Багданкевіч: Падобна, што Пуцін ідзе па слядах Лукашэнкі
Станіслаў Багданкевіч, які добра ведаў Барыса Нямцова, называе яго вялікім сябрам Беларусі.
«Нямцоў быў прыхільнікам дэмакратычнага развіцця Расіі і Беларусі. Ён блізка супрацоўнічаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Я з ім неаднаразова сустракаўся і ў Мінску, і ў Маскве. Гэта быў перакананы дэмакрат, які лічыў, што вялікасць Расіі палягае якраз у дэмакратыі, у стварэнні добрых умоваў жыцця для свайго народу. Ён асуджаў агрэсію Расіі супраць Украіны і падтрымліваў дэмакратычныя нацыянальныя сілы Украіны. Канечне, у мінулым гэта чалавек Барыса Ельцына. Ён меў вялізны аўтарытэт, гэта вялікі палітык. Іншая справа, што прапаганда, якая абалваньвае расейцаў, адбілася і на стаўленні значнай часткі расейцаў і да Нямцова, і да апазіцыі. Гэта лідар апазіцыі, адзін з яркіх лідараў. Таму забойства Нямцова — гэта шок. Падобна на тое, што Пуцін ідзе па слядах Аляксандра Рыгоравіча і ў гэтым накірунку. У нас загінулі людзі, і там гінуць. Усё больш адкрыта, каля Крамля, дзе ўстаноўлена маса відэакамер, якія сочаць за рухам. Гэта яўная пазіцыя ўлады, каб запужаць людзей, навесці страх на апазіцыйных палітыкаў».
Карэспандэнт: «Чаму Лукашэнка баяўся Нямцова, аднойчы яму нават адмовілі ва ўездзе ў Беларусь?»
Багданкевіч: «Бо Нямцоў быў прадстаўніком іншай мадэлі развіцця, іншай мадэлі дачыненняў паміж Расеяй і Беларуссю. І таму што ён быў дэмакратам і моцнай асобай. Лукашэнка, безумоўна, меркаваў, што трэба адсекчы апазіцыю ад дэмакратычнай Расіі, ад той часткі Расеі, якая думае, што расейскаму народу было б выгадна ісці цывілізаваным шляхам, шляхам збліжэння з Еўразвязам, ЗША і НАТО. Ад той Расіі, якая лічыць, што краіну трэба развіваць у адзіным дэмакратычным шэрагу на еўрапейскі ўзор, а не на ўзор азіяцкіх алігархаў. А Лукашэнка па сутнасці алігарх нумар адзін у Беларусі. У нас дзяржаўная ўласнасць, але ён стаіць на яе чале аднаасобна. А Нямцоў быў ідэйным праціўнікам сістэмы аўтарытарнай улады што ў Расеі, што ў Беларусі».