Аксамітны сезон

Тым, хто не адпачыў або недаадпачыў улетку, самы час узгадаць пра «аксамітны сезон» і пачаць адпачываць зараз. Падобна, што менавіта так робіць Аляксандр Рыгоравіч.

7092012_44.jpg

На тыдні наш кіраўнік злётаў у Сочы. 11 кастрычніка, як паведамляецца, ён прыняў удзел у пасяджэннях арганізацый СНД: Савета кіраўнікоў краін СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. На гэтых пасяджэннях Лукашэнка агучыў «падыходы Беларусі» да інтэграцыйных аб’яднанняў.

Канешне, цікава, пра што яны паразмаўлялі з Пуціным, асабліва пасля таго, як не здолелі сустрэцца на вучэннях «Захад–2017». Але, варта зазна­чыць, што ў Пуціна — прэзідэнцкія выбары, а Лукашэнка не так даўно прымаў з візітам ягонага канкурэнта Генадзя Зюганава. Таму наўрад ці расійскі кіраўнік асабліва заклапочаны беларускім пытаннем.

Апаненты беларускага кіраўніка ў інтэрнэце адразу пачалі кпіць: «Паехаў зноў грошы вытрасаць! Колькі можна?» Але, насамрэч, ці справядлівы такі падыход? Як падлічылі эканамісты Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі і Інстытута Гайдара, Беларусь паводле памераў расійскай дапамогі нават не ўваходзіць у першую дзясятку. Мы — толькі на 13-м месцы.

Лідарам па атрыманых сродках з Расіі з’яўляецца Кыргызстан (652,9 млрд долараў), далей ідуць Куба (537,29 млрд), КНДР (199,69 млрд), Нікарагуа (143,69 млрд), Сербія (86,52 млрд), Таджыкістан (79,57 млрд), Арменія (57,28 млрд), Сірыя (53,55 млрд), Гвінея (29,880 млрд), Іарданія (16,03 млрд), Афганістан (12,87 млрд) і Кенія (8,57 млрд).

Агульная сума замежнай фінансавай дапамогі Расіі ў 2011–2015 гады склала 2379,4 млрд долараў. «Самая братняя сінявокая» атрымала з гэтай сумы слёзы ў памеры 7,05 млрд. долараў.

Канешне, эксперты кажуць, што «аб’ёмы прамой эканамічнай дапамогі значна меншыя, чым схаванае субсідаванне для краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)… за кошт трансфертаў, якія ўтвараюцца з-за адсутнасці экспартнай пошліны на пастаўку энерганосьбітаў». Але ж, выбачайце, ЕАЭС — гэта цацка Пуціна, і таму лагічна, што ён за яе і плаціць.

Так што ў Сочы Аляксандр Рыгоравіч злятаў на адпачынак. І хутка яму прадставіцца магчымасць пахадзіць па еўрапейскіх буціках. Розныя крыніцы ў Еўропе кажуць, што асабіста Лукашэнку будзе накіраванае запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства», які 24 лістапада пройдзе ў Брусэлі.

Папярэднія чатыры саміты прайшлі без удзелу Лукашэнкі — Еўрасаюз, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі, запрашэнні дасылаў, але даваў зразумець, што прысутнасць кіраўніка краіны на саміце не пажаданая. Як правіла, на сустрэчах Беларусь прадстаўляў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.

«Пытанне толькі ў тым, ці паедзе ён сам у Брусэль. Вядома, ёсць немалая доля крытыкі Беларусі з боку краін-удзельніц Еўрасаюза. Тым не менш, думаю, што ад гэтай паездкі вельмі шмат выгод», — лічыць старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

На мой жа погляд, галоўнае пытанне не ў тым, паедзе Лукашэнка ў Брусэль, альбо не. Пытанне, ці з’явіцца ён на сесію «Усходняга партнёрства» ўвогуле. Ад гэтай арганізацыі нам, па вялікім рахунку, ні холадна, ні горача, бо ў «разбэшчаную Еўропу» мы не імкнёмся. І таму на саміце большага ўзроўню, чым Макей, нам і не трэба. А Аляксандру Рыгоравічу было б больш цікава паглядзець на дасягненні народнай гаспадаркі Еўрасаюза.

Так што на месцы арганізатараў гэтага візіту я б заклапаціўся праграмай: наведванне перадавой фермерскай гаспадаркі, малакаперапрацоўчага заводу, фермы па вырошчванні мармуровай ялавічыны, адмысловых гатункаў бульбы ці кавуноў…

І нічога смешнага тут няма. Аляксандр Рыгоравіч сёлета ўжо ездзіў у Туркменістан на «праблемнае прадпрыемства» — Гарлыкскі горна-ўзбагачальны камбінат. Дык чаму ж тую ж фішку не правярнуць і ў Еўропе? Чым еўрапейскі фермер горшы за працоўнага туркмена?

Хай Аляксандр Рыгоравіч зоймецца любімай справай, тым больш, што ў краіне ўсё ідзе сваім парадкам і без яго ўмяшання. Напрыклад, на тыдні стала вядома, што ва ўладных калідорах рыхтуецца праект дэкрэта «Аб забеспячальніцкім дэпазіце». Згодна з гэтым праектам, беларускія бізнесоўцы здолеюць адкрыць у Беларусбанку рахунак на суму не менш за 50 тысяч рублёў. І гэты рахунак будзе з’яўляцца… падстрахоўкай ад дасудовай «пасадкі» бізнесоўца, калі на яго раптам выйдуць следчыя!

Гэта падобна на фэйк, але раней «Эканамічная газета», якая пра гэта напісала, не была заўважана з розыгрышах сваіх чытачоў па-за межамі 1 красавіка.

Сутнасць дэпазіту — у практыцы, калі бізнесоўца спачатку садзяць, потым ён прызнае сваю віну і кампенсуе дзяржаве нанесеную шкоду, і яго адпускаюць нават без суда. Зараз прапануецца выключыць з гэтага ланцужку «непатрэбных пасярэднікаў» у выглядзе следчых, адвакатаў, пракурораў… Зараз да бізнесоўца прыходзяць «органы» і кажуць: «У нас ёсць падстава лічыць цябе злачынцам. Маеш дэпазіт? Тады мы спісваем з яго суму тваёй шкоды, і больш так не рабі».

Што цікава, акрамя таго, што прынцып такога дэпазіту поўнасцю знішчае прэзумпцыю невінаватасці? Цікава тое, што звесткі пра такі дэпазіт складаюць банкаўскую таямніцу, але праваахоўныя органы атрымаюць да іх доступ праз сістэму дыстанцыйнага абслугоўвання банка. І тое, што ўнесці такі дэпазіт будзе дазволена як за самога сябе, так і за іншых, і можна распаўсюдзіць яго дзеянне адразу на некалькіх асоб. Кола «ўносячых» і «забяспечаных» асоб не абмяжоўваецца.

А зараз уявім сітуацыю: надакучыла мне нейкая фірма «Х» да такой немагчымасці, што я ўношу за яе кіраўніка гэты дэпазіт. Праваахоўныя органы атрымліваюць да яго доступ і… пачынаюць «капаць». Не проста ж так уладальнік фірмы «Х» завёў сабе такой дэпазіцік, значыць, нешта там не так! Кошт выдалення канкурэнта — 25 тысяч долараў.

Вось, напрыклад, як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, скончана расследаванне па справе былога дырэктара заапарка Мінска і яго жонкі. Расследаванне ўстанавіла, што на працягу 2014–2015 гадоў дырэктар выкраў і прадаў грамадзяніну Расіі цэлы шэраг жывёл. У адным з эпізодаў з заапарка без афармлення былі прададзеныя 23 фламінга.

А калі б у гэтага дырэктара быў такі дэпазіт? Птушак, безумоўна, шкада, але і грошы на дарозе не валяюцца.