БХД стварае альтэрнатыву мясцовым уладам
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» вызначыўся са сваім спісам «прамоўцаў» пад час кампаніі ў мясцовыя Саветы. У гэты спіс увайшоў 181 чалавек, хаця першапачаткова планавалася высунуць 213 персаналіяў. Але, у адрозненне ад іншых палітычных структураў, перашкоды ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў тут не пры чым — дзеянні ўладаў больш брутальныя. Пра ўсё гэта лідэры БХД распавялі на прэс-канферэнцыі 20 студзеня.
Найперш, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі адзначыў, што яшчэ восенню мінулага года БХД прыняла адмысловае рашэнне наконт выбарчых кампаній у Беларусі. Згодна з ім, ніводныя выбары не могуць лічыцца легітымнымі да таго часу,пакуль у краіне існуюць палітвязні, пакуль захоўваецца абмежаванне для ўдзелу ў выбарах асуджаных па палітычных матывах (сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец застаюцца асуджанымі па справе Плошчы 2010 года, і не могуць балатавацца нават у мясцовыя Саветы), пакуль не існуе празрыстага падліку галосоў і складаная сітуацыя са свабодамі прэсы і масавых сходаў. Таму БХД кажа не пра «выбары», а пра «мясцовую кампанію», і не пра «кандыдатаў у дэпутаты», а пра «прамоўцаў», якія будуць даносіць да беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці бачанне БХД адносна сённяшняй і будучай сітуацыі ў Беларусі.
Такім чынам, па словах Садоўскага, сябры БХД зарэгістравалі 181 ініцыятыўную групу па вылучэнні «прамоўцаў» на гэтую кампанію. 45 чалавек пойдуць «у народ» у Мінску, 7 – па Мінскай вобласці, 40 — па Віцебскай вобласці (уключаючы Навполацак), 38 — па Гродзенскай, 26 — па Магілеўскай, 12 — па Гомельскай і 13 — па Брэсцкай абласцях. «Як мы зараз бачым, у асноўным ініцыятыўныя групы нашых хаўруснікаў з ліку палітычных партый не рэгіструюць з-за таго, што яны не ўлічылі змены ў Выбарчы кодэкс. Мы папрацавалі з нашымі юрыстамі, і таму адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у нас амаль што не было», — паведаміў Садоўскі.
Аднак 32 чаалвека ўсё ж «сышлі з дыстанцыі». Прычына гэтаму, па словах Віталя Рымашэўскага, ў надзвычайнай актыўнасці ўладнага рэпрэсіўнага механізму. «Ужо зараз мы адзначаем тры віды ціску на нашых актывістаў, на тых, хто меўся браць удзел у выбарчай кампаніі. Першы: уключэнне адміністрацыйнага рэсурсу, і пагрозы таго, што людзі, якія пойдуць на гэтую кампанію, будуць адлічаныя з вучобы альбо звольненыя з працы. Другі від — наўпроставае запужванне.
Напрыклад, у адносінах нашага рэгіянальнага кіраўніка ў Брэсце Зміцера Шурхая — па суседзях, па знаёмых ходзяць людзі, якія прадстаўляюцца «з сілавых органаў», і распытваюць пра Шурхая, адначасова сцвярджаючы, што ён злачынца, выказваюць пагрозы і гэтак далей. Днямі Шурхай звернецца ў пракуратуру з гэтай нагоды, але факт ёсць. Трэці выпадак — пагроза крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пінскаму каардынатару аргкамітэта па стварэнні БХД Сяргею Сухаверхаму Пінская міжраённая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», — адзначыў Рымашэўскі.
Аднак, не ўсе «прамоўцы» — людзі вядомыя і «засвечаныя». Як адзначыў Віталь Рымашэўскі, прыкладна палова з іх вылучаецца ў першы раз, і плануе «памацаць» беларускія выбары сваімі рукамі. Акрамя таго, каля 500 новых валанцераў плануецца выставіць на кампанію назірання за працэсам галасавання. То бок, патэнцыял для ўдзелу ў тым, што БХД называе «выбарчым фарсам», у аргкамітэта па стварэнні партыі ёсць.
Але калі не выбары, то што? Навошта БХД выстаўляе сваіх прамоўцаў? Каб патлумачыць людзям, што ў краіне ўсё дрэнна? Дык тое людзі і без БХД ведаюць. Насамрэч, мэта больш масштабная. БХД пад час мясцовых выбараў ставіць перад сабою масштабную задачу: стварыць у Беларусі «альтэрнатыўную ўладу», для пачатку — ў выглядзе органаў мясцовага самакіравання.
«Абапіраючыся на працу Рады народных дэпутатаў, мы вызначылі асноўнай задачай стварыць на лакальным узроўні органы народнага мясцовага самакіравання ва ўсіх населеных пунктах, дзе пражывае больш за 30 тысяч чалавек. Гэтая праца не спыняецца на мясцовых выбарах — такія органы мы плануем стварыць напрацягу двух гадоў», — адзначыў Рымашэўскі.
Мэта БХД, па словах Рымашэўскага, палягае ў тым, каб пад час спробаў вырашэння мясцовых праблемаў стварыць мясцовае самакіраванне: адпаведныя структуры, у якія будуць звяртацца людзі за вырашэннем мясцовых праблемаў. У перспектыве, такія органы будуць аказваць ціск на ўладу (напрыклад, шлахам збору подпісаў) па вырашэнні праблемаў, аказваць юрыдычную ды іншую дапамогу грамадзянам Беларусі на месцах. Фактычна гэта азначае, што мясцовае самакіраванне заменіць сабою мясцовыя Саветы альбо мясцовыя адміністрацыі.
Гэта значыць, што найперш у гэтую мясцовую кампанію «прамоўцы» ад БХД будуць збіраць подпісы ў сваю падтрымку вельмі своеасаблівым чынам. Мінімальная колькасць подпісаў будзе збірацца за вылучэнне так званым «кандыдатам», і максімальная — пад патрабаваннямі вырашэння праблемаў горада, альбо населенага пункта, альбо рэгіёна. Напрыклад, паведаміў Рымашэўскі, у Оршы жахлівая сітуацыя з медычнай дапамогай — і подпісы будуць збірацца пад патрабаваннем вырашыць гэтую праблему. У Брэсце і Гродна працягваецца кампанія за арганізацыю малога памежнага руху паміж Беларуссю і суседнімі краінамі. Адпаведна, жыхары будуць патрабаваць вырашэнння гэтай праблемы, стварэння пешаходных памежных пераходаў і гэтак далей.
Выключэннем застаецца Мінск, дзе актыўнасць па вырашэнні мясцовых праблемаў і так высокая. У Мінску будуць прасоўваць нацыянальную антыалкагольную кампанію. «Мала таго, што маленькая Беларусь займае першае месца ў свеце па ўжыванні алкаголю, дык у нас яшчэ і 10% афіцыйна хворых на алкагалізм — гэта дзеці і падлеткі», — жахнуўся Рымашэўскі.
Таму ў сталіцы будуць збіраць подпісы за тое, каб алкаголь прадаваўся ў спецыяльных асобных крамах, за абмежаванне часу продажу алкаголю, і за тое, каб дзяржава бясплатна давала памяшканні тым арганізацыям, якія дапамагаюць людзям пазбавіцца алкагольнай залежнасці. «Напрыклад, клубу «Ананімных алкаголікаў» вельмі цяжка збірацца, бо памяшканняў няма. Да таго ж «Ананімныя алкаголікі», як і многія іншыя арганізацыі, зараз пазбаўленыя ільготнай стаўкі арэнды офісных памяшканняў», — адзначыў Рымашэўскі.
Варта дадаць, што з гэтых 181 «прамоўца» 48 ідзе па лініі Маладых хрысціянскіх дэмакратаў. Адпаведна і патрабаванні ў іх больш радыкальныя і ў чымсці больш папулісцкія. Найперш, акцэнт будзе рабіцца на вяртанні сістэмы поўнай бесплатнай адукацыі, на далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу і на вяртанні студэнтам аднятых у іх ільготаў.
Што ж датычыцца зняцця альбо не зняцця «прамоўцаў» ад БХД напярэдадні галасавання, то тут, па словах Рымашэўскага, усё аддаецца на персанальнае меркаванне саміх «прамоўцаў». Калі недзе будзе арганізаванае добрае назіранне за выбарамі, то там ёсць сэнс ісці да канца. Для таго, каб, па словах Рымашэўскага, не галаслоўна казаць, што «выбараў у нас няма», але на фактах і лічбах прадэманстраваць і грамадзянам Беларусі, і міжнародным структурам, што выбараў няма сапраўды.
Таму ўсё ў гэтай выбарчай кампаніі будзе сапраўдным: і пікеты, і збор подпісаў, і агітацыя, і назіранне. Дарэчы, асноўны ўпор у назіранні будзе рабіцца на фота і відэафіксацыю парушэнняў.
Ну, і, пад час мясцовых выбараў БХД будзе працягваць і свае асобныя кампаніі, такія як кампанія «За сямейныя каштоўнасці», «Свабоду палітвязням» і іншыя. Але што сталася сюрпрызам, дык гэта тое, што БХД прыме ўдзел у праймерыз, які частка апазіцыі будзе праводзіць у дзень мясцовых выбараў, 23 сакавіка, у Бабруйску (http://novychas.info/palityka/prajmieryz_sproba_numar_raz/). А значыць, Бабруйск таксама застаецца «зонай асаблівай увагі» БХД.