Азбука паліталогіі: Паводле справядлівасці, а не згодна з законам

Навошта аўтарытарным / таталітарным рэжымам сыпаць сацыяльны бісер перад народам? Здавалася б, сілавікі — іх галоўная апора, а часам і адзіная.

totalitarizm_justice13.png


Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова паглядзець на сучасны Іран, дзе пратэсты трываюць з 16 верасня 2022 года. Аяталы іх тушаць не «пірагамі і блінамі, і сушанымі грыбамі», а паліцэйскімі дручкамі, аграмаднымі турэмнымі тэрмінамі і пакараннямі смерцю. Тушаць, але патушыць не могуць.
Бісер, між іншым, каштуе грошай. Крыху афіцыйнай статыстыкі. У 2021 годзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў да 2010 года склалі 155,4%, рэальны памер вызначаных пенсій (на канец года) — 151,2%, а валавы ўнутраны прадукт — сціплыя 112,5%!
Хто аплачвае розніцу ў тэмпах росту эканомікі і тэмпах росту дабрабыту? Няўжо заходнія палітыкі-мярзотнікі, якія імкнуцца разбурыць нашы традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, а наўзамен навязаць свае гомасексуальныя? Сумняваюся... У мяне няма адказу.
Для тлумачэння парадоксу прапаную звярнуцца да Стэнфардскага зефірнага эксперыменту па даследаванні адтэрмінаванага задавальнення, які быў праведзены ў пачатку 1970-х гадоў псіхолагам Уолтарам Мішэлем.
У эксперыменце дзецям прапаноўвалі выбар паміж невялікай узнагародай, якая даецца неадкладна, і павелічэннем узнагароды ўдвая, калі яны змогуць цярпліва чакаць яе на працягу кароткага перыяду. У якасці ўзнагароджання выкарыстоўваліся зефір і печыва.
У наступных даследаваннях навукоўцы выявілі, што ў дзяцей, якія былі ў стане дачакацца павялічанай узнагароды, як правіла, жыццё складвалася больш удала.
Дзве траціны дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў у эксперыментах Мішэля з'ядалі прысмакі адразу. Яны выбіралі магчымасць займець сініцу ў руках, а не чакаць жураўля ў небе. Аналагічным чынам дзейнічаюць палітыкі.
Дзеля ўтрымання ўлады ў рэжыме «тут і цяпер» яны гатовыя прымаць пастановы, якія могуць адгукнуцца негатыўнымі наступствамі для грамадства і эканомікі ў найбліжэйшай будучыні.

Краіна заніжаных запытаў

Здавалася б, больш рэпрэсіўнага рэжыму, чым той, што выбудавалі нацысты ў Германіі пасля 1933 года, і ўявіць сабе немагчыма, тым больш пасля пачатку ваеннай авантуры. Усё так — і адначасова ўсё не так. Для разумення гэтай неадназначнасці прапаную звярнуцца да кнігі «Успаміны», напісанай асабістым архітэктарам Гітлера і рэйхсміністрам узбраення і ваеннай вытворчасці (1942–1945) Альбертам Шпеерам у турме «Шпандаў»:
«Адной з самых дзіўных з'яў вайны застаецца той факт, што Гітлер імкнуўся засцерагчы свой народ ад нягод, якія Рузвельт або Чэрчыль узвальвалі на свае народы без усялякіх ваганняў. Разрыў паміж татальнай мабілізацыяй рабочай сілы ў дэмакратычнай Англіі і нядбайным падыходам да гэтага пытання ў аўтарытарнай Германіі адлюстроўвае занепакоенасць рэжыму магчымым адлівам народнай любові. Кіруючыя колы не хацелі самі прыносіць ахвяры, але яны не чакалі іх і ад народа — і імкнуліся падтрымліваць яго па магчымасці ў добрым настроі».
Праілюструю «занепакоенасць рэжыму магчымым адлівам народнай любові» яшчэ адной цытатай:
«Ева Браўн, якая звычайна трымалася ў ценю, падключыла Гітлера, калі дачулася пра магчымую забарону перманенту і спыненне выпуску касметычнай прадукцыі. Гітлер адразу ж завагаўся, ён парэкамендаваў мне замест забароны непрыкметнае «вымыванне з асартыменту фарбы для валасоў і іншых касметычных тавараў», а таксама — «спыненне прыняцця ў рамонт апаратаў для перманенту».
Аднак вернемся з гітлераўскай Германіі ў пуцінскую Расію. У студзені, паводле звестак «Лявада-цэнтра», 66% расіян былі згодныя з тым, што справы ў краіне ідуць у правільным кірунку. Вайна такой упэўненасці не пахіснула. Наадварот, пачатак «спецаперацыі» прывёў да росту долі аптымістаў з 52% у лютым 2022-га да 69% у сакавіку.
Тыя, хто лічыць, што Расія пад мудрым кіраўніцтвам Пуціна рухаецца ў правільным кірунку, звычайна згадваюць пра павышэнне пенсій, дапамог, сацыяльных выплат і ў цэлым пра клопат з боку дзяржавы. Без адраснай дапамогі дзяржавы найбольш уразлівым слаям насельніцтва і бюджэтнікам такая «сацыялогія» была б немагчымая.
«Балазе што ў значнай часткі нашых суграмадзян вельмі сціплыя запыты: «прадукты ў крамах ёсць — ужо добра», «1990-я перажылі — і гэтыя цяжкасці перажывём», — тлумачыць дырэктар «Лявада-цэнтра» Дзяніс Волкаў.


За ісціну і справядлівасць

Запыт на сацыяльную справядлівасць не выключае запыту на жорсткую цэнтралізаваную ўладу. Наадварот, адзін без другога не здольны паўнавартасна сфарміравацца. Такі адзін з галоўных урокаў бурнага XX стагоддзя.
У цывілізаваным свеце жывуць не паводле справядлівасці, а згодна з законам, таму што ўяўленне аб справядлівасці ў кожнага сваё. Любыя ж спробы паставіць справядлівасць вышэй за закон заканчваюцца самаўпраўствам. За прыкладамі далёка хадзіць не спатрэбіцца.
На гэтым негатыўныя наступствы барацьбы за справядлівасць не заканчваюцца. Дадзім слова сацыёлагу Лявонцію Бызаву: «Запыт на сацыяльную справядлівасць — гэта толькі адзін бок магістральнага запыту. Рэальна ж гэта, як я яго называю, лева-правы запыт, дзе левы — гэта сацыяльная справядлівасць, а правы — гэта жорсткі парадак. Ён бліжэйшы да нацыянал-сацыялістычнага — гэта сацыялістычны запыт без дэмакратычнага складніка».
Невыпадкова ў СССР нацыянал-сацыялістаў (нацыстаў) Германіі перайменавалі ў фашыстаў, бо растлумачыць савецкаму чалавеку горкую ісціну, што Вялікая Айчынная вайна з’яўлялася вайной паміж дзяржавамі, якія будуюць сацыялізм, прапаганда была не ў стане.
Сёння не прынята згадваць, што сваю палітычную кар'еру будучы фюрар пачаў з уступлення ў Нямецкую рабочую партыю (DAP), якая была заснавана ў пачатку 1919 года слесарам Антонам Дрэкслерам. Таму абсалютна гарманічна выглядае наступнае яго прызнанне: «Як хрысціянін я не павінен дазваляць сябе падманваць, але я павінен быць змагаром за праўду і справядлівасць».
У якасці змагара за справядлівасць пазіцыянаваў сябе і заснавальнік фашызму, таленавіты рэдактар газеты Сацыялістычнай партыі «Avanti!» («Наперад!») Беніта Мусаліні.
***Тры таталітарныя ідэалогіі XX стагоддзя — камуністычная, фашысцкая і нацысцкая — фарміраваліся на субстраце барацьбы за справядлівасць. На жаль, ХХІ стагоддзе пад палітыкамі, якія хочуць змагацца за справядлівасць, рысу яшчэ не падвяло.