назвала іх альтэрнатывай выбарам у так званы «парламент» лукашэнкаўскай Беларусі. Што можна сказаць пра перспектывы выбараў новага складу Каардынацыйнай Рады?

— Я думаю, што гэтыя выбары мусяць адбыцца, што выбары ў Каардынацыйную Раду патрэбныя. Гэта дадасць большая легітымнасці дзейнасці самой Рады, будзе апора на грамадзян. І, у пэўным сэнсе, гэта будзе дадаваць дадатковай легітымнасці ўсім дэмакратычнам сілам. Каардынацыйная Рада будзе мець большую вагу, калі шмат грамадзян прагаласуюць за новы склад.

Выбары ў Каардынацыйную Раду — гэта перыяд магчымасцей для дэманстрацыі праграм, якія існуюць унуры дэмакратычных сіл, лідараў, якія выступаюць з гэтымі праграмамі. У рэшце рэшт, гэта можа прынесці значныя змены лідарства ўнутры Каардынацыйнай Рады. А гэта адна з важных частак дэмакратычных сіл. А змена лідарства — гэта заўсёды карысна, таму што прыходзяць людзі з новымі ідэямі, новымі прапановамі, і грамадзяне гэта могуць бачыць і галасаваць.

Таму падаецца, што выбары — гэта правільны крок. І ўнутры Каардынацыйнай Рады зараз ідуць дэбаты. Сёння адкрыта галасаванне па пытанні таго, ці наступны склад мусіць фармавацца праз выбары, альбо нейкім іншым шляхам. Напрыклад, як КР была сфармаваная зараз. Ну, мы паглядзім, як унутры Рады ўспрымаецца зараз гэтая сітуацыя. Мне падаецца, пакуль што па настроях, адчуванне, што хутчэй дэлегаты Каардынацыйнай Рады схільныя да таго, каб пайсці шляхам фармавання наступнага складу праз выбары.


Глядзіце таксама

— Лукашэнкаўскія выбары намецілі на люты наступнага года. А калі паглядзець на перспектыву выбараў у Каардынацыйную Раду, калі гэта можа адбыцца?

— Я думаю, што яны могуць прайсці дзесьці побач з нацыянальнымі выбарамі. Напрыклад, адразу пасля нацыянальных выбараў. То-бок, гэта люты-сакавік. Але трэба ўлічыць тое, што дэлегаты сёняшняй Каардынацыйнай Рады ўстанавілі тэрмін сваіх паўнамоцтваў на адзін год, які завяршаецца ў лютым. І, калі гэтыя выбары будуць праводзіцца пазней за люты, то гэта будзе патрабаваць невялікага працягу паўнамоцтваў гэтага складу Каардынацыйнай Рады. Але я не думаю, што гэта можа быць працягнута на нейкі доўгі перыяд — паўгода ці на год. Выбары мусяць быць у лютым, максімум у сакавіку наступнага года.

— Наколькі складана падрыхтаваць гэтую кампанію?

— Канешне, складана. Уявіце сабе ўсю гэтую машыну дзяржаўных выбараў, якія арганізуюцца дзяржавай з усімі яе рэсурсамі. Калі ствараюцца ўсе гэтыя выбарчыя участкі, камісіі, калі дзейнічае цантральная выбарчая камісія, калі ёсць пэўныя вельмі ясныя правілы і рэгламент таго, як гэта арганізавана, калі ёсць інфармацыйная кампанія па ўцягванні людзей у галасаванне. У нашай сітуацыі дадаюцца пытанні арганізацыі электроннага галасавання, платформа гэтага электроннага галасавання. Дадаюцца пытанні бяспекі людзей — бяспечнага выстаўлення іх у якасці кандыдатаў і, урэшце, бяспекі выбарцаў, калі яны карыстаюцца пэўнымі электроннымі прыладамі для галасавання.


Глядзіце таксама

Усё гэта мусіць быць улічана ў арганізацыі гэтага выбарчага працэсу. Таму гэта даволі вялікі і складаны працэс, які чакае Каардынацыйную Раду і тых, хто будзе дапамагаць арганізоўваць гэта ўсё ў плане празрыстасці правілаў і тэхнічнай арганізацыі працэсу галасавання. Акрамя гэтага, шмат людзей, якія будуць балатавацца — груп, партый, фракцый, напрыклад, Каардынацыйнай Рады, якія будуць, урэшце, канкураваць паміж сабой. І для іх таксама мусяць быць створаныя адпаведныя ўмовы для дэбатаў, выступленняў, выкарыстання медыя.

То-бок, фактычна, мы, амаль як дзяржава на нацыянальным узроўні арганізоўвае выбары, мусім арганізаваць, але рэсурсаў у нас для гэтага значна менш. І гэта тое, што будзе рабіцца ўпершыню. Таму так — гэта вельмі складана.