Азбука паліталогіі: Тэлевізійныя карцінкі алейнымі фарбамі
Змена цывілізацыйнай ідэнтычнасці — самае сур’ёзнае выпрабаванне, якое толькі можа выпасці на долю народа.
Памятаеце героя «Мёртвых душаў» Наздрова, які «давненько не брал в руки шашек»? Таксама і аўтар гэтага опуса даўнютка не заходзіў на сайт тэлеканала «Беларусь 1».
Аднак жа жыццё ўладкаванае так, што для здзяйснення подзвігу месца заўсёды знойдзецца. Безумоўна, без дадатковага стымулу я б і цяпер не адважыўся наведацца на той сайт. Але мне пашанцавала. Імклівы наступ Узброеных Сіл Украіны ў Харкаўскай вобласці абудзіў маю цікавасць да альтэрнатыўнага погляду на тое, што адбываецца.
Каб не патануць у інфармацыйным моры, давялося абмежавацца праглядам загалоўкаў навін. На жаль, пры ўсім багацці выбару знайсці сюжэт, прысвечаны баявым дзеянням на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі, не атрымалася. У поўнай адпаведнасці з прынцыпам «мы, беларусы, — мірныя людзі», у стужцы навінаў пераважалі сюжэты пра новыя правілы дарожнага руху, пра вопыт і веды людзей, якія вырошчваюць гародніну, ды іх інфармацыйныя аналагі.
Зразумела, не абышлося без камянёў у агарод загніваючага Захаду: у штаце Нью-Ёрк — успышка поліяміэліту, італьянцы абураныя рахункамі за камунальныя паслугі, энергакрызіс прымушае еўрапейскіх фермераў згортваць вытворчасць… Што да Еўропы ў цэлым, то яна ідзе па шляху эканамічнага самазнішчэння.
У гэтай сувязі прыгадваецца кніга «прагрэсіўнага» па савецкіх мерках фінскага пісьменніка Марці Ларні «Чацвёрты пазванок» пра прыгоды еўрапейца ў амерыканскіх «джунглях». Абмяжуюся дыялогам бяздомных падчас сняданку ў «Аазісе», які месціўся ў двух кроках ад Пятай авеню — самай фешэнебельнай вуліцы Нью-Ёрка:
«У “Аазісе” стаяла з дзясятак жалезных бочак, пад метр вышынёй кожная, куды жыхары дома скідвалі аб’едкі. Бабо і Джэры з’явіліся занадта позна, таму што раннія птушкі — валацугі — ужо забралі лепшыя кавалкі. Нейкі спрытны дзядок накладаў у сваю вялікую палатняную торбу калорыі, якія пакінулі іншыя кліенты “Аазіса”.
— Хэло, добрай раніцы, Дыпсі! — гукнуў Бабо.— Я чуў, у Еўропе цяпер страшная галеча, — сказаў Дыпсі.— Так, можа быць... Пасля вайны ўвесь час чагосьці не хапае...— Расказваюць, што там мільёны людзей да гэтага часу паміраюць ад голаду.— Мруць-мруць — гэта дакладна. Я сачу за тым, што пішуць у газетах. Табе пашанцавала, што ты адтуль выбраўся. Хоць цяпер і ў нас таксама стала не вельмі добра. Вось — з дзясятка бочак не набярэш прыстойнага сняданку. Гэта ўсё таму, бачыш, што мы так шмат дапамагаем іншым краінам».
Раман «Чацвёрты пазванок» быў апублікаваны ў 1957 годзе, але сваім прыхільнікам тэлеканал «Беларусь 1» і цяпер распавядае, што ў сучаснай Еўропе і праз шэсцьдзясят гадоў «увесь час чагосьці не хапае». Да Галадамору сталінскага ўзору яшчэ не дайшло, але нават Дзяржстрах не дасць сёння ніякіх гарантый Еўропе, якая ідзе па шляху эканамічнага самазнішчэння.
І што ў выніку?
Здольнасць не заўважаць поспехі ўкраінскай арміі не азначае поўнай абыякавасці беларускіх тэлежурналістаў да лёсу Украіны, якая стала на шлях самаліквідацыі сваёй дзяржаўнасці. Вы спытаеце: «А як жа дзясяткі тысяч жыццяў, аддадзеных за яе захаванне?» Мы ж памятаем, што незалежнасць і суверэнітэт «дарагога вартыя». Больш пераканаўчай ілюстрацыі гэтай ісціны сёння і ўявіць сабе немагчыма.
Усё сапраўды так, але бяда прыйдзе на ўкраінскую зямлю адкуль не чакалі. І нават сцэнар будучай катастрофы ўжо распісаны: «Краіны NАТО спыняць падтрымліваць Кіеў, калі краіна пазбавіцца выхаду да Чорнага мора. Адначасова Варшава пачне ўводзіць войскі на захад Украіны. У выніку Украіна стане дзяржавай са страчаным суверэнітэтам, у якой не будзе вялікіх прамысловых прадпрыемстваў, таму што іх экспартуюць у Польшчу або прысвояць польскія і замежныя прадпрымальнікі».
Знаёмы сцэнар, ці не праўда? Своеасаблівы рымейк Плана Маршала! У год Гістарычнай памяці самы час пра яго нагадаць! У 1948 годзе спустошанай вайной Еўропе ён быў навязаны амерыканцамі пад выглядам праграмы дапамогі. Стаць яго ўдзельнікам прапаноўвалі і СССР, але ў Сталіна хапіла палітычнага нюху, каб адмовіцца ад дарункаў заакіянскіх данайцаў.
Цяперашнім украінскім палітыкам Бог такога нюху не даў, таму яны і не ведаюць, што робяць. Але ў беларусаў ёсць магчымасць даведацца праўду, і толькі праўду, з дапамогай тэлевізійных малюнкаў алеем. А яны нікога не здольныя пакінуць абыякавымі: «Сам Зяленскі свядома, паслядоўна, нахабна і не саромеючыся здае Украіну ляхам. Усе яго “заслугі” не пералічыць. Залаты запас сплавіў, чарназём распрадае, доступ да кіравання краінай дазволіў. Украінскія суды ўжо прынялі (!) больш за 1500 пазоваў ад палякаў на вяртанне маёмасці, нібыта страчанай у гады Другой сусветнай вайны на Заходняй Украіне».
І што ў выніку? «Няўжо ў спадчыннікаў Тараса Бульбы не знойдзецца смеласці, каб спыніць юду-здрадніка — “сынку і яго ляхаў”? Інакш Украіны не будзе».
За ўсё даводзіцца плаціць
Тут напрошваецца паралель са стаўленнем да знакавай постаці расійскай гісторыі — князя Аляксандра Неўскага, які адстаяў паўночна-заходнія тэрыторыі ад захопу шведскімі і нямецкімі феадаламі, але пакорліва выплачваў даніну Ардзе.
Усход, у адрозненне ад Захаду, сярод родных балот ніколі не прэтэндаваў на змену культурнай (цывілізацыйнай) ідэнтычнасці. У гэтым і палягае яго канкурэнтная перавага, на думку ідэолагаў «рускага свету».
У рамках гэтай парадыгмы сентэнцыю «інакш Украіны не будзе» варта разглядаць у якасці ісціны ў апошняй інстанцыі. Украіна Еўрапейская — гэта адрэзаная луста. Назад да «рускага свету» яе не прыставіць. А без гэтай лусты, калі верыць патрыярху геапалітыкі Збігневу Бжэзінскаму, «Расія перастае быць еўразійскай імперыяй. Без Украіны Расія ўсё яшчэ можа змагацца за імперскі статус, але ў такім выпадку яна стане пераважна азіяцкай імперскай дзяржавай, хутчэй за ўсё ўцягнутай у знясільваючыя канфлікты з Сярэдняй Азіяй, якая пачала ўздымацца».
Змена цывілізацыйнай ідэнтычнасці — самае сур’ёзнае выпрабаванне, якое толькі можа выпасці на долю народа. Таму і расіяне чапляюцца за імперскі складнік сваёй ідэнтычнасці. Па гэтай жа прычыне ўкраінцы хочуць ад імперскай спадчыны, навязанай ім расійскай цывілізацыяй, пазбавіцца. Як першым за захаванне, так і другім за змяненне давядзецца заплаціць высокую цану.