Андрэй Паротнікаў: Закон пра павышэнне пенсійнага ўзросту ўжо гатовы

У Беларускім Доме ў Варшаве адбылася сустрэча з кіраўніком праекта «Belarus Security Blog» Андрэем Паротнікавым. Удзельнікі дыскутавалі, ці магчымы разварот Беларусі ў бок
Захаду, а таксама, пра магчымыя сцэнары развіцця падзеяў у бліжэйшыя гады.



Фота з сайта www.racyja.com


Аналітык лічыць, што Лукашэнка глядзіць у розныя бакі свету, а прарасійскую рыторыку выкарыстоўвае для выцягвання з Масквы грошай, адзначае "Радыё  Рацыя".

Андрэй Паротнікаў: З аднаго боку гэта штучная прарасійская рыторыка. Але з іншага боку трэба разумець вельмі простую рэч: Лукашэнка ёсць чалавекам такога савецкага ці постсавецкага тыпу. Ён не разумее Захад, і ён не ўспрымае заходнія каштоўнасці. Ён слаба ведае Захад, і таму ён папросту не давярае Захаду. Вельмі цяжка развярнуцца ў бок таго, каму ты не давяраеш. З іншага боку, Захад таксама не давярае Лукашэнку, таму і тыя крокі насустрач беларускім уладам, якія маглі б быць, яны будуць, як мне здаецца, палавінчатымі. Я б не чакаў нейкага развароту на Захад. Мне здаецца, што Беларусь будзе працягваць лавіраваць паміж Расіяй і Захадам, спрабаваць уцягнуць у рэгіянальныя справы Кітай і Злучаныя Штаты. Але пры гэтым, рэжым будзе трымацца ў стане роўнааддаленасці ад кожнага з гэтых цэнтраў сіл.

РР: Лукашэнка кіруе ўжо больш за 20 гадоў. Заўсёды менавіта Расія выступала, як гарант ягонай ўлады ў Беларусі. Ці нешта змянілася пасля падзеяў ва Украіне?

Андрэй Паротнікаў: Па-першае, гэта даволі спрэчнае сцверджанне, што Расія выступала як гарант. Першы і апошні раз яны адкрыта, шчыльна і наўпростава яго падтрымалі падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 года. Ці змянілася нешта пасля Украіны? Зыходзячы з таго, што я не лічу, што Расія выступала гарантам улады Лукашэнкі, мне здаецца, што і ўкраінскі крызіс не прынёс ніякіх зменаў, бо легітымнасць Лукашэнкі базіруецца, насамрэч, унутры краіны, перш за ўсё, а не таму, што нехта яго падтрымлівае ці не падтрымлівае. Трэба прызнаць, што ён карыстаецца падтрымкай нейкай даволі значнай колькасці насельніцтва, хоць, безумоўна, гэта не большасць. Ён абапіраецца на бюракратычны апарат, ён абапіраецца на частку спецслужбаў. Ён стварыў такую сістэму ў Беларусі, якая ў прынцыпе задавальняе большасць людзей. То бок, ідэя аўтарытарнага рэжыму ў тым, што калі ты не займаешся палітыкай, ты можаш займацца чым заўгодна. Ты можаш спрабаваць зарабляць грошы, нейкай творчасцю займацца, галоўнае не лезь у палітыку. І на сённяшні дзень гэтае “не лезці ў палітыку” тое, што прысутнічае ў 90% беларусаў.

РР: Пытанне ў іншым, што Беларусь знаходзіцца ў Еўропе, і наўрад ці гэта было б магчыма, каб больш за два дзясяткі гадоў панаваў аўтарытарны рэжым, калі б побач не было Расіі, калі б Беларусь не была б у сферы ўплыву Расіі.

Андрэй Паротнікаў: Тут цяжка сказаць. Безумоўна, Беларусь па негалоснай згодзе ўваходзіць у сферу пераважных інтарэсаў Расіі. Але, напрыклад, калі б не было Расіі, то што б зрабіў Захад? Захад бы паспрабаваў абваліць Лукашэнку? Магчыма так, а магчыма і не. У прынцыпе, трэба нагадаць, што ў сферу інтарэсаў Расіі ўваходзіла і Сербія, але калі было вырашана пытанне, што Мілошавіч павінен быць зрынуты, ён праз год быў зрынуты, праўда, гэта каштавала некалькі мільярдаў даляраў.

РР: Апошнім часам гавораць пра нейкія рэформы. Тым ні менш, Лукашэнка падчас сваёй чарговай г.зв. “інаўгурацыі” казаў, што ніякіх рэформаў з яго выбіваць не будуць. На Вашу думку, якія ёсць цяпер сцэнары для Беларусі?

Андрэй Паротнікаў: Сцэнар вельмі просты — ці будуць грошы ў бюджэце, ці не. Калі бюджэт будзе мець праблемы з напаўняльнасцю, то перш за ўсё парэжуць тое, што не ёсць крытычна важным для рэжыму. Гэта сацыяльная сфера. Таму, на жаль, я не выключаю, што вось гэты праект “сацыяльная дзяржава” будзе вельмі хутка згорнуты. Прынамсі, наколькі мне вядома, распрацаваны ўвесь корпус заканадаўчых дакументаў аб павышэнні пенсійнага ўзросту да 65 гадоў, для ўсіх. Пры тым, што ў нас сярэдняя працягласць жыцця — каля 70.

РР: Якія яшчэ змены, якія могуць адбіцца на жыцці звычайнага беларуса, магчымыя ў бліжэйшыя гады?

Андрэй Паротнікаў: Думаю, што гэта, безумоўна, жыллёва-камунальная сфера, таму што гэта масавая сфера, якая паглынае шмат грошай. Гэта сфера вышэйшай адукацыі, то бок, змяншэнне бюджэтных месцаў, і пашырэнне платных. Ну і безумоўна, гэта медыцына, якая дэ-факта ўсё больш і больш становіцца платнай.

РР: Падчас дыскусіі таксама было ўзнята пытанне пра магчымую прыватызацыю, пра якую ходзяць пагалоскі. Вы заявілі, што гэта можа выліцца ў яшчэ горшы для Беларусі сцэнар.

Андрэй Паротнікаў: Гэта будзе горш для нас, калі эканамічная лібералізацыя і прыватызацыя не будзе суправаджацца палітычнай лібералізацыяй. Больш за тое, я б сказаў, што спачатку павінна адбыцца палітычная лібералізацыя, а потым — эканамічная. Бо калі будзе па-іншаму, і калі пачнуцца гэтыя прыватызацыйныя зрухі, то ёсць вялікая верагоднасць, што за тры з паловай капейкі набудуць дзяржаўныя маёмасныя комплексы, якія каштуюць мільярды, як гэта ў свой час было ў Расіі. Гэта пагражае алігархізацыяй эканомікі, алігархізацыяй палітычнай сферы, вельмі хуткім аб’яднаннем часткі бізнэс-элітаў, часткі сілавікоў і крыміналу. То бок, мы вернемся ў “ліхія 90-ыя”. Іншая справа, што з іх будзе значна цяжэй знайсці выхад, таму што гэтыя групоўкі будуць значна больш моцнымі, яны будуць мець не толькі эканамічныя рычагі ўплыву, але і ўладныя, сілавыя, а магчыма нават і палітычныя.

РР: Вы лічыце, што гэтыя людзі, якія атрымаюць гэтую маёмасць і ўплывы, стануць незалежнымі ад Лукашэнкі?

Андрэй Паротнікаў: Праз нейкі час. Паўстане пытанне забеспячэння не толькі права маёмасці, але і гарантыі захавання гэтага права. А ў нашых умовах неразвітасці дэмакратычных інстытутаў, адсутнасці дэмакратычных традыцый, такой умовай захавання можа стаць толькі наяўнасць палітычных, уладных рычагоў.

www.racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: