Віталь Цыганкоў пра падпісанне інтэграцыйнага дэкрэту: па цэнах на газ і нафту Масква не саступіла
Беларускі журналіст лічыць, што ў тактычным сэнсе падпісанне 28 саюзных праграмаў нічога кардынальна не мяняе.
![1562651169_integracia_08.jpg 1562651169_integracia_08.jpg](/img/v1/images/1562651169_integracia_08.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Не думаю, што Лукашэнка раптам зменіць асновы эканамічнай
палітыкі, — піша Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграм-канале. — Не думаю, што беларуская падатковая ці
іншая эканамічная палітыка пасля падпісання раптам пачне мяняцца ў бок
расійскіх узораў.
Ну і галоўнае — відавочна, што па цэнах на газ і нафту Масква не саступіла, не будзе ніякага газу па цане «Смаленскай вобласці». Я гаварыў гэта і 10 гадоў таму, што ніколі Масква не пойдзе на «роўныя цэны» для Беларусі (прынамсі, пакуль Беларусь хаця б фармальна застаецца незалежнай краінай). Пакуль гэты прагноз спраўджваецца.
Што тычыцца стратэгічнай ацэнкі, то — якімі б неістотнымі ні былі гэтыя падпісаныя «праграмы» — гэта ўсё ж чарговы стратэгічны крок па звужэнню беларускага суверэнітэту і павялічэнню палітычнай і эканамічнай залежнасці да Расіі.
У прынцыпе, гэта і ёсць стратэгія Лукашэнкі ўсе гэтыя гады — паступова прадаваць кавалкі беларускага суверэнітэту ў абмен на (у залежнасьці ад сітуацыі) фінансавую, ваенна-стратэгічную альбо палітычную падтрымку Масквы.