Алесь Бяляцкі: «Азербайджан нагадвае Беларусь»

Большасць азербайджанцаў, паводле экзітполаў, падтрымалі на рэферэндуме змены ў Канстытуцыі краіны. Каля 90% жыхароў Азэрбайджану ўхвалілі павелічэньне прэзідэнцкага тэрміну ў краіне з 5 да 7 гадоў,  а таксама выказаліся за за зняцце ўзроставых абмежаванняў для кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі


Унутраная грамадска-палітычная сітуацыя ў Азербайджане вельмі нагадвае Беларусь, але міжнароднае становішча дзвюх краінаў адрозніваецца. Такое меркаванне ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” выказаў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
У Азербайджане 26 верасня адбыўся рэферэндум па змене Канстытуцыі краіны. У прыватнасці, жыхарам Азербайджану прапанавана было павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з 5 да 7 гадоў, выключыць з Канстытуцыі ўзроставы цэнз для абрання кіраўніка дзяржавы, надзяліць прэзідэнта правам распускаць парламент і прызначаць пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Акрамя таго, прапануецца стварыць пасаду віцэ-прэзідэнта краіны.
Азербайджанская апазіцыя, у сваю чаргу, лічыць, што папраўкі ў Канстытуцыю прымаюцца з той мэтай, каб у будучыні Ільхам Аліеў меў магчымасць пры патрэбе перадаць уладу жонцы або сыну.


«Ільхам Аліеў нават больш жорсткі, чым ягоны бацька»


Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа, што кіраўнік дзяржавы ініцыяваў рэферэндум, каб узмацніць аўтарытарную мадэль улады сямʼі Аліевых, што асабліва актуальна ва ўмовах эканамічнага крызісу, з якім сутыкнуўся Азербайджан.
«Правядзенне гэтага рэферэндуму — ініцыятыва азербайджанскіх уладаў. Яны спрабуюць неяк пераасэнсаваць сітуацыю, у якой яны цяпер знаходзяцца, бо падзенне цэнаў на нафту паставіла і перад імі шэраг праблемаў. Крызіс эканамічны ў Азербайджане рэальна існуе, і людзі гэта адчуваюць. Цяпер улады спрабуюць адказаць на гэтыя выклікі і ўмацаваць структуру дзяржаўнай вертыкалі», — кажа ён.
Бяляцкі бачыць шмат падабенстваў паміж цяперашнімі Беларуссю і Азербайджанам:
«Азербайджан вельмі нагадвае Беларусь па сваёй грамадска-палітычнай сітуацыі. Там пабудавана аўтарытарная вертыкаль улады, якая з верху да нізу падпарадкоўваецца прэзідэнту. Палітычная апазіцыя ў Азербайджане ў такім жа стане, як і наша. Апазіцыянеры церпяць ад пераследу, ціску, шмат каго выганяюць з працы. Багата хто з палітычных актывістаў у Азербайджане сядзеў у турме за апошнія 20 гадоў. Ідзе пераслед журналістаў. То бок поўны набор таго, што ёсць у Беларусі, ёсць таксама ў Азербайджане».
Апошняя моцная хваля палітычных рэпрэсіяў у Азербайджане была пасля прэзідэнцкіх выбараў 2013 года.
«Тое, што ўлада перайшла ад бацькі да сына, ад Гейдара Аліева да Ільхама (ён прыйшоў да ўлады ў 2003 годзе. — РС), фактычна нічога не змяніла ў краіне. Больш за тое, Ільхама Аліева азербайджанскія праваабаронцы ацэньваюць як кіраўніка нават больш жорсткага, менш талерантнага, чым ягоны бацька. Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў 2013 года ў Азербайджане адбыўся шэраг арыштаў вядомых грамадскіх і палітычных актывістаў, журналістаў. Сярод арыштаваных — журналістка Хадыджа Ісмаілава, праваабаронцы Лейла і Арыф Юнусы, Інтыгам Аліеў.
З 2013 году Азербайджан моцна крытыкавалі на Захадзе. Крытыка спачатку была досыць памяркоўная, але яна ўзмацнялася: усё ж такі еўрапейскія палітыкі вымушаны былі звяртаць увагу на сітуацыю з правамі чалавека ў Азербайджане. Тут зноў узнікаюць паралелі паміж Беларуссю і Азербайджанам. Тое, што адбылося ў Беларусі ў канцы 2010 года, — гэта адразу выклікала на Захадзе хвалю пратэсту і абурэння, якая прывяла да ўвядзення санкцыяў і ўрэшце змусіла беларускія ўлады адступіць на паўкрокі, калі яны ў мінулым годзе вызвалілі палітзняволеных. У Азербайджане сітуацыя практычна паўтарылася. У іх адбыліся затрыманні ў 2013 годзе, калі багата людзей трапілі ў турму. Але ў 2016 годзе яны былі вымушаны выпусціць такіх знакавых палітзняволеных. Гэта паказвае, што міжнародны ціск можа ўплываць нават на такую больш эканамічна незалежную, багацейшую краіну ў параўнанні з Беларуссю, як Азербайджан», — лічыць праваабаронца.

«Азербайджан займае больш незалежную пазіцыю ў параўнанні з Беларуссю»


Сур’ёзныя адрозненні паміж Беларуссю і Азербайджанам Алесь Бяляцкі бачыць перш за ўсё ў міжнародным статусе дзвюх краінаў.
Па-першае, у параўнанні з Беларуссю Азербайджан — краіна багацейшая, яна экспартуе нафту і газ. Па-другое, Азербайджан займае больш выгаднае геапалітычнае становішча.
«Азербайджан удзельнічае ў пэўных кааліцыях змагання супраць радыкальнага ісламу. Геапалітычнае становішча Азербайджану робіць яго больш заўважаным суб’ектам на міжнароднай арэне, і яны гэта спрытна выкарыстоўваюць якраз для змагання з унутранай апазіцыяй. Статус краіны памяркоўнага ісламу яны актыўна прадаюць у Еўропу: азербайджанская мадэль ісламу ў параўнанні з іншымі ісламскімі краінамі прывабная для некаторых еўрапейскіх палітыкаў», — кажа праваабаронца.
Менавіта таму Ільхам Аліеў, у адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, ніколі не быў неўязным у Еўропу і захоўвае нармальныя кантакты з заходнімі партнёрамі.
«Што тычыцца стасункаў з Расіяй, то Азербайджан займае больш незалежную пазіцыю ў параўнанні з Беларуссю. Яны не ў такой ступені залежаць ад Расіі — мабыць, зноў жа таму, што самі маюць нафту», — дадае Бяляцкі.
www.svaboda.org