Amnesty International: Пуцін павінен падняць пытанне аб правах чалавека ў Беларусі на перамовах з Лукашэнкам

Amnesty International звярнулася да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з заклікам падняць пытанне аб захаванні правоў чалавека ў Беларусі на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам, які прыбудзе ў Маскву з рабочым візітам у панядзелак, 14 верасня.

thumbnail_tw_20190204153400_2117.jpg


 Адпаведны ліст праваабарончая арганізацыя накіравала ў адміністрацыю расійскага прэзідэнта.
"Amnesty International заклікае вас выкарыстоўваць гэтую сустрэчу для таго, каб падняць пытанні неабходнасці захавання Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека", — гаворыцца ў лісце дырэктара расійскага прадстаўніцтва Amnesty International Наталлі Звягінай.
У лісце пералічваюцца факты фабрыкацыі крымінальных спраў у дачыненні да дзясятка апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, уключаючы Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Лілію Уласаву, Максіма Знака, іх калегаў і прыхільнікаў.
Акрамя таго, Amnesty International паказвае ў лісце на мноства выпадкаў відавочна неабгрунтаванага прымянення праваахоўнымі органамі сілы і спецыяльных сродкаў супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Арганізацыя спецыяльна агаворвае, што ахвярамі гвалту з боку сілавікоў, а таксама крымінальнага пераследу па артыкуле аб "удзеле ў масавых беспарадках" сталі і расійскія грамадзяне.
"Так, расіяне Андрэй Новікаў і Дзмітрый Папоў утрымліваюцца ў СІЗА па сфабрыкаванай "справе Сяргея Ціханоўскага". Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў былі адвольна затрыманыя ў Мінску 11 жніўня, збітыя, беспадстаўна абвінавачаныя ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" і дзякуючы, у тым ліку, умяшанню расійскага консульства вызваленыя, аднак іх крымінальны пераслед не спынены. Расійскія журналісты, уключаючы Дзмітрыя Ласенку і Антона Старкова (Daily Storm), Яўгена Алейніка (Sputnik), Сямёна Пегава (WarGonzo), Максіма Салапава («Медуза»), былі адвольна затрыманыя і збітыя падчас акцый пратэсту", – гаворыцца ў лісце Amnesty International.
У святле гэтага Amnesty International заклікае расійскія ўлады выкарыстоўваць свой уплыў з тым, каб "забяспечыць няўхільнае захаванне Рэспублікай Беларусь правоў чалавека ў адпаведнасці з міжнародным правам". Беларускія ўлады, апроч іншага, павінны гарантаваць захаванне правоў на свабоду сходаў, асацыяцый і выказвання меркаванняў, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх пераследуемых па палітычных матывах, неадкладна і эфектыўна расследаваць усе выпадкі неабгрунтаванага прымянення сілы праваахоўнымі органамі да ўдзельнікаў мірных сходаў.