Што ў сухім астатку па выніках дзяржсавету Cаюзнай дзяржавы? Адказвае Валерый Карбалевіч

На чыю карысць цяперашнія рашэнні Вышэйшага дзяржсавету так званай Саюзнай дзяржавы? Парадак дня пасяджэння відавочна расійскі, адзначае беларускі палітолаг.

dsc_7076_1.jpg

Паводле самога статусу Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы, ягоныя пасяджэнні павінны праходзіць кожны год, — піша Валерый Карбалевіч у сваёй калонцы на «Свабодзе». — Бо ў яго функцыі ўваходзіць зацвярджэнне гадавога бюджэту Саюзнай дзяржавы, заслухоўванне штогадовай справаздачы Саўміну СД аб рэалізацыі прынятых рашэнняў. Між тым апошні раз ВДС засядаў 19 чэрвеня 2018 году, прычым у Мінску. Сам факт больш як трохгадовай паўзы ў пасяджэннях гэтага органа шмат што кажа пра стан рэчаў у Саюзнай дзяржаве.

Напярэдадні цяперашняга пасяджэння ВДС у адносінах паміж Мінскам і Масквою здарылася чарговае напружанне, нават канфлікт, бакі абмяняліся балючымі інфармацыйнымі ўколамі. Таму было шмат меркаванняў, што з правядзеннем запланаванага на 4 лістапада ВДС магчымы скандал. Ці то ён будзе перанесены, ці то на ім не будуць зацверджаныя 28 саюзных праграм.

Аднак скандалу не адбылося, вонкава ўсё выглядала збольшага бесканфліктна, паводле традыцыйнага рытуалу.

На чыю карысць цяперашнія рашэнні ВДС? Парадак дня пасяджэння відавочна расійскі. Менавіта Крэмль настойваў на рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Яшчэ ў канцы 2018 году Масква пачала рэалізоўваць план «прымусу да інтэграцыі», пад яе ціскам увесь 2019 год ішлі перамовы аб 31 «дарожнай мапе». Аднак тады нічога падпісаць не ўдалося. Цяпер Крэмль, карыстаючыся пэўнай уразлівасцю Лукашэнкі пасля стрэсу 2020 году, даціснуў яго. Няхай сабе і ва ўрэзаным выглядзе, 28 саюзных праграм падпісаныя.

Дарэчы, іх змест так і застаецца сакрэтам. Нягледзячы на абяцанні, яны так і не прадстаўленыя публіцы. І гэта таксама шмат кажа аб працэсе беларуска-расійскай інтэграцыі, змест якога хаваецца ад народаў дзьвюх краін.

Таксама відавочна расійская тэма — ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы. Яна зацверджаная Пуціным яшчэ ў 2018 годзе. А Лукашэнка сабатаваў яе зацвярджэнне. Цяпер ён вымушаны быў пагадзіцца.

А якія дывідэнды афіцыйнага Мінску? Планавалася, што яны будуць, найперш, піяраўскія. Бо меркавалася, што ВДС пройдзе ў Мінску. Пра гэта гаварылася як пра цалкам вырашаную справу. 10 верасня прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што візіт у Мінск у гэты дзень стаіць у працоўным графіку Пуціна.

Важна адзначыць, што ў склад ВДС уваходзяць прэзідэнты, кіраўнікі ўрадаў, спікеры палат парламентаў дзьвюх дзяржаў. Гэта значыць, меркавалася, што 4 лістапада ў Мінск прыбудзе ўсё вышэйшае кіраўніцтва РФ. І гэта падняло б статус Лукашэнкі, дазволіла б беларускім дзяржаўным СМІ гаварыць пра адсутнасць міжнароднай ізаляцыі Беларусі, стала б дадатковым фактарам знешняй легітымізацыі рэжыму, які тут правіць.

Але выйшаў аблом. Пуцін і іншыя расійскія кіраўнікі ў Мінск не прыехалі. Крэмль не дараваў сюжэт пра «бункер» і «ботакс». Пасяджэнне ВДС прайшло праз відэасувязь. І гэта абнуліла піяраўскі складнік дадзенага мерапрыемства.

Застаецца спадзявацца на эканамічныя бонусы з боку Расіі ў адказ на згоду падпісаць саюзныя праграмы і ваенную дактрыну.

Дарэчы, завісла пытанне пралангацыі пагаднення аб размяшчэнні на беларускай тэрыторыі двух расійскіх вайсковых абʼектаў. Гледзячы па ўсім, наконт гэтай праблемы не дамовіліся. Можна меркаваць, што Лукашэнка выстаўляе нейкія новыя ўмовы знаходжання тут гэтых аб’ектаў, імкнецца прадаць гэты тавар даражэй.

Варта таксама адзначыць, што падчас пасяджэння ВДС быў зроблены яшчэ адзін рытарычны крок па прызнанні Лукашэнкам Крыму расійскім.