Інтэграцыя пад настрой: ці сапсуе Лукашэнка свята Расіі?

Падпісанне дакументаў, якія цікавяць Маскву, у тых умовах, у якіх аказалася Беларусь, — пытанне настрою Крамля і часу, піша «Салідарнасць».

Ілюстрацыйны малюнак / dw.com

Ілюстрацыйны малюнак / dw.com


Першапачаткова меркавалася, што 4 лістапада будуць падпісаныя важныя інтэграцыйныя дакументы. Напярэдадні пасяджэння пайшлі размовы пра напружанасць у беларуска-расійскіх адносінах. Настолькі сур'ёзную, што падпісанне інтэграцыйных праграм, пра ўзгадненні якіх зусім нядаўна з вялікай помпай адчытваліся абодва бакі, можа не адбыцца.
Цяжка ўявіць, каб Лукашэнка ў нашай сітуацыі наважыўся сапсаваць Пуціну свята — а заўтра ў Расіі адзначаецца Дзень народнага адзінства. Але справа не толькі ў гэтым. Паспрабуем разабрацца, ці з'яўляюцца падзеі, якія паслужылі падставай для напружанасці ў адносінах, грунтоўнымі для высноў, што інтэграцыйная справа Крамлю стане калом.
Калі інтэграцыйныя праграмы былі ўзгодненыя, стала папулярным меркаванне, што гэтыя дакументы нічога прынцыповага не значаць, хоць да гэтага часу ніхто толкам не ведае, што ў іх. Калі ж паўсталі сумневы, што іх падпішуць, значнасць дакументаў зноў узрасла.
Як бы там ні было, пра астуджэнне Крамля загаварылі, калі ў сеціва трапілі даныя расійскіх сацыялагічных апытанняў у Беларусі. Была зробленая выснова, што Крэмль зрабіў шматзначны ход УЦДГМ.
Даныя УЦДГМ, вядома ж, не з'яўляюцца адкрыццём для Масквы, а іх «зліў» — яе адкрыццём. Крэмль валодае інфармацыяй пра сапраўдныя вынікі галасавання 9 жніўня 2020 года ў Беларусі, а таксама ўсімі звесткамі пра рэальную папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі ў іх дынаміцы і тым не менш прызнаў яго пераможцам на выбарах.
У рэшце рэшт на лічбы можна глядзець з розных вуглоў, і гэта моцна ўплывае на карціну. Скажам, з аднаго боку, Лукашэнка з падтрымкай у 30 адсоткаў з'яўляецца аўтсайдарам на фоне папулярнасці прадэмакратычных палітыкаў. З іншага боку, гэта не так і мала, а на фоне рэпрэсіўнага накаўту і стомленасці ў народзе магчымым выглядае нават правядзенне рэферэндуму без асаблівых праблем для рэжыму.
Інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай галоўрэду «Эхо Москвы» Аляксею Венедзіктаву стала падставай для надзей, што Расія паварочваецца тварам да беларускай апазіцыі і спіной да Аляксандра Лукашэнкі. Ціханоўская была на «Эхо Москвы» напярэдадні выбараў. У той час яшчэ можна было думаць, што Крэмль раздзіраюць смутныя сумневы і альтэрнатывы Лукашэнку магчымыя.
І да, і пасля выбараў лідараў беларускай апазіцыі пускалі не толькі на «Дождь» і «Эхо», але і на федэральныя эфіры.
Павел Латушка, напрыклад, пабываў на «Першым» і ва Уладзіміра Салаўёва. Цяпер толькі «Эхо».
У любым выпадку ўсе гэтыя эфіры выкарыстоўваюцца для падтрымання кліента ў інтэграцыйным тонусе —канкрэтна цяпер Крэмль грае на нервах Лукашэнкі мелодыю будзільніка. Можна толькі разважаць, з нагоды чаго яго будзяць — інтэграцыйных абавязацельстваў ці абяцанай канстытуцыйнай рэформы.
Нарэшце, той факт, што Уладзімір Пуцін не прыедзе ў Мінск і пасяджэнне будзе праводзіцца па відэасувязі — таксама не доказ сваркі ў Саюзнай хаце. У нядаўніх самітах кіраўнікоў дзяржаў АДКБ і ШАС, якія праводзіліся ў фізічным фармаце ў Душанбэ, Пуцін таксама прымаў удзел па відэасувязі з Масквы.
І каб падпісаць дакументы, зусім неабавязкова прысутнічаць фізічна. Напрыклад, гістарычная заява аб спыненні агню ў Нагорным Карабаху падпісвалася лідарамі Расіі, Азербайджана і Арменіі з дапамогай відэаканферэнцыі.
Наш працэс інтэграцыі з Расіяй ідзе за зачыненымі дзвярыма. Лукашэнка — яго прычына і перашкода адначасова: бо любыя саступкі і новыя залежнасці скарачаюць яго ўладу. Падпісанне дакументаў, якія цікавяць Маскву, у тых умовах, у якіх аказалася Беларусь, — пытанне настрою Крамля і часу. Лукашэнку часам дазволена яго пацягнуць.