Няма таго, што раней было...
Канешне, шмат разоў казалася пра тое, што як раней — ужо не будзе. Але каму-некаму безумоўна хацелася б, каб ранейшыя часы вярнуліся. Улада ўсё жадае пацэліць у чаканні грамадства. Але гэтыя чаканні, падаецца, палягаюць у зусім іншым рэчышчы.
Падзеяй тыдня ёсць Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. Яго шмат анансавалі напрацягу некалькіх месяцаў. Галоўным чынам, з-за планаванага падпісання на ім 28 праграм «глыбокай інтэграцыі», пра што, нібыта, дамовіліся Лукашэнка з Пуціным. А дакладней — да чаго даціснула Лукашэнку Масква.
Можна ўзгадаць ранейшыя інтэграцыйныя падзеі — якія яны былі прыгожыя. Лукашэнка, чалавек «не тое неп'юшчы, не тое малап'юшчы», уздымаў у Крамлі келіх рускай гарэлкі і біў той самы келіх. У гонар аб'яднання стварылі цэлае свята — Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі (пра якое цяпер згадваюць, хіба, толькі журналісты ды камунальнікі, што ўпрыгожваюць гарады да гэтага «свята»). Карацей, усё было ўрачыста і пампезна — так, каб потым тыдзень пра гэта гаварылі.
А цяпер? А цяпер Лукашэнка і Пуцін сустрэліся па тэлевізары. Паглядзелі адзін на аднаго, падпісалі нешта незразумелае, і пайшлі спаць кожны ў сябе дома. Не, зразумела, кавід і ўсё такое, але гэта хіба размах для такога мерапрыемства?
Канешне, Лукашэнка хацеў бы перамовіцца з Пуціным сам-насам, персанальна. І ўсё ж высветліць, якія «плюшкі» ён можа атрымаць за падпісанне гэтых самых інтэграцыйных праграм. Бо самі праграмы — паперкі, іх яшчэ трэба выканаць (што досыць праблематычна), а грошы патрэбныя ўжо цяпер. Нават не так — яны былі патрэбныя яшчэ ўчора. І абяцаны крэдыт у 600 мільёнаў за гэта — смеху варта. Раней такія крокі ацэньваліся ў значна большыя сумы.
Аднак няма таго, што раней было. Грошай няма таксама.
Падпісанне ж інтэграцыйных дакументаў «па тэлевізары» — гэта выключны паказчык таго, як да Лукашэнкі ставіцца Пуцін. Першая ластаўка, пра што мы казалі, была, калі непасрэдна Уладзімір Уладзіміравіч вызначыўся з фарматам ВДС — нягледзячы на тое, што фармальна кіраўніком гэтай структуры на сёння з'яўляецца Лукашэнка. Другая рэч — тое самае падпісанне «па тэлевізары». Пры гэтым даволі дэманстрацыйна Пуцін у той жа дзень наведаў месцы масавага збору людзей у Севастопалю — з нагоды расійскага Дня народнага адзінства. А значыць, усе яго спасылкі на «неспрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку», з-за якой ён не прыехаў у Мінск, — толькі падстава, каб не ехаць да Лукашэнкі.
А перад спічрайтэрамі Уладзіміра Уладзіміравіча, якія напісалі яму прамову на адкрыццё таго самага ВДС, я ўвогуле здымаю капялюш. Потым надзяваю яго назад — і здымаю зноў. Такой двухсэнсоўнай прамовы: знешне прыязнай, але насычанай падтэкстамі, я не чуў даўно.
Найперш, Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што асаблівае значэнне набывае стабільнасць на межах Расіі і Беларусі. «Што за нафіг?» — запытаецеся вы і згадаеце, як Лукашэнка і Чарнамырдзін выкопвалі памежны слуп паміж Расіяй і Беларуссю ў 1995 годзе. А вось такая заява, якая, напэўна, закліканая папярэдзіць Лукашэнку, каб той і не думаў паказаць мігрантам, што атабарыліся ў Сінявокай напярэдадні зімы, у бок расійскага партнёра.
А потым Пуцін сказаў, канешне, і пра «знешнія межы». З аднаго боку, можна было б падумаць, што і заява пра мяжу Расіі і Беларусі была ў гэтым кантэксце, і пытанне пра ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы, якую падпісалі на гэтым жа пасяджэнні. Аднак адразу ж вылазіць і двухсэнсоўнасць: напэўна, Маскве не падабаюцца гульні кіраўніцтва Беларусі з мігрантамі, і няблага было б вярнуць «стабільнасць».
Пуцін адзначыў, што пытанні нафты і газу з'яўляюцца самымі спрэчнымі з Беларуссю, але па іх дасягнуты «вялікі прагрэс». І ў той жа час сказаў, што кошты для Сінявокай на энерганосьбіты ў 7-10 разоў меншыя, чым спотавыя ў Еўропе і ў 3-4 разы ніжэйшыя, чым па еўрапейскіх доўгатэрміновых кантрактах. Гэта азначае, напэўна, што чарговага «газу ў абмен на пацалункі» не будзе.
У Лукашэнкі адэкватнага адказу не знайшлося. Ён усяго толькі прапанаваў стварыць медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы (навошта, калі ўжо ёсць тэлеканал «Саюз» і іншыя саюзныя СМІ?). А потым яны падпісалі дэкрэт пра 28 інтэграцыйных праграм. Праўда, тут трэба разбірацца, ці прадугледжаныя ў Саюзнай дзяржаве нейкія дэкрэты ўвогуле.
У каго што баліць, той пра тое і кажа. Лукашэнка апошнім часам проста выпаў з інфармацыйнай прасторы. Ён нікому не цікавы, і не цікавыя яго ініцыятывы і целазрухі. Ён, як палітык, гэта адчувае на інстынктыўным узроўні. І ён намагаецца вярнуць сабе «пачуццё ўласнай важкасці». Але гэта не атрымліваецца. Тое, што яму падавалася «лёсавызначальным» і «ўрачыстым», скацілася да нейкай няўцямнай руціны. І само падпісанне па відэаканферэнцыі відавочна паказвае, наколькі Пуцін надае значэнне гэтым дакументам.
Тое ж самае з Канстытуцыяй. Нібыта, на тыдні яе «амаль канчатковы» праект аддалі Лукашэнку. Падавалася б, гістарычная падзея, галоўны ў краіне дакумент! Яго павінны абмяркоўваць эксперты, павінен выказвацца народ, прынамсі, хаця б варажыць: а што прынеслі пакуль яшчэ кіраўінку дзяржавы? Але — цішыня. Нібыта чарговы дэкрэт прынеслі. Сам Лукашэнка нават збянтэжыўся, кажучы, што «людзям, якія патрабавалі перамен... а сёння, я так разумею, і Канстытуцыя ім не патрэбная».
Людзям, якія патрабавалі перамен, Канстытуцыя, канешне, патрэбная. Але патрэбная Канстытуцыя, а не прафанацыя. Сэнсу ў Асноўным законе ў краіне, дзе «часам не да законаў»? Калі спасылка на канстытуцыйныя правы ў любым судзе натыкаецца на фразу, што «Канстытуцыя не мае наўпроставага дзеяння»? Калі не выконваецца дзейсная Канстытуцыя, дзе гарантыя, што будзе выконвацца новая? Які сэнс мае нават тое ж стварэнне «з'езду ЦК КПСС» у выглядзе Усебеларускага народнага сходу, калі яго прадугледжвае закон, якога, па факце, няма? Бо Канстытуцыя павінна або выконвацца, або яна сапраўды не патрэбная.
Але для палітыка згуба цікавасці да яго — гэта канец палітычнай кар'еры. І Лукашэнка, будзем казаць шчыра, бой за цікавасць прайграе. Ён ужо не ў стане схапіць народныя чаканні і згуляць на пачуццях народу. Таму што народ — змяніўся. А Лукашэнка не можа (і не хоча) гэта ўцяміць.