Арцём Шрайбман: бакі сваімі рукамі панізілі планку амбіцый саюзнага будаўніцтва

Падпісаныя дакументы далёкія ад версіі 2019 года з палітычнай інтэграцыяй, зацягнутыя па тэрмінах і дэ-юрэ не прывязаныя да канкрэтных пугах і пернікаў, размытыя ў фармулёўках (гарманізацыя, агульныя падыходы, збліжэнне). Гэта значыць, іх можна тлумачыць па-рознаму і гадамі бадацца за гэтыя трактоўкі.

Фота "РИА Новости"

Фота "РИА Новости"

Так палітычны аналітык Арцём Шрайбман пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале падпісанне Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным інтэграцыйнага дэкрэта, якое адбылося 4 лістапада.

"Урэшце, — адзначае ён, — у нас больш за 20 гадоў падпісаны і ўступіў у сілу дагавор аб адзінай валюце, парламенце, Канстытуцыі і нават сімволіцы, а мы не можам нават роўмінг канчаткова адмяніць».

Тое ж, на яго думку, тычыцца падпісанай Саюзнай ваеннай дактрыны і канцэпцыі міграцыйнай палітыкі. Гэта дэкларацыі, якія, у адрозненне ад размешчаных пад Гродна вучэбна-баявога цэнтра і С-400, не маюць прамых наступстваў і прымаюцца хутчэй для помпы.

Не прагучалі ніякія дэталі новай расійскай падтрымкі. Яна ў невялікім памеры (0,6 млрд крэдытаў на паўтара года) была абяцаная два месяцы таму, і мабыць ўвязаная з выкананнем саюзных праграм.

А вось фіналізацыя дарожных карт сімвалічна важная, лічыць аналітык.

"Бакі сваімі рукамі панізілі планку амбіцый саюзнага будаўніцтва, вывеўшы тэмы накшталт адзінай валюты ў неаглядную будучыню", — піша ён.