«Мы цябе рыхтавалі — адпрацуй 10 гадоў». Як Лукашэнка прапануе спыніць адток медыкаў за мяжу
Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў у Оршы гарадскую бальніцу №1 імя Сямашкі. Падчас наведвання ён выказаўся наконт праблемы недахопу медыцынскіх работнікаў і іх адтоку за мяжу. Па яго словах, больш за ўсё ў Беларусі не хапае анестэзіолагаў-рэаніматолагаў, распавядае «Наша Ніва».
«Ты за бясплатна падрыхтаваў анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў,
— звярнуўся Лукашэнка да міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. — І нават
калі не за бюджэт, а платна — капейкі плацяць. У нас наогул бясплатнае адукацыю,
а там, дзе плацяць, гэта ў 10 разоў менш, чым у Амерыцы ці Германіі».
«Мы яго бясплатна падрыхтавалі, ён махнуў нам рукой і паехаў
зарабляць. Тут ёсць праблема, і ты мне павінен унесці ў новым годзе прапанову,
аж да драконаўскіх метадаў, — даў Лукашэнка заданне міністру. — Прыйшоў ва
ўніверсітэт вучыцца — прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі, да прыкладу,
адпрацуй 10 гадоў.
Потым хочаш кудысьці з’ехаць — аплаці нам кошт таго, што мы
цябе вучылі, і едзь. Або хай тыя заплацяць, куды ты паедзеш. Тады з’ехаў і
з’ехаў — прыйшлі маладыя, новыя. Нам трэба паставіць усе кропкі над «і». У новым
годзе ты павінен унесці прапановы».
Дадаткова Лукашэнка паабяцаў для медыкаў сярэднія заробкі ў
2 тысячы рублёў.
«Дзве тысячы, менш нельга. Узровень гэтых заробкаў для
дактароў трэба захаваць. Яны пойдуць у нас у бюджэтнай сферы як лакаматыў па
зарплаце, будзем і настаўнікаў падцягваць. Не можа быць краіны без доктара і
настаўніка. Гэта наша сапраўдная інтэлігенцыя», — сказаў ён.
Пры гэтым у 2020 годзе сярэдні налічаны заробак медыкаў у
Беларусі склаў 1144,1 рублі, у дактароў — 1881. Праўда, як правіла, гэта праца
не на адну стаўку.
Нагадаем, цяпер пасля сканчэння медыцынскага ўніверсітэта
медыкі павінны адпрацаваць, як і ўсе маладыя спецыялісты, — 2 гады.
Усяго ж у Беларусі, па даных агульнарэспубліканскага банка вакансій, не хапае каля 10 тысяч медработнікаў.