Швейцарыя ўхваліла пашырэнне паўнамоцтваў спецслужбаў

Сёння ў Швейцарыі адбываўся рэферэндум. У выніку 66% тых, хто прагаласаваў, падтрымалі законапраект пра пашырэнні паўнамоцтваў спецслужбаў краіны. Таксама швейцарцы адхілілі дзве грамадскія ініцыятывы: наконт павышэння пенсій і пераход да 2050 года да "зялёнай эканомікі", заснаванай на рэсурсазберажэнні.

Фота © AP Photo/Kamran Jebreili

Фота © AP Photo/Kamran Jebreili


Урад Швейцарыі запэўніў, што спецслужбы будуць выкарыстоўваць новыя паўнамоцтвы толькі дзеля таго, каб сачыць за асабліва небяспечнымі падазраванымі.
Цяпер Федэральная выведвальная служба і іншыя ўрадавыя арганізацыі атрымаюць магчымасць перахопліваць тэлефонныя размовы, весці кантроль за паведамленнямі ў інтэрнэце і ўсталёўваць схаванае відэаназіранне за падазраванымі.
Галасаванне расцэньвалася мясцовымі палітыкамі як выбар паміж бяспекай і свабодай. Апаненты закона — левыя партыі — папярэджвалі суграмадзян пра небяспеку татальнага сачэння, аднак гэтыя аргументы не пераканалі большасць швейцарцаў, адзначае ТАСС.
Раней Федэральны сход краіны прыняў новы закон аб разведвальных службах, аднак ён не ўводзіўся ў дзеянне. Праціўнікі гэтай ініцыятывы запатрабавалі вынясення пытання на нацыянальны рэферэндум. Яны палічылі, што закон можа паставіць пад пагрозу нейтральны статус Швейцарыі, бо прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва з замежнымі разведвальнымі агенцтвамі, паведамляе ВВС.
Аднак прыхільнікі законапраекта казалі, што, прыняўшы закон, Швейцарыя дагоніць іншыя краіны, дзе спецслужбы ўжо атрымалі аналагічныя паўнамоцтвы. Больш за тое, адначасова з новым законам будуць уведзеныя і меры па ўзмацненні кантролю за выведслужбамі. У прыватнасці, будзе створаны адмысловы федэральны трыбунал і інстытут федэральных дарадцаў, якія будуць выдаваць дазволы на меры па перахопе інфармацыі. Да гэтага часу швейцарскія законы забаранялі ўладам выкарыстоўваць зачыненыя крыніцы для ацэнкі пагроз бяспекі ўнутры краіны.
Урад таксама запэўніў, што новыя паўнамоцтвы будуць прымяняцца толькі дзеля таго, каб сачыць за асабліва небяспечнымі падазраванымі. Акрамя законапраекта аб паўнамоцтвах спецслужбаў на рэферэндум таксама былі вынесены пытанні наконт павышэння пенсій на 10% і скарачэння выкарыстання прыродных рэсурсаў і замене іх другаснай сыравінай. Гэтыя ініцыятывы насельніцтва Швейцарыі не падтрымала.

У чэрвені  гэтага года прыхільнікі рэферэндуму ў Швейцарыі не здолелі пераканаць суграмадзянаў у карысці рэформы, у адпаведнасці з якой усім жыхарам Швейцарыі, у тым ліку замежнікам, якія жывуць у краіне 5 гадоў і больш, гарантавалася б атрыманне дапамогі ў памеры каля 2,5 тысяч франкаў (€ 2260) на месяц на дарослага і 625 франкаў (€ 565) на дзіця.