Паміж Карымавым і Мірзіёевым

Ва Узбекістане ў самым разгары працэс пераходу ўлады пасля смерці Іслама Карымава. Тое, як ён адбываецца, дапамагае зразумець казахскі журналіст Алег Куантаеў, які не так даўно прыехаў з Узбекістана.

5040b3f3b741e424c5d836cd82cac887.jpg


— Ці змянілася што-небудзь ва Узбекістане смерці Карымава?

— На першы погляд, усё застаецца па-ранейшаму. Уся дзяржаўная машына і вертыкаль працуюць у звычайным рэжыме. Нейкая палітызацыя адчуваецца, аднак, думаецца, толькі таму, што людзі не адышлі ад шоку. На 4 снежня прызначаныя прэзідэнцкія выбары. Адпаведна, пад іх грамадства таксама штучна палітызуюць: ствараецца масоўка жадаючых стаць кіраўнікамі краіны. Хаця пераможца тых выбараў загадзя вядомы. Гэта прэм’ер Шаўкат Мірзіёеў, які ўжо выконвае абавязкі прэзідэнта.

— Што думаюць людзі пра спадчыну Карымава?

— З побытавых размоў можна зразумець, што ў большасці ўзбекі шкадуюць, што прэзідэнт памёр. Тлумачыцца гэта тым, што Карымаў памёр у час, калі ў свеце і рэгіёне існуе моцны запыт на стабільнасць і бяспеку. Як следства, ва Узбекістане перамен хутчэй баяцца, чым прагнуць. На «карымаўскі міф» працуе нізкі ўзровень злачыннасці і хоць нейкая сацыяльная стабільнасць.

— Тое, што адбываецца ў Ташкенце, чымсьці нагадвае туркменскія падзеі 2006 года, калі пасля смерці Туркменбашы эліта аб’ядналася вакол Бердымухамедава. Вынікам стаў дэмантаж культу Ніязава на карысць культу Ардагада (афіцыйны тытул Бердымухамедава). Ці будуць намагацца новыя ўлады прымушаць узбекаў забыцца пра Карымава?

— Культ Карымава быў не такі моцны, як культ Ніязава. Прынамсі, помнікаў і манументальных комплексаў, тым больш з золата, нябожчыку ніхто не будаваў. Абмяжоўваліся білбордамі з прэзідэнцкімі цытатамі. Цяжка сказаць, як будзе далей. Аднак пакуль, каб умацаваць сваю легітымнасць у вачах народа, улада намагаецца выкарыстоўваць імідж Карымава.

Ён ужо атрымаў тытул «Першы прэзідэнт». 5 верасня адбылося ўсенароднае развітанне з Карымавым, калі, паводле традыцыі, раздавалі памінальны плоў. Тыражуюцца ўсякія байкі пра праявы народнай любові да Карымава. Напрыклад, пра нейкага пенсіянера, які на ровары чатыры дні ехаў да магілы прэзідэнта, каб прачытаць там малітву. Культ любімага ўсімі ўзбекамі Карымава таксама дапамагае Мірзіёеву трымаць у межах мясцовыя кланы. Калі прэзідэнт памёр, шмат хто чакаў канфліктаў паміж прэм’ерам і сілавікамі (яны належаць да розных кланаў), аднак усё пакуль спакойна.

— Ці можна прагназаваць, якім будзе курс прэзідэнта Мірзіёева?

— Гэта загадка. З аднаго боку, ёсць выразны прарасійскі трэнд, які ўвесну ініцыяваў сам Карымаў. З іншага боку, кампанентам спадчыны Карымава з’яўляецца нейтралітэт краіны. Не выключана, што Мірзіёеў не будзе ламаць традыцыю, каб не правакаваць канфлікт унутры эліты.

— Асноўным кандыдатам на месца пераемніка Карымава доўгі час разглядалася яго дачка Гульнара, якую ў выніку не дапусцілі да падзелу бацькоўскай палітычнай спадчыны. Што думае пра гэта ўзбекскі абывацель?

— Як палітыка яе не разглядаюць, хаця яшчэ прыкладна пяць гадоў таму Гульнара лічылася кандыдатам у пераемнікі «нумар адзін». На той момант яна не толькі займала важнае месца ў мясцовых палітычных раскладах, але таксама мела свой буйны бізнес. Аднак у выніку маштабныя амбіцыі Гульнары, спробы маніпуляваць імем бацькі, пачалі кепска ўплываць на аўтарытэт Карымава, які сам паставіў крыж на яе палітычных апетытах. Наколькі вядома, зараз Гульнара ў Лондане, дзе супраць яе распачаты шэраг крымінальных спраў. Ва Узбекістан яна наўрад ці вернецца. Не толькі таму, што супраць яе тут таксама заведзена справа. Шмат буйных прадпрымальнікаў, у якіх Гульнара калісьці «аджала» бізнес, маюць на яе зуб.

— Ці паўплывалі падзеі ва Узбекістане на палітычную сітуацыю ў суседніх краінах?

— Відавочна. Туркменскі парламент прагаласаваў за адмену абмежавання, паводле якога прэзідэнт не можа быць старэйшым за 70 гадоў. Прыняцце новага дакумента азначае, што Бердымухамедаў зможа заставацца кіраўніком дзяржавы да канца жыцця.

Адбыліся істотныя кадравыя ратацыі і ў Казахстане. Старэйшая дачка Елбасы Дарыга Назарбаева ў імгненне ператварылася ў дэпутата сената. Не выключана, што гэта — уверцюра абрання Дарыгі на пасаду спікера. Менавіта спікер верхняй палаты валодае правам выконваць абавязкі прэзідэнта ў выпадку датэрміновага сыходу кіраўніка дзяржавы. Людзі, блізкія да Дарыгі, таксама з’явіліся ў кіраўніцтве ЦВК, што гарантуе патрэбную лічбу за патрэбнага кандыдата ў выпадку папярэдніх выбараў. Мяркую, што з-за смерці Карымава ў казахстанскім парламенце ўзнік і свежы законапраект «аб супрацьдзеянні тэрарызму», які дазваляе спецслужбам нават адключаць інтэрнэт у краіне.

Адным словам, можна казаць пра выбудоўванне ў рэгіёне новай сістэмы пераемнасці ўлады. Толькі незразумела, ці спрацуе гэты алгарытм у «час Х». Ніхто не ведае, калі той час праб’е і які тады будзе настрой у грамадстве. Так, на 26 верасня ў Азербайджане прызначылі рэферэндум наконт паправак у Канстытуцыю, што здымуць усе абмежаванні для кандыдата ў прэзідэнты па ўзросце і фактычна дазваляць у хуткім часе балатавацца на гэтую пасаду дзецям прэзідэнта. Ініцыятыва нечакана абурыла грамадства. Нягледзячы на паліцэйскі характар рэжыму Аліева, у краіне праходзяць масавыя маніфестацыі пратэсту, ёсць арыштаваныя.