Крэмль пацвердзіў падпісанне на заўтрашнім ВДС 28 саюзных праграм

Прэс-служба Крамля пацвердзіла падпісанне 28 саюзных праграм 4 лістапада на онлайн-саміце Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, паведамляюць naviny.online.

thumbs_b_c_15bb250932984d17930da8f5dcc3f434.jpg


«Плануецца зацвердзіць пакет важных інтэграцыйных дакументаў: "Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады", якія ўключаюць 28 галіновых саюзных праграм, а таксама абноўленую Ваенную дактрыну і канцэпцыю міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, будуць прааналізаваныя вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін за 2020 год і студзень-чэрвень 2021 года і ход выканання раней прынятых рашэнняў.
Раней пра парадак саміта ВДС паведаміў пастаянны Камітэт СД, але без асобнага згадвання 28 праграм (раней бакі называлі іх «дарожнымі картамі»).
Праграмы прадугледжваюць збліжэнне макраэканамічнай палітыкі, гарманізацыю грашова-крэдытнай палітыкі, валютнага рэгулявання і валютнага кантролю, патрабаванняў у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі ў фінансавай сферы, інтэграцыю нацыянальных сістэм плацежных картак, гарманізацыю падатковага, мытнага заканадаўства, уніфікацыю рэгулявання транспартнага рынку, фарміраванне аб'яднаных рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў, электраэнергіі, адзінай аграрнай і прамысловай палітыкі, развіццё атамнай энергетыкі і інш.
Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады, а таксама 28 саюзных праграм былі адобраны 10 верасня на пасяджэнні Савета Міністраў СД разам з праектам дэкрэта ВДС СД аб іх зацвярджэнні. Днём раней гэтыя праграмы былі адобраны Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам на сустрэчы ў Маскве.