Аляксандр Класкоўскі: «Кіпцюрок беларускай птушачкі ўграз, здаецца, ужо намёртва»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра маўчанне Аляксандра Лукашэнкі пасля віртуальнага пасяджэння ВДС.
— Паказальна, што Лукашэнка, які любіць пры хаджэнні ў народ
каментаваць актуальныя палітычныя тэмы, пакуль абыходзіць маўчаннем
зацвярджэнне 28 саюзных праграм, якое адбылося 4 лістапада, — піша Аляксандр
Класкоўскі ў сваім тэлеграм-канале. — Будучы днём пазней у Магілёве, правадыр палітычнага рэжыму
разважаў перад мясцовымі жыхарамі пра многае.
Ад здаровага ладу жыцця да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі,
успомніў нават аб спадчыне Аўстра-Венгерскай імперыі, але не палічыў патрэбным
растлумачыць, што ж такое яны падпісалі напярэдадні з Пуціным на Вышэйшым
дзяржсавеце і як гэта адаб'ецца на лёсе Беларусі.
Палітычныя ворагі Лукашэнкі тут жа адзначыліся чарговымі
воклічамі, што вось цяпер, маўляў, дыктатар ужо сапраўды здаў Беларусь. І ў
доказ прыводзяць той момант, што саюзныя праграмы не апублікаваныя.
Так, шырокай публіцы яны не прад'яўленыя. І гэта, на жаль,
сумная традыцыя двух аўтарытарных рэжымаў, якія хваляцца сваёй нібыта
народнасцю: шушукацца, дамаўляцца келейна, дэ-факта паказваючы простаму люду,
што гэта не яго розуму справа.
Але адважуся выказаць здагадку, што ніякіх страшэнных
сюрпрызаў у праграмы не зашыта. Наўрад ці сутнасць гэтых дакументаў моцна
адрозніваецца ад іх кароткага зместу, выкладзенага ў сумеснай заяве прэм'ераў
дзвюх краін, апублікаванай 10 верасня на сайце расійскага ўрада.
А ў тым своеасаблівым дайджэсце — набор гумовых слоўцаў тыпу «збліжэнне», «гарманізацыя», «Інтэграцыя» і толькі зрэдку «ўніфікацыя».
Апошняе тычыцца, напрыклад, рэгулявання транспартнага рынку.
Але гэта ж не азначае, што заўтра беларускімі цеплавозамі завалодае Масква.
Роўна як укараненне агульных прынцыпаў падаткаабкладання не азначае, што
беларускія падаткі пацякуць у расійскую казну.
Так што ў гэтым плане Крэмль выціснуў з Лукашэнкі пакуль
нашмат менш, чым хацеў першапачаткова, калі ў канцы 2018 года тагачасны прэм'ер
Мядзведзеў выкаціў беларускім дзеячам свой ультыматум: хочаце і надалей
атрымліваць эканамічныя плюшкі — давайце без дурняў выконваць саюзную дамову
1999 года.
Зараз жа на выхадзе — толькі 28 даволі дэкларатыўных праграм,
якія, мяркуючы па ўсім, выключаюць палітычную інтэграцыю.
І ў ранейшыя часы беларускі бок на стадыі рэалізацыі не раз
дэ-факта сабатаваў саюзныя дамоўленасці, калі яны былі для Мінска
дыскамфортныя або калі Масква проста не раскашэльвалася ў належнай па яго
мерках ступені.
А вось цяпер — і ў гэтым фішка моманту — адкручвацца будзе
нашмат цяжэй. Успомнім: Лукашэнка адхіліў падпісанне дарожных карт у снежні
2019 года, калі стасункі Мінска з Захадам былі ў станоўчай фазе, мелася
магчымасць геапалітычнага манеўру.
Але ў выніку брутальнага падаўлення пратэстаў пасля
выбараў-2020 беларускі правадыр беспрэцэдэнтна пасварыўся з Еўрасаюзам і ЗША,
атрымаў ад іх санкцыі (уключаючы сектаральныя, чаго раней не бывала) і адмову ў
легітымнасці.
Зразумела, што і заходніх грошай цяпер не відаць як уласных
вушэй. Што застаецца? Правільна, біць чалом Маскве — крэдытору апошняй надзеі.
Так што ў яе цяпер — як ніколі вялікія магчымасці акуратна
даціскаць наравістага беларускага партнёра. Што яна і робіць, у
прыватнасці — стараннай дазоўкай фінансава-эканамічнай дапамогі.
У дадатак да ўсяго пасля віртуальнага пасяджэння ВДС 4
лістапада, калі Пуцін знаходзіўся ў Севастопалі, а Лукашэнка быў вымушаны
віншаваць крымчан, рабіць рэверансы, аглядальнікі сталі казаць пра тое, што
Масква практычна даціснула беларускае кіраўніцтва ў пытанні прызнання Крыма.
Зрэшты, я не ўпэўнены, што пасля віртуальнага пасяджэння
ВДС.
Прайшлі часы, калі ён мог горда адварочвацца ад дарожных карт «паглыблення інтэграцыі», дражніць Крэмль гульнямі ў шматвектарнасць і г. д. Пасля жніўня 2020 года кіпцік беларускай птушачкі ўграз, здаецца, ужо намёртва.